Общество

Алесь Бойка

«Уся група студэнтаў з Зімбабвэ, што прыехала ў Беларусь па абмену, знікла»

Сябра рады Задзіночання Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) і актывіст незалежных прафсаюзаў Яўген Дзенісенка – пра iдэалагiчны цiск у сферы вышэйшай адукацыi, дзейнасцi «прарэктараў па бяспецы» i «сяброўскiя абдымкi» Расii.

— Наша арганiзацыя ў рамках справаздачы для спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі, так бы мовiць, «зазірнула» за кулісы таго, як дзяржава пранізала адукацыю сваімі ідэалагічнымі наратывамі.

Мы ацэньвалі культурна-ідэалагічную працу на аснове так званай канцэпцыі «Развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады». Калі прачытаць гэты дакумент, становіцца зразумела, што для ўладаў культура — гэта ў першую чаргу інструмент ідэалагічнай апрацоўкі моладзі.

Невыпадкова з 2024 года была афіцыйна ўведзена пасада намесніка міністра адукацыі па ідэалогіі. Студэнты і выкладчыкі, з якімі мы размаўлялі, адзначалі, што раней ідэалагічная праца выконвалася даволі фармальна, «для справаздачы». Але сёння яна стала абавязковай, і выкананне патрабаванняў жорстка кантралюецца. Універсітэты сёння – месцы татальнага катролю.

— I ў чым гэта ў першую чаргу праяўляецца?

— Пасля 2020 года у кожным універсітэце з’явіўся прарэктар па бяспецы — заўсёды гэта былы супрацоўнік сілавых структур або КДБ. Цяпер гэтыя далёкія ад адукацыі людзі фактычна кіруюць універсітэтамі: прымаюць кадравыя рашэнні, умешваюцца ў адукацыйны працэс, кантралююць выкладчыкаў і студэнтаў. Як і шмат што іншае ў дзяржаве сёння, адукацыя працуе па прынцыпе «не быць, а здавацца».

Адзін выкладчык казаў нам, што iх прарэктар па бяспецы кожны тыдзень ездзiў у КДБ. Ён проста так і казаў: «Я паехаў у кантору». Ездзіў ён туды, каб узгадняць людзей — напрыклад, спісы на стыпендыі аспірантаў ці кандыдатаў на пасаду. Калі чалавек дзесьці «засвяціўся», яго проста не прапускаюць. У гэтым універсітэце пасля 2020 года паступова звольнілі каля 200 выкладчыкаў з прыкладна 600. Кожнага трэцяга!

Яшчэ адзiн былы выкладчык iншага ўніверсiтэту распавёў, што сёння нават icнуе практыка, калі  прарэктар па бяспецы можа запатрабаваць тэлефон і праверыць падпіскі ў любога студэнта.

Ствараецца бясконцая колькасць праграм і планаў па іх выкананні. Напрыклад: правесці шэраг мерапрыемстваў на тэму «адзін пояс — адзін шлях», «выхаванне валанцёраў» і г.д.

Шмат што круціцца вакол асобы Лукашэнкі. Напрыклад, пасля яго паслання ВНС некалькі дзён ва ўнiверсiтэце павінны былі абмяркоўваць асноўныя тэзісы: стабільнасць, росквіт, што «народ Беларусі жыве лепш за ўсіх».

Увогуле, у публічнай прасторы ствараецца карцінка, што ўсё ў нас добра: адукацыя развіваецца, студэнты маюць самакіраванне, пашыраецца міжнароднае партнёрства. Але варта толькі зазірнуць за гэтую шырму — і становіцца відавочна, што адбываецца насамрэч.

Вось адзін з прыкладаў. Падчас міграцыйнага крызісу ў БНТУ па абмене прыехала група студэнтаў з Зімбабвэ. У адзін момант уся група знікла, а пазней іх куратар даведаўся, што яны ўсе разам перайшлі мяжу і апынулiся ў Літве. Для іх Беларусь была проста магчымасцю трапіць бліжэй да Еўропы. Наўрад ці афіцыйная прапаганда будзе распавядаць пра такія «прарывы».

Смелыя прамовы студэнтаў у 2020 годзе моцна напужалі дзяржаву і Лукашэнку асабіста. Цяпер, пасля маштабных ідэалагічных чыстак, правіцель можа спакойна адказваць на загадзя падрыхтаваныя пытанні на сустрэчах са студэнтамі. Бо ён — «пераможца». Ён — «абаронца» ўнікальнай беларускай сістэмы адукацыі, якой не патрэбны ні Балонскі працэс, ні міжнароднае супрацоўніцтва.

Але і тут паўтараецца вельмі знаёмы сцэнар: у змаганні са сваім уласным ценем Лукашэнка яшчэ больш падштурхнуў беларускую адукацыю ў абдымкі Расіі.

— Вы лiчыце, што Расiя сёння значна ўплывае i на адукацыйныя працэсы?

— Вельмi значна. Для Беларусі супрацоўніцтва з Расіяй застаецца амаль адзіным напрамкам міжнароднай дзейнасці ў выніку міжнароднай ізаляцыі і скасавання пагадненняў у сферы адукацыі. Для Расіі гэта — магчымасць пашырыць свой і без таго значны ідэалагічны ўплыў на беларускае грамадства. Гэта робіцца праз распрацоўку агульных праграм навучання і праектаў падручнікаў (напрыклад, па гісторыі), адкрыццё рэсурсных цэнтраў, арганізацыю шматлікіх семінараў, канферэнцый і моладзевых абменаў.

Былыя выкладчыкі беларускіх ВНУ, якія яшчэ зусім нядаўна працавалі ў сістэме, у размовах з намi адзначалі сур’ёзнасць ціску пры правядзенні ідэалагічнай працы з расійскага боку. На гэта выдаткоўваюцца вялікія грошы з боку міністэрства адукацыі РФ і «Россотрудничества». Для рэалізацыі праектаў за расійскімі ўніверсітэтамі замацоўваюцца так званыя «сяброўскія краіны». У выпадку Беларусі гэта Тульскі педагагічны ўніверсітэт імя Льва Талстога.

Былая супрацоўніца рэктарата аднаго з беларускіх ВНУ распавядала нам, што яны наўпрост атрымліваюць званкі з Тулы з прапановамі мерапрыемстваў на тэму «русского мира», і адмовіцца ад гэтага немагчыма.

Гэта сцвярджэнне лёгка праверыць, калі зайсці на сайт Тульскага ўніверсітэта. З беларускімі ўніверсітэтамі падпісана рэкордная колькасць пагадненняў. Там можна знайсці навіны аб сумесных мерапрыемствах з многімі беларускімі ВНУ на самыя розныя тэмы — ад канферэнцый выкладчыкаў пра «развіццё правільнай гістарычнай памяці» да моладзевых сустрэч пра «традыцыйныя каштоўнасці». У мінулым годзе быў адкрыты сумесны рэсурсны цэнтр на базе Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага унiверсiтэту iмя Максiма Танка. 

Але гэта толькі вяршыня айсберга, бо значная частка такой дзейнасці адбываецца непублічна. І, вядома, гэта не проста ініцыятыва аднаго ўнівера. У Расіі такая ідэалагічная праца цалкам кантралюецца дзяржавай — дакладна такiм жа чынам, як і ў Беларусі.

— А ў чым яшчэ праяўляецца расійскі ўплыў на адукацыю?

— Гэта звязана і з праваслаўнай царквой. Са студэнтамі праводзяць размовы святары, арганізуюць паказы праваслаўных фільмаў, паходы ў Свята-Елісавецінскі манастыр.

Напрыклад, у БДМУ вельмі актыўна працуюць з тэмай абортаў. Там арганізуюць размовы с прадстаўнікамі царквы, быў агульны прагляд фільма «Мамін ліст» ад тэлеканала «Спас». У БНТУ ў мінулым годзе быў адкрыты духоўна-асветніцкі цэнтр.

Той, хто хоць трохі знаёмы з кантэкстам навучання ў беларускім універсітэце сёння, разумее, што ўсе гэтыя мерапрыемствы з’яўляюцца прымусовымі і часта арганізуюцца проста падчас заняткаў. Пра верасповед саміх студэнтаў, безумоўна, ніхто таксама не пытаецца. У школах гэта праца выйшла на больш прымусовы ўзровень, бо там з 2021 года існуе абавязковы факультатыў для 5-9 класаў па «асновах духоўнага выхавання».

Сёння сваiм уплывам Расiя карыстаецца і будзе карыстацца яшчэ больш. І менавіта адукацыя можа стаць той кропкай, праз якую Масква паспрабуе разбурыць рэшткі незалежнасці нашай краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)