Сяржук Шаліга: «Зараз у Амерыцы цэлыя раёны, дзе жывуць выхадцы ўжо ў трэцім-чацвёртым пакаленні з Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны»

Як у Філадэльфіі з’явіліся бел-чырвона-белы сцяг і маскі з Венецыі, пра святкаванні Дня Волі і Купалля, ды навошта ўсё гэта патрэбна беларусам, якія з’ехалі з Радзімы ў мінулым стагоддзі, «Салідарнасці» распавёў кіраўнік Belarus FREEDOM-Philadelphia Сяржук Шаліга.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»  ​​​​​​

Суполка беларусаў Філадэльфіі ўзнікла ўлетку 2020-га. Калі адчулі надзею, што ў гэты раз, нарэшце, штосьці можа змяніцца. 

— Мая жонка Воля прапанавала яднацца і нам, беларусам Філадэльфіі, калі мы пабачылі мітынгі ў розных кутках Беларусі. Калі пабачылі вялікі мітынг у родным Наваполацку ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Калі пачалі падымацца беларусы Злучаных Штатаў. Сан-Францыска, Нью-Ёрк, Чыкага…

Мы далучыліся ды кінулі кліч у фэйсбуку. Былі ўражаныя, колькі беларусаў сабралося на наш самы першы івэнт. Але ж драйверам стала не вельмі прыемная сітуацыя...

Рыхтуючыся да першага івэнта, Сяржук і Воля напісалі яе сяброўцы ў Менск, ведаючы, што муж яе — вядомы блогер MozgON Уладзімір Цыгановіч.

— Звярнуліся, каб ён распавёў на сваім канале пра нашу акцыю ў Філадэльфіі. Але калі дазваніліся, даведаліся, што Валодзю арыштавалі, а пасля асудзілі на велізарны тэрмін, разам з Ціханоўскім, Лосікам, Статкевічам.

Уладзімір і сёння за кратамі. Таму на кожным нашым івэнце партрэт Цыгановіча, распавядаем пра яго лёс, робім усё магчымае, каб вызваліць з лукашэнкаўскіх кіпцюроў.

Пазней мы пазнаёміліся з музыкамі з гурта Tor Band, якія сталі душой пратэста. Яны не маглі прыехаць у Штаты, і мы зладзілі віртуальны канцэрт намаганнямі АБА.

Музыкі Tor Band, на вялікі жаль, зараз таксама за кратамі. Таму разам з партрэтам Валодзі Цыгановіча ў нас заўсёды побач і партрэт гурта Tor Band.  

Суполка беларусаў Нідэрландаў збірае на Купалле 200-300 чалавек, некаторыя нават прыязджаюць на святкаванне з Беларусі. Але ж некаторыя баяцца прыходзіць, бо сцягі ды ці мала што. Як у вас?

— У нас два вялікіх свята штогод — Дзень Волі і Купалле. На Дзень Волі прыходзіць каля 300-400 чалавек. Івонка Сурвіла кожны год дасылае нам асабісты ліст віншаванняў для беларусаў Філадэльфіі на Дзень Волі.   

Купалле мы праводзім у дзяржаўных парках, дзе абмежавана колькасць наведвальнікаў. Таму максімум было 120 чалавек. У гэтым годзе знайшлі прыватную пляцоўку ды плануем запрасіць больш беларусаў.

Дзень Волі — палітычнае мерапрыемства, Купалле больш пра беларускую гісторыю і традыцыі. Таму тыя, хто баіцца палітыкі і сцягоў, ідуць да нас на Купалле.

Ладзім яго ўжо шосты год. Танчым у лесе, пяём песні, цэлы рытуал ёсць, калі людзі праходзяць праз спецыяльную браму. Робім спартыўную віктарыну, уначы у нас сайлент дыска (ўдзельнікі танчаць у бесправадных слухаўках, каб не перашкаджаць іншым).

Што тычыцца страху, то мы з’ехалі з Беларусі 27 год таму. У маёй жонкі ў Беларусі нікога не засталося, маёмасці ў нас там няма. У мяне засталася мама.

Я не быў у Беларусі з 2017-га, але ж на мяне там заведзена крымінальная справа за маю дзейнасць у Амерыцы. За тое, што 24 лютага 2022-га абліў чырвонай фарбай лукашэнкаўскі сцяг. Для мяне гэта сымбаль крыві ўкраінцаў на руках Лукашэнка і яго паплечнікаў.

Мяне нават аб’явілі ў вышук у Беларусі і Расіі. І да маёй мамы перыядычна прыходзяць «госці», КДБ ці Следчы камітэт. Не ведаю, што яшчэ больш яны могуць зрабіць.

Што тычыцца іншых беларусаў ды іх страху, то на кожным івэнце мы робім аб’яву, што ў нас ёсць маскі, ці можаце надзець свае.

Але з гэтага года, адпаведна з пазіцыяй Трампа да мігрантаў, у беларусаў з’явіўся яшчэ адзін вялікі страх. Тыя, хто прыехаў пасля 2020-га, — у большасці палітычныя ўцякачы. Яны тут легальна, але іх кейсы зараз разглядаюцца ў дзяржсістэме, чакаючы рашэння суда.

Былі ўжо выпадкі, калі такія беларусы прыходзілі ў міграцыйную службу на тэрміновую праверку (ладзяцца кожны год), а іх затрымлівалі ды адпраўлялі ў нешта падобнае да нашага сіза.

Здаралася, калі беларус сядзеў там месяцы, чакаючы рэзюмэ па затрыманню. Без аніякіх аргументаў — праверка і ўсё.

Наша суполка дапамагае беларусам, што апынуліся ў такой цяжкой сітуацыі праз сувязі з мясцовымі ўладамі, кангрэсменамі і сенатарамі.

Гэта вельмі новая для нас справа. Да прыхода Трампа такога «палявання» на мігрантаў у Штатах не было. Гэта звязана з яго асабістай міграцыйнай палітыкай. Кангрэсмены і сенатары ад дэмакратаў ці адэкватныя рэспубліканцы падаюць пазовы ў амерыканскія суды, каб прызнаць гэту практыку незаконнай. І яна датычыцца не толькі беларусаў.

Сітуацыя, на жаль, вельмі нагадвае нам Беларусь. Чалавека могуць трымаць месяцы, нічога не кажучы — «разбіраемся». У большасці такія беларусы абсалютна законапаслухмяныя, няма ніякіх крымінальных спраў.

Былі сітуацыі, калі беларуская сям’я прыходзіла на гэтую праверку, а пасля жонку з дзіцём адпускалі, а мужа затрымлівалі на некалькі месяцаў. Потым вызвалялі не без нашай дапамогі. 

— Бачу фота студзеня 2022-га ў вашай стужцы, дзе побач з чырвона-зялёным сцягам на слупе ліхтара вісіць наш бчб.

— Яшчэ ў 2020-м мы ішлі калонай па Алее сцягаў Філадэльфіі. Уздоўж вуліцы вісяць сцягі 146 краінаў, у тым ліку і РБ. Тады на маіх плячах быў павязаны бел-чырвона-белы. І я падумаў: а што, калі дадам да слупа наш сапраўдны сцяг? Забраўся на слуп ды павязаў.

І нарадзілася такая традыцыя. Наша арганізацыя з’яўляецца захавальнікам сапраўднага беларускага сцяга на гэтай амерыканкай алеі. Гарадскія ўлады пра гэта ведаюць, разумеюць і дазваляюць.

З офісам мэра Філадэльфіі штогод падымаем наш бел-чырвона-белы сцяг, калі ўдзельнічаем у праграме «Уздымі свой сцяг». Мы не можам узняць яго на гарадскім флагштоке, але ўздымаем яго, вялікі-вялікі, побач. І такім чынам адзначаем Дзень Волі.

Нядаўна мы былі на мерапрыемстве ў Браяна Фіцпатрыка, нашага мясцовага кангрэсмэна, які падтрымлівае Беларусь і Украіну. Амерыканцы амаль не ведаюць, што такое Беларусь, дзе яна знаходзіцца і пра яе праблемы. Мы распавядалі не толькі пра культуру, гісторыю і месца знаходжання, але і пра палітычную сітуацыю. Пра тое, што ў нас ёсць дыктатар, з якім змагаемся, але ж нам трэба і перамагчы.

Гістарычна Н’ю-Ёрк, Філадэльфія і Чыкага — тры гарады, куды беларусы ехалі да рэвалюцыі 1917-га. Тады ў Амерыку на працу ездзілі цэлыя вёскі. Працавалі на заводах, фермах, маглі жыць там па году і вярталіся адпачываць дадому.

Зараз у Амерыцы цэлыя раёны, дзе жывуць выхадцы ўжо ў трэцім-чацвёртым пакаленні з Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны. Хваля дзевяностых-нулявых — гэта мы ўжо ехалі да сваіх, у тыя ж месцы.

А што за венецыянскія маскі ў бел-чырвона-белых колерах?

— Калісьці ў нас з жонкай быў бізнэс, інтэрнэт крама, дзе мы прадавалі такія маскі. Атэлье ў Венецыі шыла іх для нас з пап'е-машэ на замову.

У 2020-м я папрасіў сваіх сяброў з Венецыі зрабіць серыю бел-чырвона-белых масак. Зараз мы прапануем іх тым беларусам на нашых імпрэзах, хто клапаціцца пра бяспеку.      

— А як прайшла ваша сустрэча з Святланай Ціханоўскай і потым з Сяргеем?

— У нас пазіцыя, што мы падтрымліваем культуру і традыцыі Беларусі, усіх прымаем, але не падтрымліваем нічый бок. Ёсць іншыя суполкі беларусаў Амерыкі, якія, напрыклад, топяць за Зянона і нават размаўляць з іншымі прадстаўнікамі не жадаюць.

Мы запрашаем усіх, бо дапамагаем розным гасцям сустрэцца з беларусамі Філадэльфіі. Прыязджалі палітыкі, мы дапамагалі ладзіць тут канцэрт Міхалка, J:Морса, Лявона Вольскага і шмат каго яшчэ.

Мы сустрэліся з Святланай яшчэ ў Н’ю-Ёрку, падчас яе першага візіту ў ЗША. Яна выступала ў ААН, а пасля мітынгу атрымалася пазнаёміцца і паразмаўляць. Два гады таму яна прыехала да нас у Філадэльфію. Працуем і з яе камандай, Франакам Вячоркай.

Святлана — адкрыты чалавек, і беларусам вельмі прыемна з ёй сустракацца. Таму наша мерапрыемства атрымалася дужа цёплым.

Тое самае магу сказаць і пра сустрэчу  з Сяргеем Ціханоўскім. Прыйшло шмат людзей, яго вельмі цёпла прымалі і падтрымалі. Бо, здаецца, калі Сяргей даехаў да нас, прайшоў усяго месяц ад яго вызвалення з турмы. І ён потым нам распавёў, што Філадэльфію запомніў як адну з самых лепшых і добрых сустрэч з беларусамі.

Хтосьці падумае, што вы з’ехалі з Беларусі яшчэ ў мінулым стагоддзі то што вам да яе праблем?

— Мы шмат пра гэта размаўлялі. Глядзіце, чалавек спачатку дасягае сваіх мэтаў, каб атрымалася добрая праца, дзеці выраслі. Але, калі ты ўжо не марнуеш свой час, каб выжыць, як гэта было ў нас тут спачатку, — з’яўляецца жаданне штосьці аддаваць. На самой справе гэта не так пафасна, бо дапамагаючы іншым мы таксама штосьці атрымліваем і для сябе. Мы ва ўласных вачах вырастаем, бо нам прыемна дапамагаць. І людзі кажуць нам «дзякуй».

Зрабілі Дзень Волі — нам кажуць: «Як жа прыемна! Дзякуй! Вы Naviband да нас прывезлі!» Ці людзі прыехалі на Купалле, узгадалі дзяцінства, прывезлі сваю сям’ю, распавялі малым пра наша беларускае свята.

Ці калі беларускаму палітычнаму ўцякачу патрэбен наш ліст падтрымкі, каб вырашыць свой кейс. Мы яго ведаем і, канешне ж, дапаможам. Бо дзякуючы нашаму лісту беларус выйграе суд у Амерыцы. Уяўляеце яго эмоцыі і падзяку?

Вельмі-вельмі прыемна дапамагчы суайчынніку! Гэта надзвычай моцны рухавік і стымул. І тое, што прыдае сэнс і радасць нашаму жыццю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)