«Усё менш сувязяў з рэальнасцю. Чуем мала чым абгрунтаваны капрыз»

Лукашэнкаўская вертыкаль – у дачыненні да «зялёнага Менска» і захавання гістарычнай памяці. «Салідарнасць» пагутарыла з экспертам пра тое, ці патрэбны пад Менскам яблыневы сад, наколькі паменела ў Беларусі гісторыка-культурных каштоўнасцяў і чаму ўлады не прыслухоўваюцца да спецыялістаў.

Не так даўно Лукашэнка падзяліўся ідэяй закласці пад Менскам вялікі сад: маўляў, ёсць «унікальныя месцы», якія ў яго просяць аддаць пад забудову, але ж лепей разбіць там палескія сады. Каб Менск, як некалі ўбачаны правіцелем Кішынёў, «быў квітнеючым». Раней сёлета ён ужо закідваў такую прапанову ўраду, упіраючы на тое, што можна было б сталіцу і «яблыкам забяспечыць».

Менчукоў, зрэшты, чарговыя сельскагаспадарчыя мары Лукашэнкі не парадавалі. Старажылы падзяліліся з «Салідарнасцю» ўспамінамі, што харошы і вялізны яблыневы сад, дый не адзін, у сталіцы ўжо быў. У тым ліку і на плошчах, дзе сёння красуе чарговая рэзідэнцыя, так званы Палац незалежнасці, і пасольства Туркменістана.

Палац Лукашэнкі. Менск. Лета-2026

— Хай бы ён лепш пераймаўся захаваннем водна-зялёнага дыяметру Менска, што акурат пры ім імкліва знішчаюць! — абурана выказаўся адзін з нашых суразмоўцаў.

Іншыя згадалі, як ледзь-ледзь гараджане змаглі адстаяць стары раён Асмалоўкі, але ж многія іншыя не ўбераглі ад «рэнавацыі з сайдынгам». Як незваротна змяніўся галоўны праспект, які шмат хто з менчукоў  помніць сапраўды зялёным.

Яблыні цвітуць у Лошыцкім парку. Архіўнае фота
Менск, 2025. Ад саду ў Вайсковым завулку засталіся толькі пні. Вырубку прызналі незаконнай, але ж постфактум. Фота: onliner.by

«Салідарнасць» абмеркавала на ўмовах ананімнасці з экспертам, гісторыкам і культуролагам, які шмат год рупіўся пра захаванне культурнай спадчыны, ідэю з аднаўленнем садоў, незваротна страчаны Менск, і прычыны, чаму так адбываецца.

— Многія ініцыятывы ўладаў, і з кожным годам гэта робіцца ўсё больш відавочна, маюць усё менш сувязяў з рэальнасцю, — зазначае наш суразмоўца. — І ўжо самі выканаўцы разумеюць, што гаворка пра «сотні тысяч мігрантаў з Азіі» — гэта скалынанне паветра, а не план.

Альбо ідэя засыпаць палі адходамі вытворчасці калійных угнаенняў — гаспадары на зямлі, адмыслоўцы разумеюць, якая гэта бздура. Ну і прапанова з садамі — з гэтай жа оперы. У самой ідэі няма нічога кепскага, гэта прыгожа. Але пытанне ў высілках і мэтах.

Па ўсёй краіне, разважае суразмоўца, тысячы пладовых дрэваў дзічэюць: няма каму даглядаць, няма каму прыбіраць і захоўваць ураджай, дбаць пра сады. То навошта патрэбны яшчэ адзін яблыневы сад пад Менскам, калі тыя яблыкі відавочна «збяруць» у сабе выхлапныя газы, цяжкія металы і іншыя адкіды вялікага горада, і наўрад ці стануць экапрадуктам?

Пры тым, у адрозненне ад дзікаросаў, запатрабуюць несупыннага дагляду. Тады ў чым сэнс — тры тыдні любавацца квеценню?

— То-бок, мы чуем мала чым абгрунтаваны капрыз. Наогул, у апошнія гады нашая горадабудаўнічая культура (у 1980-х яна была на вельмі высокім узроўні, навукоўцы, урбаністы, праекціроўшчыкі, ландшафтнікі плённа супрацоўнічалі на карысць развіцця Менска) сышла ў пясок, а нейкай уцямнай стратэгіі развіцця не праглядаецца.

Што ні справа, то ўсё пярэчыць здароваму сэнсу. І чым больш адмыслоўцы на гэта ўказваюць, тым часцей улады робяць насуперак.

Як прыклад эксперт прыводзіць вялікае перасяленне Нацыянальнага гістарычнага музею з цэнтру горада бліжэй да кальцавой дарогі — па сутнасці, улады ўскладнілі яго дасяжнасць для гараджан і турыстаў. Пры гэтым «за 30 год не знайшлося ні сродкаў, ні жадання» рэканструяваць і пашырыць існуючы музей, хоць быў шэраг праектаў і ідэй, як далучыць дваравую тэрыторыю, мансарду, іншыя будынкі і стварыць цэлы квартал, па аналогіі з мастацкім музеем.

Яшчэ адзін красамоўны прыклад — Маскоўскі аўтавакзал. На хвіліначку, аўтары праекту, якія ператварылі сціплую аўтастанцыю у вялікі вакзал, атрымалі Дзяржпрэмію Беларусі за гэта ландшафтна-архітэктурнае рашэнне. Што не перашкодзіла ўладам яго знесці ўсяго праз 15 год працы.

«Газпрам цэнтр» на ягоным месцы ўзводзяць больш за дзесяць год, тэрыторыя будоўлі расце, а тэрмін здачы аб’екты ўсё пераносяць.

Мінск, 2013. Маскоўскі аўтавакзал напярэдадні закрыцця…
…і што адбываецца на гэтым месцы ў апошнія некалькі год

У ліку страт Менска, якіх магло б не быць, адмысловец называе і Усходні аўтавакзал, а таксама цэнтральны, стыль якога, на яго думку, можна было б захаваць, а больш сучасны будынак дапасаваць.

— Мне гэта нагадвае падлеткавы крызіс, калі з-за пачуцця пярэчання падлетак робіць дыяметральна супрацьлеглае, чым тое, што раяць дарослыя, дасведчаныя людзі. Вы б ведалі, колькі год ландшафтнікі, біёлагі, навукоўцы тлумачылі, як зрабіць, каб Менск быў зялёным! Улады ж рэагавалі наступным чынам: ах, вы кажаце так? Так мы зробім наадварот.

У нулявыя гады, згадвае суразмоўца «Салідарнасці», у сферы аховы помнікаў спецыялісты імкнуліся нават не выносіць лішні раз да вялікага начальства ідэі і прапановы, а ціха рабіць сваю справу.

Паказальным стаўся «ліст 54» супраць паркінгу на Нямізе, што знішчаў гістарычную забудову: «З адкрытым лістом супраць будоўлі выступілі гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы. Пасля было яшчэ некалькі заклікаў «расплюшчыць вочы», але — з тым жа вынікам».

Паркінг у выніку пабудавалі. Адмысловец называе яго «рэдкасным эстэтычным уродствам, непрыдатным для функцыянавання». І не без яхідства дадае: шмат дзе на аб’екце квітнее цвіль, бо Нямігу штогод залівае. На гэтым фоне «рэнавацыя» будынку Белпрампраекту, які закрывае панараму Верхняга горада, ужо нават не здзіўляе.

— Толькі лянівы не спытаў, навошта на галоўным Менскім праспекце паставілі ліпы ў кадках і ці ёсць ад гэтага рашэння карысць гораду…

— І самае крыўднае: ёсць дзясяткі прыкладаў у суседніх краінах, дзе не менш, а мо больш забруджанае паветра (Кракаў, Варшава, іншыя вялікія гарады маюць аналагічныя праблемы) — але гэта вырашаюць. Ёсць спосабы, культура гарадскога азелянення. У нашым жа выпадку — чым больш крытыкі, тым горшае рашэнне прымаецца.

Апроч псіхалагічнага аспекту, адыграў сваю ролю і прававы нігілізм. Да яго ўсё ішло спакваля, былі шматлікія парушэнні існуючага заканадаўства, якое адчайна маніторыла Таварыства аховы помнікаў. Гэта было мужнае, адчайнае змаганне Антона Астаповіча і яго паплечнікаў — на жаль, у 90% марнае.

Пасля 2020 года, пасля славутай фразы «не да законаў» наогул усё пайшло ў разнос, і ніхто не баіцца знесці помнік архітэктуры. Імкнуцца ў куражы, у спаборніцтве безгустоўнасці навыперадкі здагадацца пра жаданні гаспадара картэжу, які праязджае міма, і «навесці парадак на зямлі». З-за чаго мы страцілі ўжо тысячы помнікаў.

Са збору помнікаў гісторыі і культуры (ілюстраваны каталог з анатацыямі выйшаў напрыканцы 1980-х) дзвюх трацін помнікаў ужо не існуе.

Эксперт перакананы: калі ўлады скароцяць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, гэта яшчэ больш пагоршыць сітуацыю, асабліва для помнікаў 2-3 катэгорыі. Бо задача — не ў тым, каб зберагчы памяць для наступных пакаленняў, а каб «хутчэй, вышэй, мацней, за пяцігодку навесці ўяўны парадак». Калі атрымаецца, прадаць.

Калі не і спадчына «нязручная» для афіцыйнага курсу гісторыі, то дачакацца, пакуль само разбурыцца — як сядзіба ў Старой Беліцы, езуіцкі касцёл у Мсціславе альбо кармеліцкі ў Вялікай Бераставіцы. А яшчэ лепей, знесці — каб не мець далейшай адказнасці і галаўнога болю.

Касцёл Св.Міхаіла Архангела ў Мсціславе. У 2017 годзе абрынулася калона і частка сцяны. Толькі тады ўлады ўзяліся за кансервацыю. Фота: planetabelarus.by

— Любыя праекты па рэстаўрацыі, рэнавацыі, рэвіталізацыі культурнага ландшафту ў цывілізаваных краінах (за якімі Лукашэнка не павёў Беларусь), пачынаюцца прэамбуламі: дзеля паляпшэння якасці жыцця лакальнай супольнасці. Не для турыстаў, якія могуць прывезці доўгі рубель, а для таго, каб самі людзі мелі пачуццё спрычыненасці — і, ускосна, нейкую капейчыну, — падкрэслівае культуролаг. — Гэтае чалавечае вымярэнне ў нас вынятае з дыскурсу наогул. Сёння ніхто не пытаецца меркавання месцічаў, чаго б яны жадалі, а дзяржава робіць, як захоча.

Таму ніхто не пытаўся пра забудову Залатой Горкі на каталіцкіх могілках. Як і «добраўпарадкаванне» Вайсковых могілак пачалі без абвестак — і тое, атрымалася нешта прытармазіць дзякуючы розгаласу і неабыякавым людзям.

Альбо ўзяць гісторыю з Чырвоным касцёлам: навошта было ствараць чарговы канфлікт, калі дзяржава магла проста дапамагчы вернікам аформіць будынак ва ўласнасць парафіі? І так паўсюль. І ніякай адказнасці для «адказных асоб» не прадугледжана.

За неаказанне дапамогі людзям у небяспецы, зазначае эксперт, закон карае. А за незахаванне памяці — атрымліваецца, што не.

Матывацыя ўсіх гэтых дзеянняў уладаў, на думку суразмоўцы «Салідарнасці», палягае ў тым, каб паказаць грамадству, беларусам, хто тут галоўны. І што чалавечую годнасць, меркаванне людзей ад імя дзяржавы можа зняважыць кожны чыноўнік. Проста таму, што можа.

Нельга разглядаць ахову культурнай спадчыны, як матэрыяльных помнікаў, так і нематэрыяльных, без шырэйшага кантэксту. Без павагі да правоў чалавека, без хоць нейкага права на выказванне, без 100% выканання правоў уласнасці на зямлю і нерухомасць.

А на самым версе гэтай піраміды мусіць быць задача дзяржавы. Напрыклад, Літва і Польшча рупяцца пра захаванне помнікаў з мэтай замацаваць нацыянальную ідэнтычнасць, падкрэсліць унікальнасць свайго народу. У нас, выглядае, улады кіруюцца дыяметральна супрацьлеглымі задачамі. Знішчыць усё тое, што было да сярэдзіны 90-х, спляжыць, зрэзаць — хто больш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)