Филин

Наталля Север

Радзь: «Украіна яшчэ можа ўзняць стаўкі, на лесвіцы эскалацыі ў яе яшчэ ёсць прыступкі, па якіх можна падымацца»

Аналітык Праграмы расійскіх і беларускіх студый Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Павел Радзь у каментары Филину — пра «ўльтыматум Зяленскага».

— Рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі працавалі і раней. Напачатку гэтага года ўкраінскі бок заяўляў пра тое, што Беларусь наладзіла на сваёй тэрыторыі працу рэтранслятараў, якія дазваляюць Расіі карэктаваць і каардынаваць работу сваіх БПЛА, — нагадаў Павел Радзь. — У лютым міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў паведаміў, што абсталяванне на беларускай тэрыторыі, якое было пагрозай для Украіны, выведзена з ладу.

І тады менавіта сама Украіна гэта зрабіла.

Таму, думаю, што Зяленскі зараз выставіў ультыматум Лукашэнку не столькі з ваенных, колькі з палітычных прычынаў.

Украіна зараз актыўна рэалізуе адноўлены падыход для таго, каб усадзіць Расію за стол перамоваў. Па словах Фёдарава, краіна мае стратэгію «air-earth-economy» (паветра-зямля-эканоміка), якая ставіць перад сабой мэту дасягнуць тры мэты.

Павел Радзь

Першая — максімальна знішчаць расійскія паветраныя цэлі, ёсць задача збіваць 95% усёй зброі, якая ляціць у паветраную прастору Украіны.

Другая — цалкам спыніць расійскае прасоўванне на фронце, а месцамі адкінуць расіян з іх пазіцый, то-бок здзяйсняць невялікія контрнаступы.

І трэцяя задача, па сутнасці, падарваць расійскую эканоміку, менавіта нафтавы сектар, каб Расія не мела магчымасці фінансаваць вайну.

Мяркую, што і ўльтыматум Лукашэнку выстаўлены ў сувязі з выкананнем гэтых мэтаў. Зяленскі, калі выстаўляў ультыматум, згадваў пра рэтранслятары, таксама ён казаў пра беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, якія пастаўляюць нафтапрадукты ў РФ. Ён адзначыў, што гэта таксама зацягвае пытанне завяршэння вайны.

Такім чынам Украіна, з аднаго боку, хоча прымусіць Лукашэнку часткова адмовіцца ад дапамогі РФ, каб набліжаць дасягненне пастаўленых мэтаў.

З іншага боку, Украіна стварае пэўную глебу, каб да моманту, калі пачнуцца перамовы, яна магла размаўляць з Лукашэнкам з пазіцыі сілы, таму што ў выпадку спынення вайны патрэбна будзе фармаваць нейкія рамкі для існавання ўжо самой Беларусі.

Рабіць гэта з пазіцыі сілы патрэбна, каб дыктаваць умовы Лукашэнку і не дапусціць ніякіх магчымых правакацый або пагроз.

— Калі Украіна ўжо аднойчы вывела з ладу рэтранслятары, якія былі на беларускім баку, ці могуць украінскія войскі і цяпер зрабіць гэта бяспечна для тых, хто жыве побач?

— Наколькі я разумею, тым разам гэта адбылося пры дапамозе адпаведных тэхнічных сродкаў. Я не ваенны эксперт, але, сыходзячы з таго, што казаў Фёдараў, не было фізічнага ўмяшання.

На мой погляд, нават калі Лукашэнка не выканае ўмовы ўльтыматуму, Украіна ўстрымаецца ад удараў па беларускай тэрыторыі і выведзе рэтранслятары з ладу зноў нейкім падобным шляхам.

Сумняюся, што ў дадзены момант Украіна гатова да таго, каб насамрэч здзейсніць удар па беларускай тэрыторыі і нейкім чынам перакінуць частку баявых дзеянняў на паўночную мяжу.

— Дык у чым тады сэнс ультыматуму, чаму Лукшэнка павінен спужацца і выканаць умовы?

— Калі Зяленскі казаў пра ўмовы, якія выстаўляе беларускаму боку, ён ужыў фармулёўку, што рэтранслятары будуць «знішчаны», але не ўдакладніў, якім спосабам. Ён пакінуў прастору для розных інтэрпрэтацый, таму што знішчыць сапраўды можна па-рознаму — і больш далікатна, як тое ўжо адбылося, але можна і фізічным спосабам, напрыклад, ударам.

Мы не ведаем, які варыянт яны абяруць. Мяркую, што гэта невядомасць і палохае больш за ўсё беларускі бок. Бо ў Мінску бачаць, якую ўпэўненасць у сваіх дзеяннях набыла Украіна ў апошнія месяцы, як яна актыўна і паспяхова ажыццяўляе ўдары па расійскай тэрыторыі.

Таму, канешне, існуюць тэарэтычныя рызыкі, што адпаведныя ўдары могуць адбыцца і па беларускай тэрыторыі. Нават калі Украіна зноў сама выведзе з ладу рэтранслятары, яна можа папярэдзіць, што пакідае за сабой права дзейнічаць далей больш жорстка.

У любым выпадку Украіна яшчэ можа ўзняць стаўкі, на гэтай лесвіцы эскалацыі ў яе яшчэ ёсць прыступкі, па якіх можна падымацца, і аргументы, якія яна можа выкарыстаць у гульні з рэжымам Лукашэнкі.

Здаецца, беларускі бок адчувае пэўны стрэс. Сам гэты факт нявызначанасці, неразумення — ці гэта блеф, ці гэта рэальныя пагрозы, думаю, прымушае нервавацца і рэагаваць.

Дарэчы сёння ў расійскіх каналах з’явілася інфармацыя, нібыта ў Беларусі перасталі працаваць сім-карты расійскага аператара МТС. Пачакаем, ці можна пацвердзіць гэтую інфармацыю. Калі ўсё так, тады можна казаць пра тое, што ў Мінску спрабуюць штосьці рабіць, каб засцерагчы сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(5)