Тышкевіч: Дэ-факта Лукашэнка стварае дадатковую крызісную сітуацыю, перадусім для Ціханоўскай

Палітычны аналітык разважае пра невыпадковасць накірункаў «гуманізму» беларускіх уладаў і новыя выклікі для дэмакрытычнай беларускай супольнасці.

У выходныя з беларускіх вязніц былі вызваленыя і прымусова вывезеныя з краіны 123 палітзняволеных, у тым ліку грамадзяне іншых краін і знакавыя асобы беларускага супраціву. 114 чалавек са 123 аказаліся ва Украіне.

Уладзімір Зяленскі, нагадаем, пацвердзіў, што гэта была ўмова беларускага боку, які адмовіўся перадаваць людзей у краіны ЕС — а значыць, ні пра якія выпадковасці гаворка не ідзе. А ў чым магла быць мэта беларускіх уладаў?

— Гэта цудоўна, што людзі выйшлі на волю. І цікава: фактычна ўсё ядро палітычнай сілы Віктара Бабарыкі выйшла разам, — разважае на сваім канале аналітык Ігар Тышкевіч. — І ўсе яны аказаліся на тэрыторыі Украіны, без пашпартоў, проста з даведкамі пра вызваленне.

Ігар Тышкевіч

Тут ёсць два варыянты: палітычнае рашэнне кіраўніцтва Украіны па транспарціроўцы вызваленых людзей на тэрыторыю ЕС па гуманітарным трэку (пры ўмове, што тая краіна пагаджаецца іх прымаць), альбо што гэтыя людзі застаюцца ва Украіне і легалізуюцца праз механізмы міграцыйнай службы як бежанцы, асобы без грамадзянства ці асобы, якія патрабуюць дадатковай абароны.

І ўзнікае пытанне: а чаму менавіта гэтую групу вывезлі такім чынам?

На думку Тышкевіча, тут прасочваецца палітычны разлік. У прыватнасці, на тое, што ў апазіцыі рэжыму Лукашэнкі імаверна адбудзецца ўзнікненне яшчэ аднаго палітычнага цэнтра:

— Калі выходзіць такі цяжкавагавік у новай беларускай апазіцыі, то якое будзе ягонае месца пад сонцам? Дзе месца Офіса Святланы Ціханоўскай, дзе — Паўла Латушкі і астатніх? І гэта на фоне крызісу, які і так працягваецца, — яшчэ не ўнутраныя войны, але ў пэўным сэнсе прыцірка паміж ужо трыма палітычнымі цэнтрамі. Што, натуральна, не будзе дадаваць дынамізму ў працы беларускіх дэмсіл у выгнанні.

Дэ-факта Лукашэнка стварае дадатковую крызісную сітуацыю, перадусім для Святланы Ціханоўскай. І маштаб патэнцыйных супярэчнасцяў з яе Офісам у разы большы, чым гэта было пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага.

Але пытанне яшчэ і на ўкраінскім накірунку. Частка яго, на маю думку, ужо раскрылася: звярніце ўвагу, што Зяленскі павіншаваў з вызваленнем Марыю Калеснікаву, але ўстрымаўся ад званка Віктару Бабарыку.

Чаму так? Бо гісторыя папярэдняй працы гэтага цяпер ужо палітыка — «Белгазпрамбанк», стоадсоткавая «дачка» расійскага «Газпраму». Для ўкраінскага палітыка гэта супертаксічная гісторыя.

Яе можна зняць пэўнымі заявамі, дэманстрацыяй пэўнай палітычнай пазіцыі. Але вось адбылася першая прэс-канферэнцыя. І, на жаль (а для кагосьці, напрыклад, у Менску — на шчасце) не знайшлося чалавека, які загадзя здолеў бы прабрыфаваць людзей перад прэс-канферэнцыяй хаця б па палітычных падзеях.

Таму красамоўнымі былі адказы Віктара Бабарыкі пра ўкраінцаў, расейцаў і г.д. На ўкраінскім інфаполі сёння гэта супертаксічныя адказы. Цяжка патлумачыць пра супрацоўніцтва і добрыя адносіны чалавеку, каторы перад тым пахаваў кагосьці знаёмага, ці, крый божа, сваяка. Альбо калі штодня ідзе інфармацыя пра гібель цывільных з-за расійскіх удараў.

У дадзеным выпадку гэтая прэс-канферэнцыя атрымалася ці то не найлепшым падарункам для Лукашэнкі. Бо пасля гэтага ён зможа выходзіць на ўкраінскі накірунак і казаць: маўляў, бачыце, якая там беларуская апазіцыя.

І менавіта гэта магла быць адной з мэтаў, чаму «бабарыканцаў» вывезлі менавіта ва Украіну.

Пры гэтым, дадае Ігар Тышкевіч, у апошнія некалькі месяцаў тэза пра тое, што ва Украіне мусіць быць асобная беларуская палітычная структура, дайшла да ўкраінскіх палітыкаў. Прынамсі ёсць разуменне, што такі партнёр і супраца з ім патрэбныя.

— Але ў цяперашніх варунках з’яўленне ва Украіне беларускага палітычнага цяжкавагавіка і кожная ягоная заява, не вывераная з рэаліямі вайны, не адпаведная настроям грамадства краіны, у якой ты знаходзішся, будзе біць па беларусах ва Украіне, па апанентах Лукашэнкі агулам, — мяркуе Тышкевіч. — Таму прымусовы вываз менавіта гэтай групы вязняў ва Украіну — спроба зрабіць палітычную дыверсію для апанентаў рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)