«Мельнікава казала, што апынулася ў эміграцыі дзякуючы жонцы міліцыянта»

Мастачка, паэтка і грамадская дзеячка з Нясвіжа Наталля Бордак, якую шмат хто ведае пад псеўданімам Наталка Хвоя, распавяла «Салідарнасці» пра былую спікерку Каардынацыйнай Рады Анжаліку Мельнікаву, якая спачатку таямніча знікла з Польшчы, а пасля, выглядае, апынулася ў Беларусі.

— Некаторыя агульныя знаёмыя не вераць ні ў цяперашнія фота, ні ў тое, што пішуць зараз пра Анжаліку.

У 2020-м яна ладзіла акцыю на роварах са сцягамі па парку. А пасля, былі ў доме яе маці, Анжаліка запрасіла. Дом добры, прыгожа вакол, гарбату пілі. Неяк цяжка ўявіць, што яна магла аказацца са спецслужбаў.

— Але ж дзве кватэры ад яе імя нібыта набылі нядаўна...

— Дзіўна ўсё гэта, загадкава. Калі ў Анжалікі была свая кватэра, якую спачатку апячаталі ворганы, потым вярнулі, — тады навошта яшчэ дзве? І чаму не паказваюць па БТ? Пакажыце ўжо жыўцом!

Нібыта звоніць бацьку, размаўляе, а ён Анжаліцы патэлефанаваць не можа. Дзіўная гісторыя, цьмяная, заблытаная — у Нясвіжы падазрона ставяцца да ўсяго гэтага.

Першы раз Анжаліку пабачыла напрыканцы лета 2020-га на мітынгу, калі людзі сабраліся насупраць палаца Радзівілаў. Тады ж асабіста і паразмаўляла з ёй. У той час Мельнікава смела выказвалася ў адрас дзеючага рэжыму, і пра фальсіфікацыю выбараў, і пра далейшыя дзеянні, і шмат іншага.

Калі Анжаліку засудзілі, яна з сям’ёй адразу з’ехала. Пісала, што яе папярэдзіла знаёмая. Жонка міліцыянта.

Я з Анжалікай нейкі час яшчэ перапісвалася. І разам былі ў чаце «Свободный Несвиж», у мяне яшчэ застаўся скрын фота ад 8 сакавіка 2021-га: «Павіншуем нашых актыўных змагарак!» 

Адзін час Анжаліка нават спрабавала дапамагчы. У 2020-м, калі мяне забралі, напісала пра гэта ў фэйсбуку.

Пасля маіх содняў, ведаючы, што жывем на адну маю пенсію, бо сыноў пазвальнялі, Анжаліка запосціла на сваёй старонцы ў сацсетцы некалькі маіх карцін. Хтосьці нават адгукнуўся і набыў.       

— Вы распавядаеце пра мітынгі ды падтрымку Анжалікі. Але ж хтосьці падумае, што калі яна ўжо атрымала заданне, то і паводзіла сябе адпаведна. Ажно з 2020-га.

— Дык мы і на суд да Анжалікі прыходзілі, чалавек 20 сабралася. І відэа было, але ж яе старонка пачышчаная, выдаленыя і відэа, і фотаздымкі. Не ведаю з якога часу, напэўна ж, сама павыдаляла. Калі той суд перанеслі, бо шмат людзей прыйшло, Анжаліка выйшла на прыступкі, ды рэзка раскрытыкавала і працу суда. Выказала ўсё, што хацела ў бок супрацоўнікаў ворганаў. Адзін з якіх настойліва прасіў разыйсціся.

Памятаю, што на старонцы Анжалікі былі фотаздымкі, дзе яна са сваёй маці на фоне мора. І з дачкой быў фотаздымак, калі малодшая ў Беластоку ў школу пайшла, прыгожыя такія.

Прыкра, што гісторыя атрымалася вельмі бруднай. Нібы падмянілі жанчыну, я ж ведала зусім іншую Анжаліку, спагадлівую (прынамсі, так выглядала), прамалінейную, актыўную. Дакладна, стаіш, як на раздарожжы, не ведаючы — верыць ці не?

Калі Анжаліка ўжо ў Беластоку жыла, то больш холадна мне адказвала. А потым і ўвогуле выдаліла. І з чата, і з тэлеграма, вясной 2021-га.

Цалкам інтэвью з Наталляй Бордак чытайце ў пятніцу, 17 красавіка

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(5)