Адпаведна будзе зніжацца ўзровень заробкаў, будзе памяншацца колькасць працоўных гадзін. Прадпрыемствы пачнуць вырабляць тавары на склад ці будуць вымушаны прадаваць іх па меншых коштах.
Рыжычэнка: «З прааналізаваных намі 700 прадпрыемстваў 90% аказаліся стратнымі»
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па пытаннях эканомікі Аліса Рыжычэнка — пра стан беларускай эканомікі, які не выклікае аптымізму.
Сусветны банк у чарговы раз пагоршыў прагноз росту ВУП Беларусі. Паводле яго чакання, у гэтым годзе ён знізіцца з 1,3% да 1,1%, у 2027-м эканоміка нашай краіны вырасце ўсяго на 0,8%, а ў 2028-м — на 0,7%.
Беларускі ўрад, насуперак усім прагнозам, зацвердзіў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, згодна з якой ВУП краіны плануецца павялічыць на 16% за будучую пяцігодку.
— Тым не менш мы зараз назіраем пачатак стагнацыі эканомікі, — адзначыла Аліса Рыжычэнка на Еўрарадыё. — Шмат залежыць ад таго, што будзе адбывацца ў расійскай эканоміцы, дзе запавольваецца попыт на беларускія тавары.
Таму мы і бачым зніжэнне ВУП. Дакладна, прамысловасць паказвае зніжэнне больш, чым на 3%.
Экспертка падкрэслівае, што беларусы павінны разумець, якімі будуць наступствы.
— Зараз, па звестках BELPOL, больш за 500 беларускіх прадпрыемстваў пераарыентаваны на вытворчасць для расійскага ВПК. Астатнія працуюць па грамадзянскім кірунку, але таксама для расійскага рынку. Таму любое зніжэнне паказчыкаў у РФ будзе ўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі.
Гэта значыць, што яны зноў будуць вымушаны браць крэдыты, каб выплачваць заробкі і падаткі.
Такое становішча не можа не адбіцца на жыцці простых беларусаў, якія атрымліваюць гэтыя заробкі, ідуць у крамы, купляюць тавары і г.д. Да таго ж восенню паскорыцца тэмп інфляцыі.
Чаканні чыноўнікаў пра рост эканоміцы на 16% за пяцігодку Рыжычэнка лічыць марнымі.
— Сталы рост эканомікі павінен быць забяспечаны нейкім тэхналагічным, інавацыйным прарывам. Нічога такога мы не назіраем. У прадпрыемстваў няма грошай на кітайскае абсталяванне і тэхналогіі.
Падчас падрыхтоўкі будучых рэформаў дзяржсектара мы з камандай вывучалі фінансавы стан прадпрыемстваў, каб адабраць частку ў пілотны праект. Пасля аналізу сярод 700 вытворчасцяў амаль што 90% аказаліся стратнымі.
Асабліва гэта датычыцца Віцебскай вобласці. Там практычна ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы з’яўляюцца стратнымі.
Стан беларускай эканомікі і менавіта дзяржаўных прадпрыемстваў зараз вельмі дрэнны. Кожны год яны патрабуюць усё больш грошаў з дзяржаўнага бюджэту, якія патэнцыйна маглі б пайсці на тое ж навуковае развіццё, тэхналагічныя распрацоўкі ці сацыяльную падтрымку насельніцтва.
Але гэтыя сродкі будуць накіраваны на падтрымку стратных прадпрыемстваў, каб тыя наўпрост працавалі і выраблялі тое, што нікому не патрэбна.
Напрыклад, так, мы бачым, адбываецца на тым жа «Камволі», пра які чарговы раз зайшла гаворка напярэдадні. Яго кіраўніца Лугіна, якая дагэтуль кіравала Беллегпрамам, зараз скардзіцца на тое, што беларусы дрэнна працуюць за свае 8 гадзін.
Але трэба паглядзець на стан прадпрыемства, у мадэрнізацыю якога ўклалі больш за 100 млн долараў. Зараз 50% новага абсталявання не працуе, яно закансервавана, таму што нікому не патрэбныя тыя тавары, якія робяць на сённяшнім «Камволі».
Таму не мае ніякага значэння, колькі працуюць на прадпрыемстве — 8 гадзін ці 12, калі няма куды прадаваць гэтыя тавары.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное