Политика

Ціханоўская: «Сапраўдная Беларусь — не Лукашэнка, які аддаў нашу зямлю Расіі для нападу. А беларусы, якія сталі побач з Украінай»

Лідар беларускіх дэмакратычных сіл павіншавала ўкраінцаў з Днём Незалежнасці.

— За сваю незалежнасць вы кожны дзень плаціце вялікую цану, — адзначыла Святлана Ціханоўская ў сваім звароце.

Святлана Ціханоўская

Сваім прыкладам вы паказваеце ўсяму свету, што такое мужнасць. І даяце надзею іншым народам, якія таксама змагаюцца за свабоду.

Тры месяцы таму я была ў Кіеве і бачыла вашу сілу на свае вочы. Краіна ваюе — і жыве. Працуе. Вучыцца. Будуе. Плануе будучыню.

Вы не дазволілі Расіі адабраць у вас краіну.

І для нас, беларусаў, гэта вельмі важна. Многія людзі ў Беларусі сёння звязваюць перамены ў нашай краіне менавіта з перамогай Украіны. Бо мы разумеем: нашыя лёсы звязаныя. І ўкраінцы, і беларусы хочуць самі вырашаць сваю будучыню, а не каб за нас вырашалі ў Маскве.

І я хачу, каб вы ведалі: беларусы — на вашым баку.

Беларускія добраахвотнікі ваююць за Украіну са зброяй у руках.

Беларускія партызаны спынялі расійскія вайсковыя эшалоны.

Валанцёры ратуюць жыцці, збіраюць машыны, дроны і медыцынскую дапамогу.

Беларуская дыяспара дапамагае Украіне па ўсім свеце.

Журналісты і актывісты выкрываюць расійскую прапаганду і злачынствы рэжыму.

А ў беларускіх турмах дагэтуль сядзяць людзі за салідарнасць з Украінай і супраціў расійскай агрэсіі.

Гэта — сапраўдная Беларусь.

Не Лукашэнка, які аддаў нашу зямлю Расіі для нападу на Украіну. Не яго прапаганда і не яго генералы.

А беларусы, якія выбралі свабоду і сталі побач з Украінай.

Мы, беларускія дэмакратычныя сілы, будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб дапамагаць Украіне перамагчы. Не дазволіць уцягнуць беларусаў у гэтую злачынную вайну. Выкрываць саўдзел рэжыму ў агрэсіі і збіраць доказы яго злачынстваў.

Сёлета мы адкрылі місію дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Украіна прызначыла асобнага пасла для працы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэта важныя крокі насустрач адно аднаму.

Бо перамога Украіны адкрые шанец і для пераменаў у Беларусі. А вольная Беларусь стане гарантыяй таго, што пагроза з поўначы больш ніколі не прыйдзе на ўкраінскую зямлю.

Дарагія ўкраінцы! Жадаю вам перамогі. Справядлівага міру. Вяртання ўсіх палонных і выкрадзеных дзяцей. Вяртання вашых людзей дадому. І каб наступныя Дні Незалежнасці вы святкавалі пад мірным небам.

З Днём Незалежнасці!

Слава Украіне!

Жыве Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)