Общество

Як жыць і дзе зарабляць, калі ты — беларускі музыка?

Ці былі ў Беларусі часы, калі на музыку можна было жыць? Ці можа яна ўвогуле быць прафесіяй? І ці ёсць у гэтых пытаннях менавіта беларуская спецыфіка? Budzma паразмаўляла пра гэта з беларускімі музыкаў розных кірункаў.

Можа падавацца, што беларускія музыкі, як і ва ўсім свеце, зарабляюць на продажы хітоў і фанатах. Аднак для тых, хто ў тэме, відавочна іншае: на ўласнай музыцы ў Беларусі не зарабляе амаль ніхто. Але, лічаць музыкі, у яе вялікая будучыня.

— Ты хто?

— Я музыка.

— Добра, а працуеш кім?

Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт гурта VOLSKI ў Вільні, 2024 г. Фота Яўгена Ерчака

Хлястоў, Клышэўскі і праца ў таксі

Згодна з апытаннем Музычнага саюза, праведзеным сярод 6000 чалавек у Вялікабрытаніі, у сярэднім адзін музыка мае 3-4 працы. Падобную карціну паказваюць і даследаванні навукоўцаў з той жа краіны. Згодна з іншымі даследаваннямі, музыкі не могуць сябе цалкам забяспечыць музыкай.

У Беларусі такіх апытанняў няма, як і даследаванняў, таму пра сітуацыю ў нас мы распавядзем на прыкладах. Спойлер — сітуацыя ў Беларусі падобная да Вялікабрытаніі, але не факт, што гэта добра. На музыцы зарабляюць адзінкі — казаў у 2013 годзе музычны эксперт, стваральнік праекта Experty.by Дзмітры Безкаравайны. 

— Думаю пайсці папрацаваць у таксі, — піша ў сацсетках музыка з вядомага гурта «Тяни-Толкай» Павел Клышэўскі. Каментатары параілі яму пракансультавацца ў поп-зоркі Аляксея Хлястова, які ў таксі працуе ўжо некалькі год і хоча вярнуцца назад на «вялікую сцэну».

Сёння ноччу даведаліся, што з кансультацыяй будзе складана — жонка музыкі-таксіста паведаміла ў Трэдс, што Аляксея затрымалі і зараз ён знаходзіцца на Акрэсціна.

Клышэўскі скардзіцца, што канцэрты гурт даваць не можа, бо музыкі забаронены «па прозвішчах» — і там жа, у каментарах, яго пытаюць, ці не варыянт канцэртаваць на большым рынку Расіі.

Вялікая сцэна ці малая, але пытанні ў музыкаў падобныя: як зарабіць і за што жыць?

— Са сметніка звольніўся некалькі месяцаў таму, то маю, што сказаць, — адказвае Уладзь Бернат, музыка з вядомага гурта Dzieciuki са шматгадовай гісторыяй. — 3,5 гады смеццевозам праездзіў ззаду, бакі грузіў. На жаль, жыць за кошт толькі музыкі мне не даводзілася, але гэта, канешне, прыемная падпрацоўка часамі.

Уладзь Бернат. Фота з асабістага архіву музыкі

Дагэтуль музыкі з больш ці менш пазнавальнымі імёнамі часта сумяшчаюць сцэну з іншай працай — гэта паказваюць і публічныя гісторыі, і інтэрв’ю. Яны працуюць у таксі і на будоўлях, у лагістыцы і праграмаванні і на іншых працах.

«Сустрэў Пашу-басіста, настроенага сур’ёзна». Як зарабіць музыкай?

Каб зарабіць менавіта музыкай, трэба прыкласці намаганні. Даход музыкантаў складаецца з мноства розных крыніц, і кар’ера будуецца на працяглым працэсе назапашвання рэсурсаў, а не кропкавым поспеху.

Адна опцыя — сэрвісная музыка, ці аказанне паслуг. Па пошукавым запыце ў сеціве можна знайсці рэпартажы пра кавер-гурты, якія выступаюць па замове і да ўласнай творчасці ставяцца скептычна:

— Раней я граў сваю музыку, але потым сустрэў Пашу, басіста, настроенага больш сур’ёзна, і мы вырашылі сабраць кавер-бэнд, — казаў у далёкім 2018 годзе Мікіта, лідар Kiwi band.

Сярод іншых спосабаў заробку — дзяржаўная сцэна, дзе, па словах кіраўніка «Першай прадзюсарскай кампаніі» Сяргея Мінскага, прынамсі па стане на 2024 год «заробкі былі вышэй за сярэдні па краіне», а таксама экстравагантныя опцыі накшталт працы на круізных лайнерах. Зарабіць таксама можна граннем на інструментах на вуліцы ў Беларусі ці за мяжой — да 100 і 150 еўра ў самы ўдалы дзень (так, гэта не жарт).

З больш вытанчаных варыянтаў — рознага кшталту выкладанне музыкі, ад індывідуальных заняткаў да музычных школ, і нават студыі гуказапісу — іх супрацоўнікі звычайна «ў тэме» грання на інструментах і разбіраюцца ў стылях, а не проста адміністратары.

Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт гурта VOLSKI ў Вільні, 2024 г. Фота Яўгена Ерчака

Ці можна зарабляць сваёй музыкай?

Навошта столькі намаганняў? З-за любові да музыкі і імкнення, як з прыдыханнем кажуць, «граць сваё». Граць сваё не так проста — па-першае, яго трэба спачатку стварыць, па-другое, трэба зрабіць так, каб гэта слухалі, любілі і пажадана плацілі.

Канцэрты дазваляюць атрымліваць ганарары, але не ўсім і не заўсёды — часам гурт, наадварот, сыходзіць у мінус па выдатках чыста на выступ, не ўлічваючы рэпетыцый, кошту інструментаў (па некалькі соцень еўра ці болей) альбо запісу трэкаў.

— Каб жыць і зарабляць музыкай, якую граем мы, трэба вельмі доўга і старанна гэтай музыкай займацца задарма і граць за дарогу і ежу. Па меншай меры, так мне здаецца, — кажа Уладзь Бернат з гуртоў Dzieciuki і RaState.

Хаця ўсё, сказанае вышэй, не закранае гісторыі поспеху, напрыклад, як у гурта Molchat Doma (яго ўдзельнікі раней працавалі электрыкам, каменшчыкам і зваршчыкам).

Прыбыткі ад гастроляў

Ну і, нарэшце, важная тактыка — ехаць на гастролі і даваць канцэрты. Не блытаць з гастролькамі — паперкай-дазволам на канцэрт у Беларусі.

Даследчыкі з ЗША кажуць, што ў іх краіне значная доля даходу музыкаў — траціна ці палова — ідзе з жывых выступаў. Але наяўнасць гастроляў не гарантуе прыбытак, і вялікія ганарары атрымлівае толькі каля 1% артыстаў («суперзорак»).

Заробкі музыкаў у Беларусі могуць адбывацца сезонна — на днях горада, фестывалях і іншых падзеях. Пад графік гастроляў падстройваецца астатняе жыццё. Зарабіць гастролямі проста па беларускіх гарадах цяжкавата, бо публіка можа і ўвогуле не сабрацца (магчыма, таму што няма культурнай нормы хадзіць на канцэрты і плаціць за іх).

Ускосна гэта пацвярджаюць словы Сяргея Будкіна ў 2019 годзе пра тое, што ў Беларусі музычны рынак не адладжаны. Cумы ганарараў у Мінску і Маскве непараўнальныя, казаў у 2013 годзе пра поп-сцэну генеральны дырэктар канцэртнай агенцыі «Атом Интертеймент» Андрэй Аляксееў.

Беларускі музычны рынак увогуле хутчэй інтэграваны з расійскім, чым сусветным — таксама адзначаў Будкін у 2019-м. Прыкладна ў той жа перыяд беларускія гурты часта ездзілі на гастролі ў Расію, але пасля 2022 года па зразумелых прычынах сталі менш ездзіць.

Такім чынам, спосабаў зарабіць музыкай у Беларусі (і за яе межамі), здаецца, нямала — ад кавераў да дзяржаўных сцэн. Праблема ў іншым: большасць з іх дазваляюць выжываць, але не заўсёды — расці.

Паміж андэграўндам і «вялікай сцэнай» тут (але не толькі ў Беларусі) амаль не бачна сярэдняга класа, які б мог стабільна жыць з уласнай музыкі. Даследчыкі бачаць прорву паміж высокімі і вельмі нізкімі даходамі — хоць развіццё лічбавых тэхналогій і памяншае яе.

— Ёсць вялікая колькасць прыкладаў людзей, якія атрымліваюць папулярнасць і фінансавую незалежнасць значна хутчэй, што з развіццём тэхналогій непазбежна. І, канешне, гэта мяне вельмі радуе, — выказвае падобную думку Уладзь Бернат.

Тры стратэгіі выжывання, калі ты шырока вядомы ў вузкіх колах

Ці былі ў Беларусі часы, калі на музыку можна было жыць? Ці можа яна ўвогуле быць прафесіяй? І ці ёсць у гэтых пытаннях менавіта беларуская спецыфіка? Мы апыталі музыкаў розных кірункаў, якія дзесяцігоддзямі застаюцца ў сферы, хоць іх творчыя шляхi ніколі не дазвалялі расслабіцца.

Нашых герояў аб’ядноўвае тое, што, нягледзячы на ўдзел у сусветных фэстах, альбомы ў часы «балванак» (пустых дыскаў для перазапісу любімых песень з пірацкіх копій) і канцэрты маштабу клуба Prime Hall, яны ніколі не адчувалі сябе мегапапулярнымі.

— Усе мае праекты, і тэатральныя, і музычныя, — яны заўсёды былі вельмі індзі. Мы былі шырока вядомымі ў вельмі вузкіх колах, і гэта ніколі не дазваляла нам жыць у нейкай раскошы, — кажа Света Бень (кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба»).

— Але калі шчасціла і было шмат канцэртаў, мы маглі дазволіць сабе больш нідзе не працаваць. Праўда, такія перыяды цягнуліся нядоўга. Я заўсёды хапалася за любыя праекты, дзе можна было штосьці зарабіць, бо музыка прыносіла заробкі, якіх хапала роўна на тое, каб зняць пакой і жыць там сям’ёй з чатырох чалавек — у адным пакойчыку ў такой вясёлай камуналцы.

Света Бень. Фота з асабістага архіву Светы Бень

Багацце разам з вядомасцю не прыйшло адразу і да Мікіты Найдзёнава (гурт HURMA, праект «СамШазам»). Для яго музыка стала полем для ўкладанняў:

— У маім выпадку гурт HURMA заўсёды быў як інвестыцыйны праект. Мне гэта проста падабалася, таму я займаўся музыкай нават не за грошы. Хаця з часам, трэба зазначыць, частка выдаткаў вярталася аўтарскімі адлічэннямі за ратацыю песень на радыё.

Мікіта Найдзёнаў. Фота: Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік (з асабістага архіву Мікіты Найдзёнава)

Пра цікавы феномен падзелу кар’еры на два кірункі — «для душы» і «для заробку» — распавядае Андрусь Такінданг (Recha, Harotnica).

— Музычная папулярнасць у маім выпадку — гэта досыць умоўны тэрмін. Лепей казаць пра адносную, эпізадычную паспяховасць. Першы поспех прыйшоў да гурта Recha ў 2005 годзе, калі мы патрапілі на фэсты ў Польшчу. Для нас, пачаткоўцаў, ганарары тады ўспрымаліся як прыемны, але не абавязковы падарунак, — узгадвае Андрусь. — Дзесьці пасля 2010 года Recha стала менш граць на вялікіх фэстах, а болей выступаць на «местачковых» святах, карпаратывах і юбілеях.

Творчая папулярнасць нібыта зменшылася, але прыбытак ад музыкі павялічыўся. Першыя 5 гадоў мы ўкладаліся ў гурт, а пасля ён стаў прыносіць сціплы прыбытак. Паралельна мой іншы праект Harotnica выступаў на адной сцэне з сусветнымі зоркамі: Rihanna, Nick Cave & The Bad Seeds, Arctic Monkeys... Але калі параўноўваць, які гурт больш зарабляў, то Recha быў фінансава больш паспяховым.

Андрусь Такінданг. Фота: nastya_kassiopea_ (з асабістага архіву Андруся Такінданга)

Сонграйтынг, каверы і тэатр. Колькі прафесій павінен мець артыст, калі яго прозвішча не Корж

Ці можа музыка быць прафесіяй? І ці варта артысту спадзявацца толькі на сваю творчасць?

— Натуральна, што музыка — гэта і прафесія, і бізнес, і пакліканне, — упэўнены Мікіта Найдзёнаў. — Апроч аўтарскай музыкі ёсць шмат іншых сфер, дзе можна сябе прымяніць: саўндтрэкі, сонграйтынг, кавер-выкананні, выступленні на круізных лайнерах ці ў барах. І ўсё гэта толькі малая частка.

Дарэчы, гучных заяваў пра распад гурта HURMA і не было:

— У нейкі момант я адчуў, што «не страляе», не робіцца папулярным у глабальным плане — і вырашыў спыніцца, — узгадвае Мікіта. — Затое праз два гады дзякуючы гэтаму я стварыў новы музычны праект «СамШазам».

Андрусь Такінданг лічыць, што многія беларускія музыкі ўдзельнічалі адразу ў некалькіх гуртах акурат таму, што спрабавалі зрабіць музыку сваёй асноўнай прафесіяй:

— У Беларусі змарнела шмат таленавітых калектываў, бо яны не змаглі зарабляць сваёй творчасцю. Першыя гады артысты трымаюцца на энтузіязме, але, калі праект доўга не прыносіць грошай, а толькі вымагае выдаткаў — ён знікае, — лічыць Андрусь. — Я граў паралельна ў некалькіх праектах, бо гэта дапамагае існаваць за кошт музыкі і спрыяе творчаму выказванню. Калі ты не суперзорка ўзроўню «Молчат Дома» ці Макса Каржа, трэба мець розныя праекты, граць у розных калектывах, часам выступаць сольна. І быць гатовым да нестабільнасці.

Света Бень таксама лічыць, што музыка можа быць адзінай працай, але добра мець запасныя варыянты для заробку:

— Так, як кожнае рамяство, музыка можа быць класнай прафесіяй. Але трэба зразумець: у складаныя часы людзі не так радасна развітваюцца з грашыма, каб заплаціць музыкам. Я б вельмі параіла кожнаму паралельна мець рамяство, якое будзе запатрабаваным у любым выпадку: быць столярам, слесарам альбо мець правы кіроўцы. Мяне заўсёды ратавала тое, што мая асноўная дзейнасць — рэжысёр тэатра лялек, а таксама сумежныя сферы: педагогіка, напісанне п’ес ці музыкі для спектакляў.

У той жа час, калі ты займаешся музыкай як «высокім служэннем», высокай місіяй, то вельмі непажадана спалучаць гэта з іншай працай. Тады трэба быць гатовым да вельмі аскетычнага існавання і свядома прыняць такі шлях. Гэта не вельмі рацыянальнае, але вельмі важнае рашэнне.

Дзіцячая цікаўнасць супраць звыклых «стоп-знакаў» і недарэчнага часовага стану беларускай музыкі

Фінансавыя складанасці ўзнікаюць толькі ў беларускіх музыкаў, ці ва ўсім свеце так? Нашы героі параўноўваюць уласны досвед з заходняй індустрыяй і разважаюць пра «недарэчны стан», у якім апынулася культура сёння.

Андрусь Такінданг лічыць, што сёння далёка не лепшыя часы менавіта для беларускіх музыкаў, але гэта часова:

— Цяпер уся Беларусь разам з музыкамі знаходзіцца ў дужа асаблівых умовах. Вядома, творчыя працэсы на Бацькаўшчыне не спыняюцца: людзі ствараюць тэксты, музыку, ладзяць выступы. Але вялікая доля беларускіх канцэртаў адбываецца па-за Радзімай — і гэта недарэчны, часовы стан.

Мікіта Найдзёнаў адзначае, што праблемы індустрыі ў Беларусі маюць даўнія карані:

— Беларускія варункі адрозніваюцца ад заходніх. Хаця б тым, што ў нас індустрыя заўсёды мела трошкі аматарскі падыход — і ў гэтым няма нічога абразлівага. Я маю на ўвазе ўсю сістэму з лэйбламі, кантрактамі і распаўсюдам. Але творчыя праблемы шмат дзе падобныя: расчараванні, стомленасць, унутраная канкурэнцыя. А яшчэ ў беларускіх артыстаў заўсёды было больш забарон і «стоп-знакаў». Хоць тады, калі мы пачыналі, для нас доўгі час гарэла «зялёнае святло».

Света Бень, якая цяпер жыве і працуе ў Германіі, бачыць падобныя праблемы і на сусветным узроўні:

— Такая сітуацыя з музыкамі — яна ва ўсім свеце. У Берліне гэта асабліва відаць, бо тут вельмі высокая канкурэнцыя. Трэба быць вельмі цікавым творцам, каб цябе заўважылі, каб ты трапіў на пляцоўку ці знайшоў месца для рэпетыцый. Усе музыкі, якіх я ведаю, займаюцца дзвюма-чатырма справамі адначасова: хтосьці робіць масаж, хтосьці таксуе ці працуе перакладчыкам. Гэта ўласцівая гісторыя для берлінскіх артыстаў любой нацыянальнасці.

Калі табе не дасталася кватэра ад бабулі, ты імкнешся мець дадатковае рамяство. Але нельга ўнываць! Трэба быць жвавым і не баяцца спрабаваць новае — гэта ўзбагачае твой асноўны творчы шлях і дапамагае выжыць у гэтым цяжкім свеце з дзіцячай зацікаўленасцю да ўсяго.

Зарабляць музыкай vs быць інжынерам

З аптымізмам глядзяць на сітуацыю заснавальнік гурта «Leibonik» Сяргей Башлыкевіч і музычны менеджар і дыджэй Papa Bo — Аляксандр Багданаў.

Papa Bo (Аляксандр Багданаў). Фота: euneighbourseast.eu

Аляксандр Багданаў каля 15 гадоў быў дырэктарам канцэртнай агенцыі, рабіў канцэрты, фестывалі, прывозіў гурты ў Беларусь, рабіў туры беларускім і замежным гуртам па свеце, выдаваў плыткі, вінілы, CD, дзіджытал-альбомы.

— Ну і зараз я займаюся гэтым жа, я раблю канцэрты, музычныя праекты, фестывалі і прадзюсую Свету Бень, Анастасію Рыдлеўскую і яшчэ некалькі гуртоў, а таксама займаюся кансалтынгам у музычнай сферы. Я больш нічым не займаўся ніколі. Вось ўжо 20 гадоў я займаюся толькі музыкай у розных кірунках, — кажа ён.

«Прайм эрай» у асабістай кар’еры Аляксандр Багданаў называе гады з 2010 па 2015: калі такія гурты, як, напрыклад, «Серебряная свадьба», «Кассиопея» ды ŠUMAзараблялі дастаткова, каб не проста існаваць, а добра жыць. Пасля 2015-га Аляксандр Багданаў цалкам прысвяціў свой час прасторы «Корпус», і перыяд пасля 2015-га называе «безграшовым».

Сяргей Башлыкевіч фармулюе так: ён глядзеў і глядзіць на музыку як на істотную частку жыцця, нерэгулярную, але ўсё ж такі працу — што праўда, працу без грошай. Зарабляць Сяргей заўжды планаваў працай інжынерам. Што ж тычыцца фінансавага складніка гурта Leibonik, Сяргей распавёў:

— Перыяду нейкай асаблівай папулярнасці не памятаю, людзі заўжды да нас хадзілі вельмі самааддана. Насамрэч на кароткай дыстанцыі тур, канцэрт, удзел у фестывалі заўжды акупаецца з невялікім, нават хіба сярэднім прыбыткам, — кажа ён.

— А вось на доўгай дыстанцыі такія рэчы, як набыццё інструментаў, арэнда рэпетыцыйнай кропкі і шмат чаго яшчэ, дагэтуль не акупіліся ні па грашах, ні па ўкладанні часу. У гэтым сэнсе баланс так і не перайшоў у станоўчы бок.

Сяргей Башлыкевіч

«Нараканні на тое, што ўсё кепска, я не прымаю»

Што датычыць сітуацыі ў Беларусі, Аляксандр Багданаў катэгарычна адмаўляецца ад пазіцыі ахвяры: «Мне здаецца, што для нашай невялікай краіны насамрэч з музыкай усё норм», — кажа ён.

Як і ў любой краіне, заўважае Аляксандр Багданаў, ёсць афіцыйная эстрада, ёсць кіслотная папса, ёсць шмат электроннай музыкі, шмат рознага аўтэнтычнага андэграўнду, розных жанраў і кірункаў, якія не зарабляюць грошы. Але існуюць і незалежныя зоркі, гурты, якія зрабіліся вельмі паспяховымі на міжнароднай сцэне, якія ў тым ліку і добра зарабляюць.

— Здаецца, усё як у любой невялікай еўрапейскай краіне. Нараканні на тое, што ўсё вельмі кепска, я проста не прымаю.

Калі я, напрыклад, запытаю у вас штосьці пра сучасную незалежную музычную сцэну Бельгіі, наўрад ці вы будзеце ў стане пра яе распавесці — а там таксама шмат прыгожых артыстаў, вельмі цікавых, але нікому не вядомых. А пра некалькі беларускіх гуртоў ведае ўвесь свет, — кажа Аляксандр Багданаў.

— Канешне, такія абмежаванні, як чорныя спісы, цэнзура, масавая эміграцыя музыкаў, адсутнасць магчымасці выступаць у Беларусі без выказвання лаяльнасці — гэта кепска. Але мы не змірымся з доляй. У нас унікальны шлях музычнай сцэны, і ён прыносіць і яшчэ прынясе свае плады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)