Партнеры

Ніка Воранава

Жбанкоў: «Мне цікава жыць. Я бачу перспектыву ў тым, што мы робім»

Новая кніга культуролага і кінакрытыка Максіма Жбанкова «ШокингКульт. Книга перемен», што выйшла ў выдавецтве «Мяне Няма» — спроба асэнсаваць час, у якім звыклыя культурныя сувязі, аўтарытэты і арыенціры больш не працуюць як раней. Сам аўтар кажа, што гэта яго найбольш суб’ектыўная і эмацыйна насычаная кніга.

«Салідарнасць» паразмаўляла з Максімам пра пошук новай беларускай культуры, герояў, якія сыходзяць і не з’яўляюцца ім на змену, і пра тое, як знаходзіць уласную апору ў «пала­маным свеце».

Фота Віялеты Саўчыц

«Перад намі пытанні, на якія не можа даць адказы культура пазаўчорашняга дня»

— Мы апынуліся ў вельмі складаным раскладзе, бо нашая культура ва ўсёй яе разнастайнасці аказалася раскіданай па розных краінах. Структуры суіснавання крэатыву і ўлады часоў адноснай беларускай стабільнасці да 2020 года цяпер ужо не працуюць, — разважае Максім Жбанкоў. — Адбываецца  відавочная фрагментацыя беларускай культуры.

З аднаго боку назіраем шматвектарны культурніцкі пошук, з другога — спробы аднавіць страчаныя сувязі паміж тымі, хто культуру робіць, тымі, хто яе прасоўвае, і тымі, хто яе спажывае. На ўсіх узроўнях ёсць шмат праблем.

Варта дадаць: мазаічнасць і хаатычнасць сучаснай беларускай культуры не мае нічога агульнага з банальным падзелам на «дзяржаўнае» і «недзяржаўнае». Сярод тых, хто займаецца недзяржаўнай культурай, у тым ліку ў эміграцыі, ёсць самыя розныя паводле прыхільнасцяў і ўзроўню працы творцы і творы.

Тое самае адбываецца і ў Беларусі. З аднаго боку, працуюць патаемныя культурніцкія ініцыятывы з умоўнай здольнасцю ўплываць на падзеі.  З другога — шчыруе шумавая прадзяржаўная культура. Нарэшце, ёсць спажывец, які жыве ў гэтай лапікавай прасторы і спрабуе шукаць у ёй сваё. І гэта яшчэ без уліку шматлікіх знешніх уплываў. Фактычна беларуская культура сёння існуе ў сітуацыі неадназначнасці ды невідавочнасці.

— Які адбітак, па-вашаму, на людзей пакідае тое, што беларуская культура сёння рэпрэсуецца? Я перыядычна размаўляю з людзьмі ў Беларусі, якія хаваюць літаратуру, чысцяць гісторыю праслухоўванняў у музычных сэрвісах, баяцца публічна праяўляць свае культурныя густы.

— Каб змястоўна адказаць на гэтае пытанне, трэба, пэўна, знаходзіцца ў краіне. Але як я гэта бачу: цяпер у краіне культура жыве ў фармаце чыста беларускага партызанскага руху. Адзін са слухачоў майго відэаблогу на YouTube напісаў аднойчы: «Я цябе слухаю, але хутка». То бок прага якаснага культурніцкага прадукту захоўваецца, але вымушана абірае спецыфічныя формы.

Але і па-за межамі краіны таксама маем няпростую сітуацыю. Бо шмат ў якіх крэатыўных колах прысутнічаюць канцэптуальная недабудаванасць, недадуманасць, недарэфлексаванасць новай рэчаіснасці. У сітуацыі выязной культурніцкай актыўнасці бачым творчую інерцыю, выкарыстанне ўжо загадзя вядомых рэчаў і бясконцых самапаўтораў. І гэта, як на мяне, — самае праблемнае ў наяўным стане беларускай культуры. Мы ў выдавецтве «Мяне Няма», раўно як нашы калегі — музыкі, мастакі, кінарэжысёры, — спрабуем гэта выправіць.

Фактычна размова ідзе пра пошук новай беларускай культуры — на жаль, збольшага па-за межамі Беларусі. Зрэшты, адсюль не вынікае, што гэтая культура больш не беларуская. Вынікае, што беларускасць ператвараецца ў чэлендж, які патрабуе дадатковай працы і канцэптуальнай перазагрузкі.

Белкульт сёння — адкрытая тэрыторыя крэатыўных зрухаў без гарантый поспеху.

— А ці сапраўды тое, што падаецца ўжо вядомым і засвоеным, настолькі добра засвоена беларусамі? Можа, мы яшчэ не паспелі як след з гэтым разабрацца?

— З таго, што хтосьці, скажам, прачытаў поўны збор твораў Караткевіча, не вынікае, што ён дасць сабе рады ў наяўнай сітуацыі. Бо мы жывём тут і цяпер — не ў 70-я ці 90-я. Перад намі паўстаюць пытанні, на якія не можа даць адказы культура пазаўчорашняга дня.

Мы трапілі ў гэтую сітуацыю не па сваёй волі. Мы не былі да яе падрыхтаваныя. Усё, што ў нас было, — пярэсты папярэдні досвед, сумнеўная адукацыя і адкрытая прастора будучыні. А ва ўмовах аварыйнай эвакуацыі наўпрост не валідны ні нашыя ўлюбёныя класікі, ні культурніцкія героі мінулага.

Бачна, як былыя культурніцкія генералы цяпер або маўчаць, або існуюць па-за межамі актыўнага ўплыву на лёсы нацыі. Шмат каго можна паважаць проста за тое, што яны ўжо зрабілі. Але чаго яны вартыя сёння? Я бачу, як папярэднія культурніцкія эліты зараз проста паціху абнуляюцца. А новых такіх герояў амаль не бачна.

Расцярушаная мазаічная культура спараджае тое самае расцярушанае і мазаічнае спажыванне. Таму невідавочнасць — не хвароба і не праблема. Гэта наяўны стан рэчаў. Нармальна, што не кожны беларус любіць усё беларускае, што беларускасць як сумма маркераў ідэнтычнасці не шмат чаго вартая, калі яна не падмацаваная якаснай творчай працай. Цяпер мы пазбаўляемся ад шмат якіх інерцыйных уяўленняў, якія да 2020-га падаваліся натуральнымі.

«Вышываначны» патрыятызм, напрыклад, у свой час зрабіў беларускасць, як сказаў бы Віктар Марціновіч, «маднявай». І шмат каму падавалася, што беларускасць дасяжная праз сістэму простых маркераў — цішотак, налепак, вышыванак і г.д. А цяпер атрымліваецца, што шанаваць сваё значна больш складана — і ў самой Беларусі, і па-за яе межамі.

Таму мне цікавей не героі аўтацытавання, а дызайнеры будучыні.

— Каго тут можаце прывесці ў прыклад?

— Вельмі ўсцешаны з нагоды супольнага альбома Святланы Бень і Яўгена Кучмейны. Лічу, што гэта фантастычна прыгожыя аўтары, і тое, што яны працуюць разам і ствараюць новую якасць, для мяне падстава для шчырай радасці.

Калі казаць пра кіно — тое, што летась на Берлінале была прадстаўлена беларуская стужка Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», зробленая за смешныя грошы, — выбітная падзея. А калі казаць пра літаратуру, можна ўзгадаць тэксты тоні лашдэн.

Фота Віялеты Саўчыц

Пра што новая кніга Максіма Жбанкова?

«ШокингКульт. Книга перемен» — кніга пра досвед жыцця пасля 2020-га года і спробу знайсці мову для рэальнасці, у якой звыклыя арыенціры, сувязі і ўяўленні пра будучыню ўжо не працуюць.

Кніга вырасла з аднаіменнага відэаблогу Жбанкова і стала адным з яго самых асабістых выказванняў — пра беларускую культуру, эміграцыю, перамены і ўласны досвед апошніх гадоў. Сам аўтар называе яе сваёй найбольш суб’ектыўнай і эмацыйна насычанай кнігай.

Жбанкоў апісвае «ШокингКульт» як своеасаблівы інтэлектуальны стэнд-ап: тут спалучаюцца эмацыйныя хронікі апошніх гадоў, вострыя рэакцыі на тое, што адбываецца, самаіронія і пошук новых словаў для новай рэальнасці. Гэта не кніга з гатовымі адказамі, а асабістае выказванне, у якім, як спадзяецца аўтар, іншыя таксама змогуць пазнаць сябе.

Кніга выйшла ў 2026 годзе ў выдавецтве «Мяне Няма».

— Хочацца таксама закрануць тэму прысутнасці расійскай культуры ў Беларусі. Сёння адзін і той жа расійскі артыст можа прыязджаць у Беларусь з канцэртамі некалькі разоў на год, у той час як магчымасць паехаць на выступы беларускіх ці замежных артыстаў у Еўропу ёсць далёка не ва ўсіх. Як такая сітуацыя, калі расійская культура фактычна выцясняе альтэрнатывы, уплывае на беларусаў?

— Альтэрнатыва ёсць заўсёды. Прынамсі, спажываць або не. Гэта першае. Па-другое, мы, дзякуй богу, існуем не ў сітуацыі позняга Савецкага Саюза — усё ж такі ёсць адкрытая інфармацыйная прастора. Калі не хочаш ісці афлайн на ўмоўныя «Руки Вверх!», можна спакойна анлайн далучыцца да таго, што робіць, напрыклад, Аляксандр Чарнуха. Я тут не бачу праблемы на ўзроўні выбару спажывання — гэта залежыць ад густу і развіцця культурніцкай самасвядомасці.

Іншая справа, што існуе культурніцкая палітыка дзяржавы. І тое, што зараз у ёй адбываецца, — гэта адкрытае спрыянне культурніцкім інтэрвенцыям з расійскага боку. Гэта рэальная праблема, якая вырашаецца толькі адукацыяй і гадаваннем крытычнага мыслення.

З аўтарытарным кіраваннем культурай немагчыма змагацца праз аналагічнае аўтарытарнае кіраванне, толькі з іншага боку. Галоўная альтэрнатыва аўтарытарнай культуры — унутраная асабістая свабода. Гэтую свабоду і варта гадаваць. Гэта і ёсць найбольш эфектыўны шлях да беларускай свядомасці.

«Мне цікава жыць. Я бачу перспектыву ў тым, што мы робім, і мне гэта падабаецца»

— Сёння шмат людзей разважаюць пра тое, якой будзе Беларусь пасля перамен. У вашай кнізе ёсць фраза «ўсё роўна прыйдзе не жаданае, а магчымае». Што гэта за магчымае, як вы яго ўяўляеце?

— Я не займаюся пражэкцёрствам. Адзін з вынікаў 2020-га — гэта кароткае праектаванне, разуменне, што рэчаіснасць настолькі зменлівая і непрадказальная, што ніякіх доўгатэрміновых планаў рабіць не варта. Усё адно знешнія фактары, якія ўплываюць на агульную сітуацыю і якіх мы не заўсёды бачым, унясуць свае карэктывы. Дакладна будзе не тое, што мы планавалі. І гэта нармальна.

Фота Віялеты Саўчыц

— У анатацыі да кнігі ёсць пытанне: «Як жыць і думаць у паламаным свеце?». Вы для сябе на яго адказалі?

— Тое, што адбываецца зараз са мной асабіста, — а кніжка як раз пра гэта і кажа, — акурат і ёсць адказам,

«ШокінгКульт. Кніга перемен» — напэўна, мая найбольш суб'ектыўная і эмацыйна насычаная кніга. У ёй я знайшоў сябе як новага райтара — чалавека са свежым слоўнікам і нязручнай інтанацыяй, значна больш адкрытага. Гэта іншы ўзровень шчырасці, крытычнасці — і аўтаіроніі. Вось такі новы слоўнік для новых часоў.

Мне падаецца, што тут ёсць свая праўда. Праўда беларускага дзэну — руху насуперак відавочнаму, руху ў адсутнасці цудаў, у сітуацыі прынцыповай неадназначнасці твайго існавання і разумення, што хуткіх пазітыўных вынікаў не будзе. Бо белкульт у сваім наяўным стане — гэта, з аднаго боку, практыкі трывання, з другога — практыкі крэатыўнай адкрытасці, з трэцяга — практыкі інтэграцыі ў еўрапейскі культурны лад. І, як ні дзіўна, у гэтай катастрафічна прыгожай сітуацыі мы маем пэўныя шанцы на поспех.

— Вы шмат кажаце пра эмоцыі, называеце сваю кнігу эмацыйна насычанай. А ці не бяруць сёння эмоцыі верх над намі?

— Як на мяне, гіперэмацыйным быў 2020-й год, асабліва тое, што адбывалася наўпрост пасля выбараў. Масавы вулічны перформанс, плынь пачуццяў, якія, зрэшты, па вызначэнні не маглі перамагчы машыну гвалту..

Але што рабіць зараз, калі мы пазбаўленыя вастрыні моманту? Думаю, мяняцца непазбежна і натуральна. І тут пытанне не ў тым, каб дазваляць сабе быць эмацыйнымі ці адмаўляць сабе ў такім праве — гэта смешна і немагчыма. Важна разумець эмоцыі, якія мы абіраем для сябе як натуральныя. Ці дапамагаюць яны нам жыць — альбо наадварот? Вось тут здольнасць збіраць эмоцыі, якія нясуць у сабе святло, — найлепшы шлях. Асабліва, калі маеш з кім імі падзяліцца.

У эміграцыі я набыў вялікую колькасць кантактаў, моцную суполку новых сяброў, вельмі цікавыя творчыя каманды. Мне цікава жыць. Я бачу перспектыву ў тым, што мы робім, і мне гэта падабаецца. Падабаецца асабістая незалежнасць. Падабаецца часам нават нашая расчуленасць — але яна не змушаная, не трагічная, Гэта проста чалавечая цеплыня.

— Чаму варта прачытаць «ШокингКульт. Книга перемен»?

— Таму што пра гэта ніхто не піша так, як я. Тут пэўны кураж і ўнутранае аўтарскае рок-н-рольнае шаленства спалучаюцца з моцнай хваляй пазітыўнага стаўлення да нашай непрадказальнай сітуацыі, у якой мы набываем новыя скілы і магчымасці, робімся мацнейшымі. Гэта інтэлектуальны стэнд-ап, дзе ёсць вострыя думкі ды трапныя мэсіджы. Мне падаецца, гэтага дастаткова. Усё астатняе хай вырашае чытач.

Набыць кнігу Максіма Жбанкова «ШокингКульт. Книга перемен» выдавецтва «Мяне Няма» можна тут.

Партнёрскі матэрыял.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)