Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў
Як стала вядома Нашай Ніве, на мінулым тыдні «знік» шэраг топ-менеджараў буйной ІТ-кампаніі SoftClub, а таксама яе заснавальнік Уладзімір Сіротка. Кампанія ў асноўным спецыялізуецца на праграмным забеспячэнні для банкаў і фінансавых сэрвісаў.
Да Уладзіміра Сіроткі немагчыма дазваніцца. У месенджарах апошні раз ён быў анлайн у чацвер, 23 кастрычніка. На працы, як вядома «Нашай Ніве», ён таксама не з'яўляецца, як і шэраг іншых менеджараў. Супрацоўнікам давялі, што начальства масава на бальнічных.
Кампанія SoftClub заснавана ў 1993 годзе і з'яўляецца адным з беларускіх ІТ-гігантаў. У ТАА «Софтклуб» і ТАА «Софтклуб цэнтра распрацоўкі» станам на 2025 год сумарна працуюць 622 чалавекі, у ранейшых інтэрв'ю Сіротка казаў пра 1000 супрацоўнікаў па ўсім свеце.
Выручка дзвюх кампаній па выніках 2024 года — 105,4 мільёна рублёў.
У асноўным кампанія аказвае паслугі банкам — як дзяржаўным, так і прыватным, — і бізнэсу, кампанія мае буйныя кантракты з дзяржавай.
Самая знакамітая распрацоўка — АІС «Разлік» (АРІП), праз якую фізічныя і юрыдычныя асобы могуць рабіць аплаты і выстаўляць рахункі.
У апошнія годы SoftClub таксама пайшоў у сферу крыптавалют, заснаваўшы біржу Bynex.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» звязваюць сэнс прэтэнзій з падатковымі пытаннямі і ўзятым курсам на барацьбу з вывадам капіталу.
Вядома, што ў канцы 2024 года змянілася форма ўласнасці абедзвюх кампаній: мажарытарным акцыянерам стала казахская холдынгавая кампанія «Эссігруп кз лтд», на карысць якой выплачваліся дывідэнды.
Уладзімір Сіротка нарадзіўся ў 1960 годзе. Скончыў механіка-матэматычны факультэт БДУ. Некалькі год адпрацаваў у НДІ «Агат», распрацоўваючы праграмнае забеспячэнне для ваенна-прамысловага комплексу. У канцы 1993 года стаў дырэктарам кампаніі «Софтклуб».
Хобі Сіроткі — міні-футбол. Ён падтрымлівае каманду «Сталіца», якая год за годам перамагае ў чэмпіянаце Беларусі і ўдзельнічае ў Лізе чэмпіёнаў.

Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное