Общество

Антусевіч: «Узгадаў Бураўкіна і тую сустрэчу ў СІЗА ў Магілёве»

З нагоды 90-годдзя паэта былы палітвязень, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч расказаў пра выпадак, які здарыўся з ім падчас зняволення.

— 28 жніўня была 90-я гадавіна з дня нараджэння выбітнага беларуса, паэта і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна, — піша Антусевіч.

Мне пашчасціла быць знаёмым з Генадзем Мікалаевічам дзякуючы галоўрэду «Салідарнасці» Аляксандру Старыкевічу. Менавіта ён пазнаёміў мяне з Бураўкіным, мы мелі магчымасць паразмаўляць і, як мне падаецца, гэтыя нашыя разважанні былі надрукаваныя ў газеце.

Але апошні раз я ўзгадаў Бураўкіна і тую сустрэчу ў СІЗА ў Магілёве ў сакавіку 2023 года. Я патрапіў туды этапам з «Валадаркі» 30 студзеня. І паўтары месяцы жыў ў чаканні «апеляшкі» ў адной з камер на 18 месцаў, пакуль турэмнае начальства не прыдумала «атракцыён» для палітычных.

Кожны тыдзень пасля праверкі дзесці пасля абеду «прадольны» адчыняў кармушку і называў прозвішчы, каму трэба было сабраць ўсе свае рэчы і разам з «ватай» выйсці з адной і патрапіць ў іншую «хату». Першыя тыдні тры гэта мяне злавала, потым прывык, а пазней стала ўсё роўна і нават дзесці спадабалася... 

Сяргей Антусевіч падчас суда

Камеры былі настолькі розныя па насельніках, парадках, што пачынаеш для сябе адзначаць пэўныя перавагі ці недахопы. Кнігі з бібліятэкі пераносіць забаранялі, таму часта магло апынуцца так, што ў новай хаце пачытаць не было чаго. Гэта хіба было найгоршым выпрабаваннем. Бо ў падпісцы ўжо нічога талковага не было, а ў першай маёй магілёўскай «хаце» я дамовіўся з сукамернікам-карупцыянерам аб падзеле падпіскі. Такім чынам ён выпісаў «СБ» і «чыгуначную» газету, а я два выданні красвордаў-сканвордаў.

Пасля ж першага «кілішавання» наша пагадненне страціла моц натуральным чынам. І вось, калі новая камера была зусім «змрочная» па занятках, мне нічога не заставалася, як толькі гадзінамі «бамбіць» сканворды. 

Чацвёртай па ліку маёй хатай была нумар 45. Я разумеў, што да этапу ў калонію мне заставалася максімум пару тыдняў, то і абжывацца ўжо не трэба было. Кнігі былі, ўсё астатняе таксама ў двух вялізных «кешарах».

І вось на другі дзень я заўважыў, што моладзь, што рыхтуе стол да абеду ў якасці абруса, разбірае на аркушы нейкі часопіс. За сталом я ўжо ўбачыў, што гэта быў «Дзеяслоў». Хто яго выпісваў, прынёс і пакінуў я не даведаўся, але папрасіў яго не знішчаць, прынамсі пакуль я не прачытаю тое, што ад яго засталося. 

І вось тут мяне чакаў сюрпрыз. Перапіска Быкава з Бураўкіным. Я імгненна перанёсся ў палітычна-грамадскі вір падзеяў 90-х і пачатку 2000-х, бо ўжо сам удзельнічаў у многіх з’ездах, кангрэсах і выбарах. Таксама было нечаканай прыемнасцю пабачыць, што Генадзь Мікалаевіч узгадвае працу ў «Салідарнасці», газеце Беларускага Незалежнага прафсаюза, куды яго запрасіў Старыкевіч.

Я быў тады пад вялікім ўражаннем некалькі дзён і ў думках дзякаваў невядомаму мне чалавеку, што выпісваў «Дзеяслоў» і пакінуў мне пачытаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)