«Заснавальнікі Беларусі стваралі тое, чаго не было. Так і мы павінны рабіць»

Чаму балота нас захавала, як выйсці з крызісу і пра пошукі радасці, «Салідарнасці» распавёў малады беларускі пісьменнік Макар.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Раман «Ніці» Макар прэзентаваў у Варшаве ў мінулым лістападзе, а за 9 месяцаў да таго і сваю дэбютную аповесць «Апошняе пакаленне». Гэтыя кнігі, што з’явіліся ў выдавецтве «Янушкевіч», сталі своеасаблівым развітаннем з Менскам, вёскай і наогул часамі да 2022-га, калі Макар з’ехаў у Варшаву,

Калісьці для Макара беларуская кніга была нечым невыразным. Бо асацыявалася з урокамі беларускай літаратуры ў школе, якія не былі найвышэйшай якасці

— Замест таго, каб чытаць творы, настаўніца паказвала нам фільмы, і потым мы ёй пераказвалі. Калі фільма не было — дастаткова было пераказаць змест ці тое, што яна нам распавяла на ўроках. 

Макар кажа, што зараз патэнцыял нашага кніжнага рынку значна большы, і яго можна ахапіць, выкарыстоўваючы адпаведныя сучасныя сродкі і мову камунікацый:

— Гэта можна зрабіць праз розныя інфанагоды, як той жа буктрэйлер ці саўндтрэк. Людзям нашмат прасцей паглядзець відэа на адну хвіліну і зацікавіцца кнігай, чым чытаць анатацыю ці рэцэнзію.

Маючы гэтыя навыкі, я даў штуршок і сваім кнігам і, дзякуй Богу, колькі людзей даведалася і пра іншыя беларускія кнігі.

Макар упэўнены, што ўменне пераналаджваць сваё жыццё, шукаць новыя падыходы, гэта ўвогуле вельмі добры навык, не важна дзе і ў якіх умовах чалавек жыве. Важна не адмаўляць рэчаіснасць вакол, а браць яе пад увагу.

— Фокус на сабе і сваім жыцці, нават нейкіх дробных рэчах, якія ты можаш зрабіць тут і сёння для сябе, блізкіх і тым, каму можаш дапамагчы. Як спяваў Лявон Вольскі «...чаканне дастала» (усьміхаецца). Толькі ствараючы нешта новае, мы можам дасягнуць сваіх мэтаў. І глабальных, і асабістых.

— Стваральнік Тутэйшага тэатра Андрэй Саўчанка казаў нам, што важна браць сябе за шкірку і спрабаваць адкрытымі вачыма глядзець на рэчаіснасць. Ці быў у вас такі перыяд і намаганні?

— Скажу банальную рэч, але ніхто не абяцаў, што будзе лёгка. Жыццё агулам складаная штука: навучыцца хадзіць ці размаўляць таксама няпроста, але мы не памятаем гэтага. Сёння мы таксама бачым выклікі, але, калі хочам жыць, мы павінны шукаць выйсце з усіх гэтых сітуацый.

Я сам нядаўна перажыў крызіс, які цягнуўся колькі месяцаў. Здавалася, было шмат ідэй і жаданняў, але нічога не атрымлівалася, акрамя як на некалькі гадзін.

Вельмі важна разумець гэты момант, што ты зараз не можаш. Не той дзень, калі магу пайсці на нейкую імпрэзу. Прыняць гэты момант, зразумець яго, адчуць і паспрабаваць пражыць.

Любыя эмоцыі, насамрэч, нам дапамагаюць. Першае каханне таксама цяжка перажыць, але яно дае нам досвед.

У апошнім крызісе я зразумеў, што нічога не магу зрабіць, нават складана выйсці з дому. Літаральна выштурхваў сябе на вуліцу, хадзіў па раёне, спрабаваў знаходзіць дробныя цікавыя рэчы, як смак кавы альбо кропелькі на лістках пасля дажджу, прыгожы захад сонца. Адкладаў ўсе свае важныя задачы на потым, нічога не планаваў. І шчыра, са спакойнай душой, садзіўся і гуляў у кампутар.

Так доўжылася колькі месяцаў. З-за таго, што я магу назваць сябе чалавекам, які думае, разважае, размаўляе з сябрамі, дзеліцца досведам ды слухае, — крызіс скончыўся.

— ...і вось вы на фотаздымку ў Інстаграме, з заплечнікам у гарах, пішаце: «Шчаслівы!»

— Гэта падарожжа адбылося акурат у моманце, калі зразумеў, што нічога не магу. Зразумеў, што трэба цалкам адключыцца, патрапіць у нейкае месца, якое будзе надаваць эмоцыі. І паехаў у горы.     

На пытанне, чаму з’ехаў увесну 2022-га, калі ў Беларусі ўжо два гады, як было небяспечна, Макар кажа, што яму прыкра гэта чуць, бо і да 2020-га ў Беларусі было небяспечна, знікалі людзі, рабілася шмат чаго.

— Так, Ганчар, Захаранка і Красоўскі зніклі ў мінулым стагоддзі, вы яшчэ нават не нарадзіліся. Зараз вам 26. А калі зразумелі, што з намі і з краінай нешта не так?

— Большую частку свайго жыцця ў Беларусі я праіснаваў у межах розных адукацыйных устаноў: школа, гурткі, універсітэт. І заўсёды сустракаешся з дзяржаўнай несправядлівасцю. Бачыш, як ставяць адзнакі, як заганяюць не нейкія мерапрыемствы, бачыш, як тавары ў крамах даражэюць і пастаянна чуеш размовы пра ўсё гэта.

Канчаткова я зразумеў, што ўсё не так, напэўна, 25 сакавіка 2017-га падчас разгону маршу «дармаедаў». Калі на свае вочы пабачыў, што адбываецца ў краіне, і якія сродкі дзяржава выкарыстоўвае супраць нязгодных.

А пра плошчу 2010-га я даведаўся ад аднакласніка, які з бацькам быў там. Мне было 10 гадоў.

Макар кажа, што не падтрымлівае тых, хто хейціць беларусаў, якія засталіся і сядзяць у барах.

— Я ў такім выпадку пытаю: «А што вы рабілі ў 2012-м ці 2017-м, калі ў краіне таксама шмат чаго адбывалася? Я быў такім самым чалавекам. Тое, што ў мяне былі бела-чырвоныя кеды і стужка на заплечніку, не адмаўляла факту, што я хадзіў па кавярнях. Па факту нічога не рабіў, акрамя таго, што чытаў навіны.

Мне падаецца, забараняць людзям жыць – гэта апошняе, што варта спрабаваць зрабіць. Людзі, якія застаюцца ў Беларусі, таксама адаптуюцца і змяняюць сваё жыццё ў рэаліях, якія маюць вакол сябе. Як і мы тут, за межамі.

Жыццё ў кожнага з нас адно і сваё. І нельга казаць, што «гэй! давайце ўсе на барыкады!» ці «ўсе з’едзем!» Аб’ектыўна шмат хто не хоча ці не мае магчымасці з’ехаць са свайго дома.

Зараз у Беларусі, як і ў 2017-2019-х, крутыя імпрэзы, новая моладзь паўстае, ладзіць канцэрты, збірае сотні людзей на цудоўных беларускіх мерапрыемствах, на Купалле, напрыклад.

Новае пакаленне абавязкова вырасце, у мяне ў гэтым сэнсе няма ніякіх турботаў за беларусаў і беларусак, што застаюцца на Радзіме. Таму што, ведаеце, мы заўсёды пераадольвалі ўсё, што навокал. У пэўным сэнсе мы такія людзі на балоце, жывем у сваім горадзе ці на вёсцы, у сваёй сям’і.

З аднаго боку, гэта быццам дрэнна: мы не вельмі звяртаем увагу не тое, што адбываецца ў краіне ці ў свеце. Але гэта дапамагае нам выжыць і захавацца.

Больш творчыя людзі ўсё адно працягваюць ствараць нешта новае, наша, беларускае. Адкрыта, але і падпольна таксама.

Так, людзі ў Беларусі зараз не могуць выйсці на плошчу і сказаць, што яны не згодны. Але цяпер для гэтага не час.

Кожны дзень людзі ідуць у краму і бачаць кошты на бульбу ці на цукеркі, і гэта адбіваецца на заробку і жыцці. Усе ўсё разумеюць.

Але і радасць таксама трэба шукаць. Бо нельга кожны дзень сядзець і гараваць: вой, якая дрэнная ў мяне краіна! У мяне парада адна: стварайце хоць што-небудзь, асабліва тое, у што верыце і што падабаецца. Гэта абавязкова прарасце і дапаможа нам усім.

— З аднаго боку «не забараняйце людзям жыць», з іншага – паўнюткі стадыён на віцебскім «базары» на канцэрце Лепса.

— Большасць людзей ідзе на Лепса не з-за яго пазіцыі, а проста, каб правесці час. У Беларусь сёння ніхто не прыязджае. Каб заўтра прыехала Ледзі Гага, усе б пайшлі на яе. І не таму, што яна падтрымлівае дэмакратычную партыю ЗША. Людзі часцей ідуць за музыкай, а не таму, што хтосьці выказвае палітычную пазіцыю.

Думаю, і Лепс, і Меладзе, якога таксама нехта крытыкуе, гэта насамрэч проста сум па мінуламу.

Вы казалі пра бел-чырвона-белую стужку на заплечніку. Калі павесілі?

 — У 2019-м я купляў падарункі ў Symbal.by і набыў сабе стужку, метровую. Разрэзаў і павесіў на абодва свае заплечнікі. Гэта было звязана з маім унутраным выказваннем, якое на тот момант дазвалялася. Я тады браў удзел у сваім першым маршы супраць інтэграцыі з Расіяй. 

Перад ад’ездам у Польшчу Макар развітваўся з Менскам, набыў у кнігарні двухтомнік Быкава. З ім ў заплечніку і з’ехаў. — Беларуская культура насамрэч адзіны шлях захавання і працягвання нашага існавання. Няважна кніга гэта, песня, карціна ці фестываль. Гэта пра стварэнне, сучаснасць і будучыню. Для мяне стаяць на месцы — самае горшае, што толькі можа быць.

Таму трэба працягваць ствараць нешта новае вакол беларускай культуры, напрыклад, як Мальдзіс-фэст, які адбыўся нядаўна ў цэнтры Варшавы. Гэта тое, што натхняе жыць і таксама нешта ствараць.

Трэба шукаць новыя сэнсы, думкі. І такім чынам працягваць тое, што пачалі заснавальнікі Беларусі ў ХХ стагодзі, якія акрэслілі нашу краіну на мапах. Яны ж таксама стваралі нешта новае, тое, чаго не было. Так і мы павінны рабіць тое, што застанецца пасля нас.