Максім Шышко: «Размаўляць – гэта таксама атака»

Актор і рэжысёр, украінец Максім Шышко распавёў «Салідарнасці», што хацеў давесці сілавікам, чаму выкінулі з Беларусі, забараніўшы ўезд на 10 год, і пра звальненне з РТБД.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Максім нарадзіўся недалёка ад Берасця, але з украінскага боку, у сяле Здомышаль на Валыні. Скончыў там чатыры класы, у 1999 годзе з сям’ёй пераехаў у Беларусь, дзе і жыў да пачатку 2022-га.

У 1993-м і 1996-м (першакласнік)

Максім вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на курсе Зоі Белахвосцік, потым 6 год працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, выходзіў на сцэну пад кіраўніцтвам Аляксандра Гарцуева. Апошні і падпісаў заяву аб звальненні па ўласным жаданні ў верасні 2020-га.  

— Першы раз я напісаў заяву 11 жніўня. Яна была імпульсіўная, пасля сустрэчы ўсіх працаўнікоў тэатру. Я выказаў сваю пазіцыю, але мяне супакоілі, сказалі: «ну, пачакай, яшчэ не прынята калектыўнае рашэнне, не аддзяляйся ад нас».

Ніхто ў моманце не ведаў, што рабіць і як правільна. Ведалі толькі, што няправільна: што б’юць і забіваюць людзей на вуліцах. Кідаюць у турму ні за што, катуюць.

Мы ведалі, што праўда на нашым баку, але не ведалі, што з гэтым рабіць. У вачах калег было пытанне: «Звальняцца? Рабіць забастоўку ці ствараць страйкавы камітэт?»

Я пачакаў да верасня, пабачыў, што нічога не адбылося і звольніўся сам.

Тады казаў калегам, што калі мы не атакуем, то самі будзем атакаваныя, і ўсе апынемся на Акрэсціна.

— Гарцуеў падпісваў вашу заяву?

— Так, Аляксандр Фёдаравіч – сумленны чалавек і тады ўсё разумеў. РТБД для мяне быў домам, а калегі – сям’ёй, і зараз ёй застаюцца. Маё рашэнне яны ўспрынялі неадназначна.

Я тлумачыў, што мы застаемся з аднаго баку барыкадаў, і мой учынак не пра тое, што «вы не можаце», а я вольны гэта зрабіць. Гэта проста мой выбар. Бо мне карціць, баліць і таму звальняюся.

Сваім звальненнем Максім намагаўся паказаць, што гэта магчыма, «можам і ўсе гэта зрабіць». Прынцыпова не працаваць на сістэму і рэжым. Паказаць, што ад яго не залежым.

— Я разумеў, што ўсё пачалося не ў 2020-м. Але падчас пратэстаў 2010-га я, можа, неяк пабаяўся іх адкрыта падтрымаць.

Ну, праўда, магу адкрыта сказаць, пабойваўся, таму што ў мяне ўкраінскае грамадзянства і ведаў, чым гэта можа скончыцца. У выніку так і скончылася (усміхаецца). Рана ці позна, як і да мяне, гэта дойдзе да ўсіх.

У 2020-м я зразумеў, што не магу больш бачыць гэтую сістэму і маўчаць. Бачыць цэнзуру, адсутнасць свабоды слова і творчасці, што яны проста душаць і душаць, і з кожным годам усё больш.

Кавід таксама выкрыў шмат праблем, калі мы засталіся сам-насам з гэтай хваробай. Збіралі грошы лекарам у шпіталі, развозілі гуманітарную дапамогу, прадуктовыя наборы, вазілі ваду. Аказалася, што ў такой стрэсавай і крытычнай сітуацыі дзяржава на нас пляваць хацела. З кавіда ўсё гэта і пачалося, гэта была першая ластаўка пратэстаў 2020-га.

Як атрымалася, што вы пайшлі на антываенны пікет, а ў выніку вас выкінулі з Беларусі, забараніўшы ўезд на 10 год?

— Гэта маё эмацыйнае рашэнне. Скажам так, у мяне адбыўся нервовы зрыў.       

Я не спаў да 27 лютага, ад пачатку вайны сядзеў на валанцёрскіх сайтах, дапамагаў каардынаваць украінцаў з палякамі, якія стаялі на мяжы і падтрымлівалі суседзяў: хтосьці аўтатранспартам, хтосьці даваў начлег, убранне, ежу.

Мой эмацыйны імпульс выліўся ў тое, што я захацеў пагаварыць з беларускімі сілавікамі. Трэба было іх папрасіць, каб яны не ўключаліся ў гэты ваенны канфлікт.

Тое, што адбылося ў Беларусі, — гэта жах, але вайна ва Украіне — ўвогуле трагедыя.

Ясна, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ехала тэхніка і атакі былі, зараз рэтранслятары працуюць. То бок краіна-агрэсар, безумоўна.

Але найгоршага пакуль не адбылося, беларуская армія не ўдзельнічала адкрыта ў гэтай вайне. І адна з матывацый майго пахода на антываенны мітынг была паглядзець сілавікам у вочы і сказаць, каб яны ні ў якім разе ў гэтым не ўдзельнічалі. Бо ўжо нарабілі шмат няшчасцяў у Беларусі, і можа скончыцца яшчэ большай трагедыяй.

Атрымалася пагаварыць?

— Мяне запрасілі ў бус, там і пачаў. Яны былі ўсе ў балаклавах, неслі мне казаць пра Бандэру, усю гэтую расейскую прапагандысцкую лухту. Я адказваў, што не было ніводнай вайны, калі б беларусы ваявалі з украінцамі.

Не лічу сябе разумнейшым за іх, але не мог больш бачыць, як атручаныя прапагандай людзі робяць усе гэтыя зверствы. Потым і са звыклымі міліціянтамі размаўляў, і з губопікам. Не бачыў іх твараў, але ж гаварыў. Намагаўся размаўляць з усімі, каго бачыў.

Адзіны, з кім не хацеў і не змог паразмаўляць, быў, здаецца, маёр з Акрэсціна. Ён адразу пачаў сыпаць ідэалогіяй і прапагандай. Спытаў, дзе я быў, калі спалілі людзей у Адэсе. І я зразумеў, што чалавек проста атручаны, і зараз вельмі моцна атрымаю па зубах, калі пачну нешта даказваць.

Хаця я і так атрымаў у пастарунку (усміхаецца). Але гэта няважна.

— Ці зразумелі вы, што гэтыя размовы з сілавікамі ў 2022-м не мелі аніякага сэнсу? Вы ж самі казалі напачатку, што працуе толькі «атакаваць».

— Не думаю, што ўсё дарма. Мяркую, нейкія плады гэта, можа, і прынесла. Нейкае зерне сумневу можа і атрымалася пасеяць у іх галовах. Не лічу, што я не меў рацыі, проста можа дзесьці не даціснуў.

Я не фанат сілавых мер уздзеяння. І трошачкі няправільна сказаў пра атаку напачатку. У маім разуменні размаўляць з людзьмі, тлумачыць сваю пазіцыю, — гэта таксама «атака».

І мы, як людзі культуры, не маглі маўчаць. Проста граць спектаклі з дуляй у кішэні, паказваць нейкія жэсты ці не кланяцца — можа і так быць, але ў той сітуацыі, у 2020-м, у Беларусі гэтага было замала.

Трэба было выйсці з сістэмы, паказаць, што мы ёй не належым. І размаўляць з ёй з пазіцыі супрацьдзеяння. Не атакаваць кактэйлямі Молатава, а весці сур’ёзную размову. Кажучы, што канкрэтна не падабаецца.

Гэта таксама атака. Бо да сілавой атакі яны былі гатовыя, натрэніраваныя, таму і было столькі гвалту адразу пасля выбараў на вуліцах Мінска. Таму мы і атрымалі такую масакру.

— Хтосьці сумна ўсміхнецца, што размаўляй-не размаўляй, але вось зараз жа і вы, і шмат беларусаў па сутнасці выкінутыя з краіны.

— Калі не размаўляць, то прыйдзецца ваяваць. Разумею, што зараз можа гучаць неадназначна, але рана ці позна, ўсё роўна, і з людзьмі па іншы бок барыкад нам трэба будзе размаўляць. У любым выпадку трэба будзе знайсці нейкі кантакт.

Гэтыя людзі мне не падабаюцца, у нас розныя каштоўнасці, не маю нічога агульнага. Але так ці іначай трэба будзе калісьці знайсці агульную мову.

Тое самае расіяне з украінцамі. Зараз, канешне, такая крыўда і столькі гора украінцам прынеслі расіяне, але яны нікуды не знікнуць. Раней ці пазней ім прыйдзецца пасыпаць галаву попелам і сказаць «прабачце». Як у свой час гэта зрабілі немцы.

Іншага не будзе. Таму нам трэба размаўляць. Нават калі нам гэтая размова не падабаецца.

Максім не хавае, што калі пасля Акрэсціна выкідвалі з краіны было і крыўдна, і злосна. Але ён быў гатовы да такой рэакцыі.

— Калі ідзеш з кімсьці «біцца», трэба быць гатовым да таго, што атрымаеш па зубах. І гэта акурат мая сітуацыя.

Разумею, чаму яны мяне выкінулі. Моцна здзівіўся б, каб гэтага не адбылося. Калі чалавек даходзіць ужо да такога адчаю, што выходзіць на вуліцу з украінскім сцягам пагаварыць з сілавікамі, яны разумеюць, што я для іх моцна небяспечны. Што я не спынюся, што працягну гэтую дзейнасць і  лепш ад мяне пазбавіцца. Альбо б я сядзеў у беларускай турме.

Мая пазіцыя, што размаўляць нам прыйдзецца так ці іначай, — вось яна іх і палохае. Яны не гатовыя да размовы, бо гатовыя біцца, катаваць, забіваць. Яны папросту не ўмеюць размаўляць.

Тое самае і з расійскай бравадай, бо яны лічаць сябе «вялікімі» і «таму перамогуць гэтую маленькую Украіну».

Але Украіна ваявала большую частку сваёй гісторыі. І зараз лезці ва Украіну— дзеля чаго? Што вы там хочаце? Што вы там забылі? Ахова рускамоўных і ўсе гэтыя прапагандысцкія бздуры —  гэта ж абсурд.

Тыя людзі не ўмеюць размаўляць, таму што ў іх галовах гучыць прапаганда. Але яна раней ці пазней разбіваецца, як шкляныя акуляры.

Апынуўшыся ў эміграцыі, у Таэтральнай рэзідэнцыі, Максім срэжысаваў спектакль «З@movа», дзе гучаць беларускія народныя спевы. Ён не хавае, што напачатку эміграцыі былі розныя эпізоды, было цяжка, першыя паўтары гады працаваў на будоўлі.

— «З@movа» паўстала, бо калі мінуў перыяд першай эмігранцкай эйфарыі, яшчэ было шмат энергіі і ўжо з’явілася туга па дому ды блізкіх, гэты праект быў нам вельмі патрэбны (рабілі з сябрамі і жонкай Максіма Машай Пятровіч, — С.) як псіхатэрапія. Нам трэба было зрабіць нешта творчае і роднае, беларускае. Мы рабілі яго з задавальненнем, і атрымаўся вельмі добры праект.

Зараз Максім шукае спосабы творчай рэалізацыі, працуе ў варшаўскім Teatr Nowe Formy тэхнічным спецыялістам, праводзіць заняткі акторскага майстэрства для палякаў, робіць праектныя спектаклі. ​

— Нядаўна ў тэатры прайшоў фестываль незалежных калектываў. Я прапанаваў прыняць удзел калегам з Беларусі і Украіны. Творчасць, культура, тэатр — найлепшыя лекі супраць прапаганды і раздзялення людзей, супраць так званай палярызацыі любога грамадства.

У Любліне мы паўдзельнічалі ў Festiwal Bliski Wschód (Блізкі ўсход), ён праходзіў ужо ў чацвёрты ці пяты раз. Размаўлялі там з Вольнымі Купалаўцамі, яны таксама ўдзельнічалі, дамовіліся па магчымасці супрацоўнічаць.

Максім імкнецца не думаць пра цяжкасці эміграцыі, разумеючы, што кожны дзень можна рабіць маленечкі крок наперад.

— Заганяцца не выхад, трэба шукаць кантакты і магчымасці. Камусьці дапамагае таблетка, а я за сабой заўважыў, што мне ўвесь час трэба нечым займацца, інакш пачынаю думаць (смяемся).

Бо сітуацыя насамрэч не вельмі вясёлая: няма дому, няма куды вяртацца, абмежаваныя магчымасці і рэсурсы. Але што мы можам з гэтым зрабіць? Калі не можам, то можа і не перажываць? Альбо намагацца рабіць, хаця б з кімсьці паразмаўляць.

Максім узгадвае сваю бабулю-украінку, якая падчас Другой сусветнай, зусім маленькая, апынулася ў палоне ў Германіі.

— Можа, гэта так сабе прагучыць, але добра, што бабуля памерла да 2022-га. Яна б гэтага не перанесла. Дзіўная штука, бабуля не давярала рэлігійным справам у вёсцы, з іншага боку ненавідзела камуністычных функцыянераў. Але ад гэтых размоў увесь час сыходзіла жартамі. Занадта вясёлая была па жыцці. Але ж перыядычна казала пра нешта такое, што мы зараз і пражываем, можа здарыцца. Я не верыў: «Да ну! Мы ў XXI стагоддзі жывем!» І добра, што яна гэтага не застала.

Максім вяртаецца і да цывілізацыйнай прорвы паміж беларусамі і ўладай, у якую таксама трапіў і якая стала пераломам яго жыцця.  

— 2020-ы ўсім усё паказаў, здавалася, што ўсе гэта бачаць, што сляпых няма... Але яно ў любым выпадку зменіцца. Страшна ад думкі, што Беларусь могуць адкрыта ўцягнуць у вайну, гэта не выключана.

Для мяне сёння больш канструктыўным за прагнозы выглядаюць хай і маленькія, але крокі да будучыні. Жыць, развівацца, шукаць паплечнікаў і магчымасці, камунікаваць. Наладжваць творчыя стасункі і адносіны.

У Беларусі большасць творчых людзей не можа зараз падняць галавы, а ва Украіне не мае часу, каб падняць галаву, бо займаюцца выжываннем.

Ну, то мы павінны забяспечыць гэты тыл, каб калі надыйдзе час, не атрымаўся вакуум. Бо і ў Беларусі, і ў пасляваеннай Украіны ёсць перспектывы развіцця, перспектывы ўвайсці ў вялікую еўрапейскую сям’ю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)