Беларусаў шакавалі школьнікі з Кармы – яны не пераклалі ніводнага беларускага слова
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы афіцыйны рэсурс Кармянскага райвыканкаму размясціў у сацсетках ролік, у якім міжволі зняславіў мясцовых школьнікаў. А дакладней – сістэму адукацыі, у якой выкладанне беларускай мовы мінімізавалі да ўзроўню замежнай. Але аказалася, што і яе дзеці ведаюць лепш, чым родную, піша Флагшток.
Раёнка, якая выходзіць цалкам на рускай мове, правяла «моўны квіз» і прапанавала вучням сярэдняй школы №1 у гарадскім пасёлку Карма на Гомельшчыне перакласці беларускія словы на рускую мову. Ніхто з апытаных дзяцей не даў правільнага адказу, заўважыў Флагшток.
Словы, прапанаваныя для перакладу, былі такія: хмарачос, дыван, конік, плот, імбрык, шкарпэткі, вэлюм і кіях.
Відэа «заляцела» толькі ў адной сацсетцы – Threads, дзе беларуская мова цяпер у трэндзе. Аўдыторыя была шакаваная:
«Наўмысна такое відэа-жарт знялі? У розум не ўзяць. Я расейскія словы забываюся, бо аддаю перавагу беларускай мове ў камунікаванні, а тут не змаглі перакласці некалькі беларускіх словаў. Прыкра. Гэта вось так вывучаюць беларускую мову ў Беларусі цяпер?»
«Не жарт, а жах».
«Хочацца плакаць».
«Балюча глядзець».
«Беларусь хутка стане Расеяй. Пуцін перамог».
«Божухна, якія яны... небеларускія. Затое за плячыма нешта... чырвона-зялёнае, падобнае на сэрца, і партрэт Лермантава. Не Купалы, не Багдановіча і не Быкава. Цалкам прарасейскае выхаванне ў расейскай інфармацыйнай прасторы. Так узгадаваныя і вывучаныя дзеці лёгка дазволяць магілёўскую ці яшчэ якую "народную рэспубліку", бо ў галовах няма свайго, галовы ўжо занятыя расейшчынай».
На рэпліку ў каментарах аб тым, што сістэма адукацыі не дапрацоўвае, іншы карыстальнік выказаў думку, што яна якраз менавіта так працуе, як ёй патрэбна:
«Мы замежныя мовы выкладаем, да якіх, на жаль, хутка і наша родная ўвойдзе».
Але ёсць і пазітыўны прыклад, які паказалі ў іншым раёне – праўда, не дзеці, а дарослыя. Газета Лоеўскага райвыканкаму публікавала відэа, прымеркаванае да акцыі Мінгандля «Кожная пятніца – роднае, сваё», у якія работнікі раённай лякарні распавялі пра любімыя беларускія тавары на роднай мове. Аказалася, што амаль усе апытаныя медыкі практычна без памылак гавораць па-беларуску.
Читайте еще
Избранное