Экономика

«Гэты крок амэрыканцаў — зьняцьце санкцый — удар нажом у сьпіну і Літве, і краінам Балтыі, і ўсяму Эўрапейскаму Саюзу»

Падчас перамоваў дэлегацыі ЗША пад кіраўніцтвам Джона Коўла з Лукашэнкам амэрыканскі бок заявіў аб канчатковым зьняцьці санкцый з калійнай галіны Беларусі. Свабода паглядзела, што гэта значыць для краіны і ці вернецца транзыт праз Літву.

Адвалы ля саляных руднікоў побач з Салігорскам. Архіўнае фота

19 сакавіка ў Менску адбылася сустрэча амэрыканскай дэлегацыі пад кіраўніцтвам спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла з Лукашэнкам. Яе вынік — вызваленьне 250 палітзьняволеных і зьняцьце санкцый з беларускіх «Белінвэстбанку», «Банку разьвіцьця» і Міністэрства фінансаў. Таксама было заяўлена, што з санкцыйных сьпісаў цалкам выключылі «Беларускую калійную кампанію» і «Беларуськалій».

Пра вывад беларускай калійнай галіны з-пад амэрыканскіх санкцый гаварылі яшчэ падчас мінулай сустрэчы Коўла з Лукашэнкам летась у сьнежні. Аднак, цяпер санкцыі зьнялі з двух банкаў і Мінфіна і патэнцыйныя пакупнікі могуць весьці з Беларусьсю разьлікі ў далярах без страху трапіць пад другасныя санкцыі.

20 сакавіка, на наступны дзень пасьля сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй, Лукашэнка зноў выказаўся пра продаж амэрыканцам калійнага камбіната ў Беларусі.

«Думаюць. Але тры мільярды — гэта мінімум. А ўрад падлічыць запасы, яшчэ нешта… Гэта будзе даражэй. Яны багатыя, але плаціць вялікія ці нават нармальныя грошы ня хочуць. Усе хочуць за бясплатна», — сказаў Лукашэнка пра магчымасьць продажу калійнага камбінату. Ягоныя словы цытуе БелТА.

Раней Лукашэнка ўжо казаў пра продаж амэрыканцам калійнага рудніку падчас Усебеларускага сходу летась у сьнежні, які ён называў «новай фабрыкай». Верагодна, гаворка пра Нежынскі горна-узбагачальны камбінат, які пачалі будаваць у 2016 годзе.

Палітычны аглядальнік, у мінулым галоўны рэдактар літоўскай інфармацыйнай агенцыі ELTA Вітаўтас Брувэрыс мяркуе, што калі калій зь Беларусі будуць фармальна экспартаваць амэрыканскія кампаніі, то Літве будзе цяжка далей закрываць для іх транзыт.

«Наколькі я разумею, гэта адно з найбольш верагодных рашэньняў для беларусаў і амэрыканцаў — каб транспарціроўкай, транзытам гэтых угнаеньняў праз Літву фармальна займаліся амэрыканскія кампаніі. І тады Літва ж ня можа блякаваць амэрыканскія кампаніі. Я думаю, што пакуль гэта найбольш верагодны сцэнар.

Ня бачу асаблівага сэнсу ціснуць тут на Літву з боку амэрыканцаў, каб яны дазволілі нешта транспарціраваць, бо гэта санкцыі ЭЗ. Для беларускага рэжыму тут ёсьць сэнс ціснуць, каб прымусіць Літву ісьці на палітычны кантакт», — мяркуе суразмоўца.

Вітаўтас Брувэрыс зьвяртае ўвагу, што рашэньне ЗША аб зьняцьці санкцый — кепскі знак для Літвы і краін ЭЗ.

«Я спадзяюся, што ў нашых галоўных асобаў і ў тых, хто адказвае за дзяржаву і яе дыпляматыю, хопіць розуму — нават калі амерыканцы пачнуць на гэта ціснуць — каб адмовіцца. Мы разумеем, што гэты крок амэрыканцаў — зьняцьце санкцый — гэта ўжо ўдар нажом у сьпіну і Літве, і краінам Балтыі, і іншым краінам рэгіёну, і ўсяму Эўрапейскаму Саюзу», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.

Расейская эканамічная аглядальніца выданьня MOST Тацьцяна Рыбакова кажа, што нават калі беларускі калій фармальна пачнуць экспартаваць амэрыканскія кампаніі, то ЗША ўсё адно давядзецца дамаўляцца з Эўразьвязам. Бо санкцыі ЭЗ уводзіліся не для таго, каб проста не пускаць беларускі калій на рынак.

«Амэрыканцы і эўрапейцы будуць дамаўляцца пра тое, якім чынам і што рабіць, бо для эўрапейцаў таксама важна, каб беларускі рэжым не атрымліваў грошай, а ня тое, каб беларускага калію не было на рынку.

Для іх беларускі калій не зьяўляецца канкурэнтам. У ЗША не так шмат магчымасьцяў націснуць на ЭЗ. Сумняюся, што проста зараз, рэзка, гэта магчыма», — кажа Тацьцяна Рыбакова.

Літоўскі бок неаднаразова заяўляў, што прычын здымаць санкцыі з «Беларуськалія» цяпер няма. Згодна з дакумэнтам ЭЗ, які ўводзіў санкцыі у 2021 годзе, забарона накладвалася на гэты прадукт згодна з краінай паходжаньня тавару.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(16)