«Ну давайце, чыноўнічкі, распавядзеце, што гэта зьбег акалічнасьцяў, а ня мэтанакіраваная вайна супраць беларушчыны!»

Здавалася б, цяжка знайсьці больш патрыятычныя словы за «Жыве Беларусь!» і «Люблю Беларусь!». Чаму ж тады ў нашай краіне за іх перасьледуюць? Пра вайну зь беларушчынай разважае на Budzma.org Валера Руселік.

Вайна супраць беларушчыны вядзецца, безь перабольшаньня, ад самага пачатку існаваньня беларушчыны. І 150 гадоў таму, і 200 нам, беларусам, даводзілася бараніць права папросту быць сабою. Урэшце ж, і лёзунг «Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна!» зьявіўся ня як радок нейкага патрыятычнага вершу, а менавіта як пароль каліноўцаў.

І менавіта гэтыя сьвятыя для кожнага сапраўднага патрыёта нашага Краю словы былі на помніку ў гонар паўстанцаў 1863 году, які нядаўна зьнесьлі на беларуска-літоўскім памежжы.

12 гадоў стаяў сабе велізарны меч, загнаны ў зямлю, з «Пагоняй» і словамі «Каго любіш?», уражваў сваёй веліччу, натхняў памяцьцю пра гераічных продкаў — і вось быў зьнішчаны.

Зьнесены помнік паўстанцам 1863 году. Было — стала. Фота t.me/spadczyna

Нагадаю, аўтар ідэі помніка — вядомы мясцовы краязнаўца і беларускамоўны мытнік Алесь Юркойць. Быў сапраўдным агмянём і рухавіком беларушчыны ў рэгіёне. Усталёўваў помнікі, памятныя камяні і шыльды, адкрыў музэй, ладзіў бясконцыя экскурсіі, плэнэры, вандроўкі, фэсты, кніжныя прэзэнтацыі і г. д. Адседзеў у турме, затым праз палітычны ціск зьехаў у вымушаную эміграцыю. Стандартная беларуская гісторыя, праўда? Што сёньня, што ў часы Каліноўскага.

Урэшце ж, зь людзьмі ў нас як і з помнікамі: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Вось жа ж і вайна супраць беларушчыны на нашых землях увесь гэты час вядзецца адразу на двох франтах: вайна людзей і вайна помнікаў.

Душыцелі антырасейскіх паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя па ўсім Краі ставілі як сымбаль сваёй улады над захопленымі землямі цэрквы-«мураўёўкі». А сёньняшнія беларусафобы пры ўладзе ставяць помнікі тым, хто тыя антырасейскія паўстаньні душыў. І паралельна зьнішчаюць помнікі ўласна паўстанцам.

Прыбралі шыльды ваярам Каліноўскага і Касьцюшкі ў Горадні, зьнесьлі першы ў краіне помнік Касьцюшку ў яго радавым гнязьдзе ў Малых Сяхновічах і прыбралі ўсялякія згадкі пра яго ў мясцовым музэі, перайменавалі вуліцу Каліноўскага ў Кобрыне, павыкідвалі ўсю інфармацыю пра паўстанцаў са школьных падручнікаў і г. д. Нават гімназію Каліноўскага ў Сьвіслачы — і тую перайменавалі.

Ну давайце, чыноўнічкі, распавядзеце мне пра тое, што гэта ўсё выпадковасьць, зьбег акалічнасьцяў, а ня мэтанакіраваная вайна супраць нашае памяці, супраць беларушчыны!

Зьнесены помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Малых Сяхновічах каля музэя. Цяпер у музэі замест помніка — пустая клюмба. З экспазыцыяў установы ўсе ўзгадкі пра знакамітага паўстанца таксама зьніклі. Каляж аўтара

Зрэшты, як і вайна зь людзьмі і спадчынай, гэтак і спрэчка пра тое, што важнейшае: людзі альбо спадчына — таксама ня новая. Людзі гэтую спадчыну ствараюць, факт. Але і да сучаснага змаганьня заклікае й натхняе таксама і спадчына.

Што сталася б зь Вільняй, калі б Сталін не адрэзаў яе ад БССР? Была б зьнішчаная бульдозэрамі, як астатнія нашыя месты й мястэчкі? Альбо выхоўвала б зусім іншых беларусаў — несавецкіх, эўрапейскіх? Вунь жа ж прыклад зьнішчанай Саветамі Варшавы й сёньня натхняе мільёны палякаў прыкладам гераічнага змаганьня продкаў за сваю незалежнасьць! І, урэшце, адбудавалі ж палякі сваю ўшчэнт спляжаную сталіцу!

Дык што важнейшае?

Памятаю, яшчэ 20 гадоў таму спрачаліся мы пра спадчыну і людзей з маім гарадзенскім сябрам. У самы разгар сумнавядомае «бульдозэрнае рэканструкцыі». Сябар, які, на маё цьвёрдае перакананьне, з нашага пакаленьня зрабіў і робіць дасёньня найбольш для захаваньня і аднаўленьня гарадзенскае спадчыны, цьвердзіў, што галоўнае — людзі.

Я, тады куды больш гарачы і радыкальны, цьвердзіў як раз-ткі пра важнасьць усіх гэтых палацаў, падмуркаў, дрэваў, якія стваралі зьнішчаную сёньня непаўторную атмасфэру, што ператварала Горадню ў папросту нейкую мітычную кузьню герояў. Спрачаўся, у роспачы кідаўся пад экскаватары, каб бараніць старыя падмуркі.

Сябар супакойваў: галоўнае — людзі, пакуль ёсьць людзі — яшчэ нічога ня скончылася.

Валера Руселік каля помніка Кастусю Каліноўскаму і ягоным паплечнікам-паўстанцам, Вільня. Фота з асабістага архіву аўтара

З гадамі, аднак, я пасталеў-паразумнеў — і ўсьведаміў мудрасьць майго сябра. Колькі ў нас усяго ўжо зьнішчалася, колькі яшчэ будзе зьнішчана. Гэткі бясконцы беларускі палімпсэст. Аднак гэтаксама нязьменна, зноўку і зноўку, у самы нечаканы момант, лічы, пасярод пустога закінутага поля за вёскай, парослага рэдкалесьсем, зьяўляецца чарговы Алесь Юркойць, які бярэ і ставіць велічны помнік у гонар паўстанцаў!

Урэшце, тое, што вайна зь беларушчынай усьцяж працягваецца, азначае і тое, што Беларусь працягвае жыць. І што сёньняшнія паўстанцы працягваюць чын сваіх продкаў.

А таму:

Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна! І няхай нашая Беларусь жыве вечна!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)