Лядоўні, каб ламаць косці. Адзіночкі — «труны», дзе замуроўваюць на месяцы. Скразняковыя «трубы» для тых, у каго слабыя лёгкія...
Севярынец: «З Мікалаем Статкевічам ня «здарыўся інсульт». Мікалая Статкевіча давялі да інсульта. Там умеюць»
Былы палітзняволены расказаў пра свой досвед таго, як за кратамі мэтанакіравана даводзяць да калецтва.
— З Мікалаем Статкевічам ня «здарыўся інсульт». Мікалая Статкевіча давялі да інсульта. Там умеюць — ламаць рукі-ногі, рваць сэрцы і дзіравіць страўнікі нават без лішняга дотыку, — піша Павел Севярынец.
Напрыканцы акрэсцінскіх карцэраў, недзе на трэці месяц, у мяне разбалеліся калені. Ня мог спаць. Два дні патрабаваў доктара, з'яўляецца.
— Ну?
— Ды во ногі баляць. Мусіць, хаджу па камеры шмат (адмыслова хадзіў у дзень па 25-30 км, два метры туды-назад, каб з адбоем адключацца).
— Аааа, — задаволена басіць доктар і адшчыквае мне ібупрафеніну. — Наконец-то.
— У сэнсе, — кажу, — наканец-та?
— Да мы всё думалі, когда уже... Это суставы. Суставы. Не от ходьбы, тут всегда... Всё правільно.
У ШІЗА чалавека свядома і мэтанакіравана даводзяць да калецтва. Турэмныя дактары толькі фіксуюць, «дзе тонка» ў таго ці іншага вязня, якога начальства вырашыла ламаць — і пасля вязня пераводзяць у адпаведную камеру.
А катоўні там на выбар.
Гэта сістэма, дзе ўсё падначалена галоўнай мэце.
Не ламаецца маральна — зламаем фізічна.
Непакорлівых, сваіх жа «шасцёрак», якія накасячылі, «блатных», і, канечне, палітычных.
Калі не высыпаешся тыднямі ад холаду, пачынаеш бачыць галюцынацыі, разбіваешся аб плітку, бо раптам адключаешся ўдзень, і раз за разам атрымліваеш «ДП» (дабаўку) — пытанне толькі ў тым, што цябе вырубіць спярша: язва (бо арганізм жарэ сам сябе), запаленне лёгкіх, інсульт, інфаркт альбо вар'яцтва.
Там ня проста ўсё выдатна ведаюць — там мэтанакіравана і тэхналагічна трушчаць чалавека.
І гэта — яўнае крымінальнае злачынства.
Ані маральна, ані псіхалагічна Міколу Статкевіча яны не зламалі.
Годнасць і любоў да Беларусі — не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное