Харысава: «На адну пляцоўку, якая радыкальна прапіхвала ідэю, што Лукашэнка і Пуцін — гэта нармальныя хлопцы, стала менш»

Паліталагіня Аліна Харысава — пра ўплыў на Беларусь выбараў у Венгрыі, а таксама чаму Лукашэнка, у адрозненні ад Расіі, павіншаваў з перамогай Мадзьяра.

— Лукашэнка вельмі прагматычны ў гэтых пытаннях. Бачыць, што абраўся хтосьці новы — значыць, трэба з ім наладжваць кантакты, бо ён яшчэ нічога дрэннага пра яго не сказаў, — кажа Харысава ў эфіры Еўрарадыё. — Маўляў, трэба выбіць сустрэчу і расказаць, які я насамрэч тут круты. Хаця я схіляюся да таго, што з Ціханоўскай ён (Мадзьяр, — С) хутчэй сустрэнецца.

Аліна Харысава

Мадзьяр не займае суперпраўкраінскую пазіцыю. Ён дакладна больш праўкраінскі, чым Орбан, і хоча падтрымліваць санкцыі. Але ён не хоча пастаўляць зброю і вельмі моцна выступае ў абарону ўгорскай меншасці ў Румыніі і ва Украіне. То бок яму таксама важныя пытанні, якія эксплуатавала прапаганда Орбана.

І Мадзьяр, адказваючы на пытанне пра Расію, сказаў, што хоча сядаць з ёй за стол перамоваў. І Лукашэнка такі: ага, перамовы — я таксама хачу ўдзельнічаць у іх.

Калі абіраецца новы лідар, гэта адразу акно магчымасцяў — трэба лезці туды і наладжваць нейкія сувязі. Таму зразумела, чаму ён яго павіншаваў. На беларускім тэлебачанні пры гэтым даволі асцярожна апісваюць Мадзьяра, але там столькі крытыкі на Еўразвяз, быццам узялі ўсю палітычную агітацыю Орбана і проста ўставілі туды віншаванне Мадзьяру з перамогай.

Перамога Петэра Мадзьяра, тлумачыць паліталагіня, азначае, што ў Венгрыі больш не будзе пазіцыі, якая блакуе санкцыйныя спісы і розныя рашэнні па Беларусі.

— З іншага боку, у Еўропе застаюцца сілы, якія могуць гэта рабіць. Таксама я бачу магчымыя наступствы ў тым, што правы паварот у Еўропе можа спыніцца. Яна стане больш згуртаванай. І гэта дазволіць менш трансляваць наратывы пра неабходнасць аднаўлення стасункаў з Лукашэнкам.

На адну пляцоўку, якая радыкальна прапіхвала ідэю, што Лукашэнка і Пуцін — гэта нармальныя хлопцы, стала менш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)