Общество

Добраахвотнік расказаў пра службу з Лазоўскім і яго апошнюю баявую задачу ў Бахмуце

Чатыры гады таму беларус, цяпер вядомы як «Нёман», выправіўся змагацца за свабоду Украіны. Ён расказаў Нашай Ніве пра свой шлях на вайне, службу з Міраславам Лазоўскім і май 2023-га, калі «Нёман» атрымаў параненне, а Лазоўскі застаўся ў Бахмуце назаўжды.

«Нёман»

«Нёману» 39 гадоў. Ён вырас на Гродзеншчыне, недалёка ад берага Нёмана. Таму і пазыўны сабе выбраў такі, каб нагадваць пра любімую раку:

«Нёман там вельмі прыгожы і адначасова стромкі. Жыў недалёка ад яго, літаральна тры-пяць хвілін [пешшу]. Канечне, хадзіў туды ў дзяцінстве, рыбаліў, ладзіў розныя дзіцячыя забавы на вадзе. Вучыўся ў Гродне. Таму, калі выбіраў пазыўны, так ён і ўсплыў».

Мужчына расказвае, што цікаўнасць да беларускасці ў яго пайшла са школьных часоў:

«Ты чытаеш у падручніках адно, а чуеш [з іншых крыніц] крыху іншае. Ты супастаўляеш і спрабуеш знайсці праўду. Напрыклад, у падручніках мала апісвалася паўстанне Каліноўскага, часы БНР, Слуцкі збройны чын. Пачынаеш цікавіцца [гісторыяй], і аказваецца — блін, а беларусы ўсё-ткі адрозныя ад тых жа рускіх».

Калі ён пасталеў, цікаўнасць да беларушчыны перарасла ў канкрэтныя справы.

«Нёман» расказвае, што з 18 гадоў балатаваўся ў мясцовыя саветы дэпутатаў, а пазней і ў Палату прадстаўнікоў. Акрамя гэтага, хлопец супрацоўнічаў з рознымі партыямі.

Вядома, на тыя выбары ён не меў ніякіх спадзяванняў:

«Загадзя ведаў, што не прайду, у дэпутаты мяне не прапусцяць. Але рэч у тым, што я атрымаў досвед. Праца з дакументацыяй, збор подпісаў — з кожнымі выбарамі для цябе гэта ўсё прасцей, тым больш калі сам ходзіш па людзях, размаўляеш, цікавішся іх праблемамі. Ты на мясцовым узроўні бачыш тыя праблемы, якія потым табе прасцей заўважыць у межах рэгіёна і краіны.

Існавала шмат лакальных праблем — ад рамонту і фарбавання нейкіх лавак і дзіцячых пляцовак да пандусаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі».

Акрамя палітыкі, беларус вучыўся і працаваў на будоўлі.

Пачатак поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе мужчына сустрэў у Беларусі. Калі даведаўся, што адбываецца, прыняў рашэнне ехаць і бараніць Украіну. Доўгі час чакаў, пакуль зробяць шэнген, і потым выправіўся ў дарогу.

Для яго гэта было хуткае рашэнне:

«Гэта было зразумела яшчэ з 2014-га, я ўвесь час быў на баку Украіны. Нам у Беларусі даводзілі інфармацыю, што на фронце то заціхае, то зноў ідуць баявыя дзеянні, магчыма, так і было. І я ўвесь час лічыў, што гэта канфлікт лакальнага ўзроўню.

Фота: архіў суразмоўцы

А ў 2022‑м гэта перайшло ў поўнамаштабную вайну, паўстала пытанне, існаваць Украіне ці не. Гэта і паспрыяла майму прыезду ва Украіну на вайну».

«Нёман» адразу трапіў у тады яшчэ батальён Каліноўскага. А потым пайшоў у батальён «Волат» — тамтэйшы 5‑ы ўзвод займаўся выведкавай і пяхотнай дзейнасцю. Тады, у 2022 годзе, «Нёман» апынуўся на Запарожскім кірунку.

Там ён і пазнаёміўся з Міраславам Лазоўскім — той быў камандзірам 5‑га ўзвода. Лазоўскі, адзін з заснавальнікаў «Белага легіёна», з’ехаў ва Украіну пасля пратэстаў 2020 года, а з пачаткам вайны далучыўся да абаронцаў Украіны.

«Пачулі па варожым радыё нешта накшталт «давай адпрацуем чымсьці цяжкім»

«Нёман» расказвае, што і да сустрэчы з Лазоўскім ведаў яго імя, ведаў пра справу «Белага легіёна». На фронце «Мыш» (пазыўны Лазоўскага) быў камандзірам «Нёмана»:

«Ён быў адным з тых людзей, хто ўмеў і слухаць, і гаварыць. Калі ён нешта казаў, гэта быў хутчэй не загад, а просьба. Стасункі з ім былі сяброўскія, камунікацыя вельмі шчырая.

Ён быў вельмі добры стратэг, выдатна разбіраўся ў вайсковай гісторыі — напэўна, лепш за ўсё ведаў часы Напалеона. У вайсковай сферы ён быў вельмі добра падкаваны».

«Нёман» успамінае тую баявую задачу ў Бахмуце, калі Лазоўскі загінуў — суразмоўца там таксама быў. Усё адбылося ў маі 2023-га.

Мужчына кажа, што па прычынах бяспекі дагэтуль не можа шмат расказваць: «Пасля нашага выхаду планы змяніліся, і нам была пастаўленая іншая задача. Гэта была задача штурмануць групу ворага. Мы трапілі пад абстрэл, пры гэтым быў і кантакт з ворагам, і нас пачалі шчыльна абстрэльваць.

З Міраславам Лазоўскім. Фота: архіў суразмоўцы

Нам трэба было адкаціцца (адступіць — НН) недалёка. За намі быў дом на некалькі паверхаў, і мы адкаціліся якраз туды».

Ноч прайшла ў баях. Зранку, успамінае «Нёман», пачаўся абстрэл: будынак, дзе знаходзіліся ваяры, абстрэльвалі танкі і артылерыя.

«У нас была варожая радыёстанцыя, трафейная, і мы па ёй пачулі нешта накшталт «давай адпрацуем чымсьці цяжкім». Хутка адбыўся моцны прылёт, і наш будынак проста склаўся.

Там загінулі чатыры хлопцы, палова нашай выведвальнай групы. Адзін хлопец выйшаў на сваіх нагах, а яшчэ трое, у тым ліку і я, былі параненыя», — кажа «Нёман».

Суразмоўца апынуўся пад заваламі, не мог вылезці сам. Выратавалі яго ваяры з сумежнага падраздзялення, якія прыйшлі туды з дамкратамі і паднялі абломкі дома.

«Калі я адпаўзаў да выхаду, мяне нехта падняў, гляджу — а гэта Міраслаў Лазоўскі, «Мыш». Ён спытаў, як я, я адказаў — маўляў, паглядзі на нагу. Ён паглядзеў і накіраваў мяне на эвакуацыю, перадаў мяне сумежнаму падраздзяленню.

Мяне завялі ва ўкрыццё, я там доўгі час праседзеў. Вакол былі вулічныя баі, ужо блізка была страляніна. Пазней, уначы, мяне эвакуявалі».

Лазоўскі, які займаўся тады эвакуацыяй ваяроў, з той задачы так і не вярнуўся. 16 мая 2023‑га ён загінуў.

«Нёман» даведаўся пра гібель Лазоўскага на наступны дзень — яму расказалі пра гэта іншыя ваяры, якія прыехалі ў бальніцу.

Нага, траўмаваная тады, нагадвае пра сябе дагэтуль — часам «Нёман» адчувае ў ёй заняменне. Гэта было ўжо другое раненне беларуса ў Бахмуце. У пачатку бахмуцкай кампаніі ён атрымаў пералом пляча:

«Быў танкавы абстрэл, і мне трэба было перабегчы з пад’езда ў пад’езд. Я ўзяў з сабой боекамплект, а гэта была ноч, Бахмут, усё развалена. Ужо не памятаю як, але я проста ўпаў.

Потым устаў, данёс боекамплект. Да мяне падбег наш медык, даў мне абязбол, паставіў кропельніцу і вызначыў, што еду на эвакуацыю. На стабілізацыйным пункце мне сказалі, што ў мяне, хутчэй за ўсё, пералом, а потым на здымку гэта пацвердзілася. Пералом быў вельмі складаны, я недзе месяц лячыўся і потым яшчэ некалькі месяцаў пайшло на рэабілітацыю».

«У першую чаргу пасля вайны — прыносіць карысць сваёй краіне»

Пасля Бахмута «Нёман» ваяваў на Харкаўскім, Данецкім і Луганскім кірунках, мае некалькі медалёў. Цяпер, кажа беларус, шмат часу ў яго сыходзіць на вывучэнне вайсковай справы — маўляў, вайна не стаіць на месцы:

«Мы бачым, што тэхналогіі вайны змяняюцца. Хто б мог падумаць да поўнамаштабнай вайны, што дроны будуць вырашаць пытанні выведкі, пашкоджання тэхнікі, карэктавання агню. Такое навучанне для ваяра павінна быць пастаянным».

У мірны час «Нёман» пісаў вершы і нават выдаў свой паэтычны зборнік, але падчас вайны ён нічога не піша. Калі вайна скончыцца, можна будзе ўзяцца за тое, каб пакласці свой цяперашні досвед на паперу — «Нёман» упэўнены, што ў яго жыцці так і будзе з цягам часу.

Але на першым месцы не гэта:

«У першую чаргу пасля вайны — прыносіць карысць сваёй краіне. Пакуль не ведаю, гэта будзе абарончая сфера, асвета, грамадская дзейнасць ці палітыка. Але штосьці дакладна будзе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)