Общество

«Інспектар кажа: «Глядзі, тады ў цябе застаецца толькі адзін варыянт. Трэба ехаць на СВА»

Вясна паразмаўлялі з былым палітвязнем, які цалкам адбыў тэрмін і нядаўна пакінуў Беларусь. Ён распавёў пра катаванні і правілы выжывання ў калоніі, а таксама, як гэта – быць беларускамоўным за кратамі ў Беларусі.

Да падзей 2020 года Сяргей (імя змененна ў мэтах бяспекі) працаваў у будаўнічай сферы і не меў актыўнай палітычнай пазіцыі. Усё змянілася пасля жорсткіх затрыманняў у Мінску. Мужчыну асудзілі на пяць гадоў па 130-м артыкуле, а ў няволі ён зазнаў жорсткае збіццё і катаванні электрашокерам, ізаляцыю з кавідам і ціск крымінальнікаў у калоніі.

Ілюстрацыйны фотаздымак

«Да 18 год расійскай мовы амаль не ведаў». Жыццё да затрымання

Герой гэтай гісторыі вырас у беларускамоўным асяроддзі. Як ён сам прызнаецца, да паўналецця ён практычна не карыстаўся рускай мовай. Гэты моўны падмурак пазней дапаможа яму ў няволі захаваць сваю ідэнтычнасць, нягледзячы на татальную цэнзуру і забароны.

– Я да 18 год расійскай мовы амаль не ведаў, толькі так, крышачку, школьны курс. Па-першае, вучыўся ў беларускамоўнай школе. Па-другое, у мяне маці выкладчыца беларускай мовы і літаратуры, таму ў хаце ўсе размовы, усё жыццё было толькі па-беларуску.

Ужо ў васямнаццаць гадоў, калі пайшоў працаваць пасля сканчэння школы, я быў вымушаны вывучыць расійскую, таму што асноўная частка людзей рабіла выгляд, што яна мяне не разумее. Гэта ж хуценька: калі кажаш, што не разумееш беларуса, усе разумеюць. Таму ўсё жыццё я размаўляў у асноўным на роднай мове.

Да пачатку пратэстаў мужчына займаўся ўсталёўкай аўтаматыкі для будаўнічых аб’ектаў. Актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці ён не браў, хаця заўсёды падтрымліваў тых, хто быў супраць улады.

Пасля выбараў пачаў хадзіць на мітынгі і дапамагаў валанцёрам ля ізалятара ў Жодзіна. Нагодай жа для яго ўласнага затрымання стаў перададзены ў інтэрнэт-рэсурсы факт пра сям'ю аднаго з высокапастаўленых сілавікоў. Мужчыну абвінавацілі па артыкуле аб «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК).

Сяргея затрымалі раніцай узімку 2021 года, калі ён выйшаў чысціць машыну ад першага моцнага снегу. Сілавікі ў цывільным дзейнічалі максімальна жорстка і выкарыстоўвалі спецсродкі, прызначаныя для жывёл, распавядае суразмоўца.

– Пад'ехаў чорны бус. Падляцелі адразу шэсць чалавек у масках, па двое схапілі за кожную руку. Праверылі тэлефон, кажуць: «Так, гэта ён». Мяне закінулі ў машыну і адразу пачалі збіваць. Спачатку толькі рукамі, білі ў асноўным па нагах і па тулаве. Па рацыі ім задавалі пытанні, ці чакаць далей маіх хаўруснікаў.

Яны пачалі тлумачыць, з якой нагоды мяне ўзялі, і дадалі, што зараз пойдуць да жонкі. Я пачаў раўці: «Не чапайце жонку! Што вы робіце?!» Пасля гэтых слоў яны пачалі мяне актыўна збіваць, пакуль я не страціў прытомнасць.

Збівалі электраашыйнікам на доўгай палцы

Збіццё працягнулася ля гарадскога вадасховішча. Калі мужчына ачуняў, яго палівалі вадой, называлі здраднікам і патрабавалі назваць імёны саўдзельнікаў. Для допыту выкарыстоўвалі нетыповую прыладу.

– Яны прыцягнулі электрашокер у выглядзе ашыйніка на доўгай палцы. Ён быў падобны на вілкі, якімі ў вёсцы ставяць жбан у печ. Канцы яго раз'ядноўваліся, атрымліваўся паўкруг.

Яны накідвалі яго на шыю і ззаду злучалі. Пачалі токам фігачыць: «Хто твае хаўруснікі? За колькі грошай зліваў даныя?» Разоў трыццаць ці сорак яны лупілі мяне гэтым электрашокерам, я перыядычна губляў прытомнасць. Гэта было жахліва ганебна, бо прылада хутчэй за ўсё прызначалася для ўтрымання жывёл.

У будынку ГУБАЗіКа ад затрыманага патрабавалі прызнанняў на камеру і цікавіліся планам «Перамога». Пры гэтым юрыдычнае афармленне дакументаў адбывалася з поўным ігнараваннем закону і часавых рамак.

– Завялі ў кабінет, паставілі на калені перад амапаўскім пластыкавым шчытом: «У бок глядзець у шчыт, стой». «Пакаяльнае відэа» пісалі не адну гадзіну. Яны патрабавалі гаварыць пэўнымі клішэ, а ў тым стане гэта было цяжка. Спынялі кадр і пагражалі зноў прынесці ашыйнік.

Яшчэ дачапіліся да плана «Перамога». Я сапраўды калісьці праходзіў па спасылцы, але пытанні там мне падаліся дзіўнымі, і я не памятаў, ці дайшоў да канца. У выніку мне склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта а 15-й ці 16-й гадзіне. Хаця затрымалі мяне раніцай ля дома. Гэта быў проста цырк.

«Не твая справа, не лезь». Кавід на Акрэсціна

Ілюстрацыйны фотаздымак

Пасля допытаў Сяргея кінулі ў ізалятар на Акрэсціна. Камеры былі перапоўненыя, людзі спалі на падлозе шчыльна адзін да аднаго і цярпелі ад клапоў. Неўзабаве ўсе затрыманыя ў камеры захварэлі на каранавірус. Замест медыцынскай дапамогі хворага змясцілі ў поўную ізаляцыю.

– Акрэсціна — гэта літаральна жах. Закінулі ў шасцімесную камеру, нас было ад 15 да 20 чалавек, усе спалі на падлозе. Клапы і вось гэтыя істоты, якія жаруць цябе – блохі, вошы. Ні туалетнай паперы, ні мыла.

Цёплую вопратку забралі, таму мы рукамыйнік анучкамі забівалі, налівалі гарачай вады, ад яе ішла пара і так было хаця б крышачку цяплей.

Сімптомы з'явіліся праз тры-чатыры дні. Высокая тэмпература, кашаль, зніклі смак і пах. Калі прыйшоў следчы са Следчага камітэта і пабачыў мой стан, ён прапанаваў ахоўніку выклікаць доктара. Супрацоўнік Акрэсціна адкрытым тэкстам паслаў яго: «Не твая справа, не лезь».

Сяргея спрабавалі перавесці на Валадарку, але СІЗА адмовілася яго прымаць. Замест шпіталізацыі мужчыну проста закінулі ў адзіночку і перасталі карміць.

– Мяне вярнулі на Акрэсціна ў асобную камеру. Далей я мог толькі ляжаць. Колькі прайшло часу, не ведаю. Нічога не давалі з лекаў. Адзін раз нехта адкрыў кармушку і кінуў цэлую буханку хлеба. Яна так на падлозе і валялася.

«Дзверы па перыметры заклеілі цыратай на скотч». Адзіночка ў Жодзіна

У турме ў Жодзіна, куды яго пазней этапавалі, умовы ўтрымання набылі сюррэалістычны характар, кажа герой. Зняволены працягваў знаходзіцца ў паўпрытомным стане без сувязі з вонкавым светам.

– Мяне змясцілі ў карцар, а ўсе дзверы па перыметры заклеілі цыратай на скотч. Чую, адкрылася кармушка і доктарка пачала вітацца. А вертухай побач кажа ёй маўчаць і нічога мне не казаць. Змералі кісларод, зачынілі кармушку і зноў заклеілі цыратай. Толькі на наступны дзень я выпрасіў у яе інфармацыю. Яна сказала, што сёння 18 снежня і я ў турме нумар восем.

Толькі 21 снежня да мяне трапіў адвакат, якога наняла жонка. Тады я даведаўся, што ўвесь гэты час быў у афіцыйным вышуку, бо жонка не магла мяне знайсці.

«Нашы сілавікі класныя». Судовы канвеер

Судовы працэс пачаўся летам 2022 года. Па словах былога вязня, пасяджэнні нагадвалі фарс, дзе ігнараваліся ўсе хадайніцтвы абароны. Артыкул абвінавачвання падчас следства змяняўся пяць разоў, пакуль не спыніўся на 130-м.

– На першым пасяджэнні суддзя зачытаў маё хадайніцтва з просьбай патлумачыць юрыдычныя падставы майго артыкула і сказаў, што адкажа напрыканцы. У выніку адказу ніякага не было, адказам стаў прысуд на пяць гадоў. Жонцы яшчэ ў дзень затрымання сілавікі скідвалі з майго нумара кавалкі відэа допыту. Яна зрабіла скрыншоты. Суд заявіў, што гэтага не можа быць, бо нашы сілавікі класныя, вы ўсё хлусіце, а скрыншоты не лічацца.

Асабліва абсурдным эпізодам стала прызначэнне псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы. Суддзя цалкам праігнараваў той факт, што падсудны і эксперт мелі даўні асабісты канфлікт, а дакументы былі аформленыя з памылкамі.

– Гэты эксперт калісьці быў маім начальнікам, і мы з ім моцна лаяліся ў 2012 ці 13-м годзе. Я сказаў пра гэта ў судзе, бо па законе ён не мог рабіць маю экспертызу праз асабістую непрыязнасць. Суддзя павярнуўся да адваката і кажа: «На халеру мне пра гэта ведаць? Гэта было даўно, таму не можа ніяк улічвацца».

А псіхалагічная экспертыза ўвогуле была выпісана на імя іншага чалавека. Экспертка прызнала ў судзе, што нібы проста памылілася. І суд гэта прыняў. Ніякім працэсуальным момантам не надавалася ніякай ўвагі.

ПК-22, «блатныя» і псіхалагічнае выратаванне

У лістападзе мужчыну этапавалі ў папраўчую калонію № 22 «Ваўчыныя Норы». Там ён сутыкнуўся з сістэмай ціску, якую адміністрацыя рэалізуе рукамі крымінальнікаў, кажа герой. Пры гэтым суразмоўца падкрэслівае, як моцна змянілася прапорцыя палітычных вязняў за час яго зняволення.

– У 22-м і 23-м гадах асуджаных па палітычных артыкулах было ад 25 да 30 адсоткаў. А ў 26-м годзе мы пералічылі – нас засталося ад сілы 12-15 адсоткаў. У атрадах было дужа цяжка знаходзіцца праз так званых «блатных». Яны робяць выгляд, што нібыта супраць адміністрацыі, а насамрэч гэта яе бліжэйшыя хаўруснікі.

У іх была канкрэтная задача максімальна прыціскаць палітычных правакацыямі на бойку ці на парушэнне.

У мяне, напрыклад, псарыяз. Ён бачны. Яны крычалі: «А, бля*зь, ты нас пазаражаць прыехаў!» Маглі падкінуць забароненую рэч у тумбачку. Лішняя лыжка ці дадатковы пачак кавы — і цябе адпраўляюць у ШІЗА. А людзі адтуль выходзяць проста сіняватага колеру і схуднелыя праз холад, бо там не спяць.

«Уратуй сябе». Суполка ўзаемадапамогі ў калоніі

Каб не трапіць у ізалятар і захаваць здароўе, палітычныя вязні гуртаваліся ў нефармальную сетку ўзаемадапамогі, якая дапамагала навічкам не звар'яцець.

– Мы стараліся тлумачыць новым людзям, што не трэба станавіцца ў позу, бо бессэнсоўна, проста згубіш здароўе. У нас склалася такая суполка, якую можна назваць «Уратуй сябе». Калі прывозяць новага чалавека, у яго адбіраюць максімальна ўсё. Мы дапамагалі ежай, бялізнай, вопраткай. Абавязкова псіхалагічная падтрымка. Шмат хто з людзей, якія ніколі гэтым не займаліся, пачалі пісаць вершы. І ім абавязкова трэба было з кімсьці падзяліцца, паразмаўляць наконт будучыні.

Але як толькі адміністрацыя заўважала такую самадапамогу, нас адразу раскідвалі па розных атрадах. Таму што з боку так званых БЧБшнікаў ніякай дапамогі нікому быць не мусіць.

«Зэкі знаходзяцца паміж молатам і кавадлам». Прамзона

Каб пазбегнуць пастаянных канфліктаў у атрадзе, герой папрасіўся працаваць у прамысловую зону ў дзве змены. Умовы працы там аказаліся скрайне цяжкімі, бо прамзона была яшчэ і полем бюракратычнай вайны паміж рознымі міліцэйскімі структурамі, распавядае Сяргей.

– Адміністрацыя зоны і адміністрацыя прамысловай зоны ў ПК-22 – гэта розныя ўстановы. Прамзона – гэта філіял папраўчай калоніі №5 у Даманава. У іх вечныя войны паміж сабой, а зэкі знаходзяцца паміж молатам і кавадлам. На прамысловай зоне ў цябе целагрэйка мусіць быць сіняга ці сіне-аранжавага колеру. На жылой зоне яна можа быць толькі чорнага. Калі ты па прамзоне ходзіш у чорнай целагрэйцы – складуць паперу за парушэнне формы. А каляровую табе проста не выдаюць. Ты тлумачыш супрацоўніку, што іх няма ў наяўнасці, а яму ўсё адно.

Тэхнічнае забеспячэнне і бяспека нагадвалі мінулае стагоддзе, пакуль сваякі палітвязняў не пачалі масава пісаць скаргі на волі.

– Сродкаў індывідуальнай абароны амаль няма. Улетку патрабуюць насіць акуляры, якія ад поту адразу запацявалі. Здымеш і адразу выпішуць парушэнне. Абутак з жалезнымі насамі мусяць выдаваць, бо цягаеш цяжкія рэчы, якія адбіваюць ногі. Але мне выдалі такі абутак толькі ў жніўні 25-га года. Паднялася цэлая хваля, родныя з волі пісалі лісты ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Толькі тады праз скрып нешта з'явілася.

Але якасць тых ботаў канешне жахлівая. У мяне падэшва лопнула праз два тыдні. Боты прызначаны на год, як хочаш, так і хадзі.

Трэба рэзаць дровы. Ёсць бензапілы, але іх забіраюць. Даюць ручныя пілы «Дружба-2» савецкіх часоў, і мы ўдвух рукамі пілавалі вялізныя бярвенні. Навошта піліць рукамі, калі ёсць бензапілы? З мэтай таго, што зэк павінен пакутаваць. А норму пры гэтым ніхто не адмяняў.

Не меншым выпрабаваннем быў звычайны паход у душ пасля цяжкай фізічнай працы. Адміністрацыя прынцыпова не вырашала побытавыя праблемы, ствараючы штучны дэфіцыт.

– Яшчэ адна жахлівая рэчы на промцы – гэта душ пасля працы. На ўчастку, дзе працуе сорак чалавек, магло быць усяго два ці тры краны, так званыя «саскі». На ўсё даецца максімум 40 хвілін. Фізічна проста немагчыма, каб усе памыліся. Мыліся пад адным «саском» па два чалавекі, мяняліся адразу.

За гэты час трэба было яшчэ папраць брудную бялізну. А дырэктар прамзоны бегаў і крычаў: «Вы што, з глузду з'ехалі тут свае шкарпэткі праць?! Не смець!» Ён прылятаў і выкідваў нашы рэчы. Калі вырашыць гэтыя побытавыя дробязі, яны лічаць, што зэку стане жыць лягчэй і ён перастане працаваць.

Беларуская мова ў няволі і зніклыя вершы

Нават у такіх жорсткіх умовах палітвязні знаходзілі спосабы падтрымліваць сваю ідэнтычнасць. Сярод зняволеных з'явіўся нават свой жарт наконт моўных аб'яднанняў, распавядае Сяргей.

– У 23-ім, 24-м годзе аматары беларускай мовы перыядычна маглі сабрацца ў гурточак чалавекі тры, дзесьці засесці ў закуток і крышачку паразмаўляць. Гэта надавала таямнічасці, бо мы ведалі прымаўку: «Адзін беларус – патрыёт, другі – партызан. Два беларусы – гэта партызанскі атрад, а тры беларусы – гэта партызанскі атрад і здраднік».

Вельмі натхняў Рыгор Андрэевіч Кастусёў, які прынцыпова з усімі размаўляў толькі па-беларуску. Гэта цудоўнейшы чалавек, які ратаваў псіхіку шмат каго з нашых хлопцаў. Колькі разоў прыляталі вышэйшыя афіцэры і раўлі на яго: «Не смець!», а ён усё роўна катаў па-беларуску.

Ліставанне на роднай мове ператваралася ў сапраўдную латарэю. Адміністрацыя часта адвольна блакавала такія лісты, асабліва калі ў іх утрымліваліся вершы.

– Я спрабаваў пісаць лісты і свае вершы сваякам па-беларуску. Гэтыя лісты проста губляліся. Яны не даходзяць ні да родных, ні вяртаюцца табе. Калі я напісаў зварот да цэнзара з просьбай патлумачыць прычыну, мне вярнулі канверт. На ім было напісана: «Згодна з пунктам ПВР я не адправіў гэты ліст».

Самая забароненая кніга ў зоне – гэта Правілы ўнутранага распарадку. Я знаходжу гэты пункт, а там напісана, што лісты могуць быць не адпраўлены, калі ёсць абразы «ці інш. ». Вось гэтым «ці інш.» яны і карыстаюцца. Да жонкі цудам дайшоў толькі адзін верш.

Прапанова паехаць на СВА і цудоўныя ўцёкі

Пасля поўнага адбыцця тэрміну выпрабаванні не скончыліся. Мужчына вызваліўся ў летам 2026 года і адразу адчуў, што сістэма працягвае ціснуць. Ад яго патрабавалі немагчымага – уладкавацца на працу без дакументаў, будучы ў «спісе тэрарыстаў», кажа герой.

– На наступны дзень па вызваленні паехаў станавіцца на ўлік у РУУС. Мяне пафатаграфавалі з усіх бакоў, зрабілі 3D-мадэль. Адразу сказалі тэрмінова ўладкоўвацца на працу, бо пакуль не ўладкуюся, буду штодня ездзіць да іх адзначацца па паўтары гадзіны. Я пытаюся, як гэта зрабіць, калі мая працоўная кніжка і вайсковы білет зніклі на ўласным судзе.

У ваенкамаце мне заявілі, што зараз складуць пратакол і прызначаць штраф за згублены білет. А інспектар па наглядзе дадаў: «Калі прызначаць штраф, то мы цябе яшчэ пасадзім на суткі».

На наступную раніцу інспектар РУУС павёз мужчыну і іншых вызваленых на кірмаш вакансій.

– Мяне падводзяць да супрацоўніцы прадпрыемства з Шабаноў. Я адразу кажу, што мяне немагчыма ўладкаваць, бо я ў дзяржаўных «спісах тэрарыстаў» і не магу нават адкрыць рахунак у банку. Мой інспектар прапануе: «А можа, вы будзеце плаціць яму наяўнымі?» Жанчына абурылася: «Вы разумееце, што прапануеце? Мы яму заплацім наяўнымі, а паслязаўтра вы прыйдзеце і арыштуеце нас за фінансаванне тэрарызму».

Выйшаўшы з кабінета, інспектар прапанаваў былому палітвязню вельмі дзіўны спосаб вырашэння ўсіх ягоных праблем з працаўладкаваннем.

– Ён кажа: «Глядзі, тады ў цябе застаецца толькі адзін варыянт. Трэба ехаць на СВА (так афіцыйныя ўлады ў Беларусі і Расіі называюць вайну ва Украіне). Вось у нас ужо трое паехала такіх, як ты, палітычных, якія ў «спісах тэрарыстаў». Праўда, толькі адзін вярнуўся, але прывёз з сабой 40 тысяч даляраў. Разумееш, якія багацці там?»

Я яму адказваю, што гэта найміцтва, крымінальны артыкул. А ён запэўнівае: «Ты ж разумееш, што ў нас усё разглядаецца прыватна. Калі ты паедзеш на той бок, я ўпэўнены, што ўсё будзе разгледжана і цябе не прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Тут збіраюцца спецыяльныя камісіі, таму падумай».

Разумеючы, што далей будуць толькі ператрусы і ціск, мужчына вырашыў неадкладна бегчы з краіны. Яму ўдалося скарыстацца бюракратычным збоем у сістэме МУС.

– Калі я вызваляўся, я падпісаў паперу, што забарона на выезд знятая. У РАУС інспектарка кажа: «Я вось зараз у гэтую секунду табе стаўлю забарону!» Але іх там чатыры інспектары, і ў іх амаль 400 паднаглядных. Яны не паспяваюць нават зрабіць папяровую працу. Хутчэй за ўсё, яны проста не паспелі яе ўключыць у базу, каб я з'ехаў і зняў з іх пытанні.

Я правяраў 24-га, 25-га, 26-га чысла, але забароны не было. Я сабраў заплечнік з майкамі і наскамі і з'ехаў.

Жыццё ў Польшчы і прынцыповая адмова ад расійскай мовы

Сёння Сяргей знаходзіцца ў бяспецы і чакае атрымання дакументаў на міжнародную абарону. Ён жыве ў шэлтары, дзе яму дапамагаюць прайсці адаптацыю пасля няволі. Асаблівую ўвагу ён надае вывучэнню мясцовай мовы, цалкам адмовіўшыся ад рускай.

– Я абавязкова вывучаю польскую мову. Па-першае, яна прыгожая і лагічная, мне яна падабаецца. Па-другое, палякі не ведаюць ангельскай. А расейская, шчыра кажу, я не хачу карыстацца расейскай мовай. Я ёй карыстаюся толькі калі ўжо ўсё, вострая неабходнасць.

Мне дужа пашчасціла з людзьмі ў шэлтары. Мяне ўсюды водзяць, паказваюць правілы, законы, дапамагаюць сацыялізавацца. А самае неверагоднае – гэта сустракаць тут тых, з кім сядзеў. Абняліся, і проста шчаслівыя, што на волі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)