«Трэба ратаваць Сьцяпана». Што магло давесьці Латыпава да трэцяй спробы суіцыду
Палітзьняволены Сьцяпан Латыпаў трэці раз учыніў спробу самагубства. Вядомага арбарыста шосты год трымаюць за кратамі з палітычным абвінавачаньнем. Радыё Свабода — пра тое, што магло давесьці палітвязьня да суіцыду.
Паводле былога турэмнага лекара Васіля Завадзкага, Латыпаў знаходзіцца ў відавочна нялюдзкіх умовах, якія прымушаюць яго да крайніх крокаў. Сьцяпана трэба тэрмінова ратаваць, лічыць былы палітвязень Аляксандар Кабанаў. «Суіцыдальныя думкі, паўтара году ў «адзіночцы», — згадвае леташнюю сустрэчу з Латыпавым былы палітвязень Эдуард Пальчыс.
Пальчыс: Ён быў у вельмі дрэнным стане
Як стала вядома праваабаронцам, у ліпені 2025 году палітзьняволенага, жыхара менскай «Плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава перавялі з магілёўскай турмы № 4 ў ПК № 22 «Воўчыя норы», дзе адразу зьмясьцілі ў ШЫЗА, а затым у ПКТ («памяшканьне камэрнага тыпу»). Там Сьцяпан парэзаў сабе вены і там жа іх зашывалі. Вядома, што ў турме палітвязень прасіў адзіночнага ўтрыманьня.
У ПКТ палітвязьня трымалі ў дрэнных умовах: у камэры не было разэткі, кіпень давалі двойчы на дзень. Прыкладна ў верасьні 2025 году Сьцяпана зноў перавялі ў турму. Сам Сьцяпан нібы казаў, што ня бачыць сэнсу жыцьця і ня вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.
Былы палітвязень Эдуард Пальчыс, асуджаны на 13 гадоў і дэпартаваны зь Беларусі сёлета ў сакавіку ў выніку перамоваў ЗША з уладамі Беларусі, згадаў у допісе ў Фэйсбуку сваю сустрэчу зь Сьцяпанам Латыпавым у верасьні 2024 году, падчас этапу.
— Я перасякаўся з ім толькі адзін раз у турме № 4 ў Магілёве, на этапе ў верасьні 2024-га. Ён быў у вельмі дрэнным стане. Суіцыдальныя думкі, паўтара году ў «адзіночцы». Яму давалі нейкі час ня ўсю турэмную ежу (толькі хлеб, яйкі і штосьці яшчэ). У яго пачалася цынга, але доктар заўважыў у патрэбны момант.
Пры гэтым летам 2024-га да яго прыяжджалі з пракуратуры наконт памілаваньня. І ён падпісаў просьбу аб ім. Усё гэта з словаў Сьцяпана.
Завадзкі: Відавочна, што для Латыпава створаныя асаблівыя ўмовы
Былы начальнік мэдычнай службы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Васіль Завадзкі адпрацаваў у сыстэме турэмнай мэдыцыны больш за чвэрць стагодзьдзя — ад сярэдзіны 1980-х да 2010 году. Цяпер ён праваабаронца, прадстаўнік арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасьць».
Васіль Завадзкі кажа, што Латыпаў знаходзіцца ў відавочна нялюдзкіх умовах, якія прымушаюць яго да крайніх крокаў.
— Для кожнага чалавека жыцьцё — найвялікшая каштоўнасьць. І калі ён ідзе на такое, можна толькі ўявіць, што ён перажывае. Калі казаць пра пэнітэнцыярную сыстэму, відавочна, што для яго створаныя асаблівыя ўмовы. Безумоўна, ёсьць і асабістыя фактары — характар, выхаваньне. Але ў такіх выпадках павінны працаваць псыхолягі і псыхіятры, якія мусяць надаваць асаблівую ўвагу такім людзям. Вельмі сумняваюся, што гэта адбываецца.
І яшчэ: гэта сьведчыць, што чалавек не агрэсіўны. Яго дзеяньні дэструктыўныя, але накіраваныя толькі на сябе. Гэта таксама ставіць пад сумнеў агульную лёгіку яго ўтрыманьня.
Пытаемся Васіля Завадзкага, якія дзеяньні павінна прадпрымаць адміністрацыя, калі у зьняволеньні знаходзіцца чалавек, які рабіў спробы суіцыду.
— Калі ёсьць схільнасьць да суіцыду, чалавека ставяць на спэцыяльны ўлік. Гэта азначае ўзмоцненае назіраньне: ён не павінен доўга заставацца адзін і не павінен знаходзіцца ў умовах, дзе можа нанесьці сабе шкоду. Часта адміністрацыя выкарыстоўвае ШЫЗА або ПКТ, дзе ёсьць відэаназіраньне і рэгулярны кантроль. Хутчэй за ўсё, ён зараз знаходзіцца ў такіх умовах.
Камэнтуючы допіс Эдуарда Пальчыса аб працяглым знаходжаньні Латыпава ў «адзіночцы», былы турэмны лекар кажа пра зачараванае кола.
— Многія вязьні кажуць, што адзіночнае ўтрыманьне моцна б’е па псыхіцы. Гэта можа прывесцы да дэпрэсіі і суіцыдальных думак. Зь іншага боку, адміністрацыі прасьцей кантраляваць чалавека ў ізаляцыі. Але гэта не найлепшы варыянт. Лепш, калі чалавек знаходзіцца з іншымі, — гэта зьніжае рызыку.
Былы палітвязень, які пажадаў захаваць ананімнасьць, таксама рабіў некалькі спробаў суіцыду за кратамі. Ён кажа Свабодзе, што суіцыднікаў нельга трымаць у «адзіночцы».
— Калі Латыпаў сядзеў на «Валадарцы», то пасьля таго выпадку ў судзе ў яго забралі ўсе рэчы, «кармушка» ў камэры была пастаянна адчыненая, на калідоры пастаянна дзяжурыў канваір, яму адмыслова паставілі там крэсла, бесьперапынна глядзелі ў камэру, каб Латыпаў зноў сабе нечага не зрабіў.
Яго рэчы занесьлі ў адмысловы пакой, і калі яму трэба было нешта забраць, то ён прасіў, яго выводзілі туды і пад наглядам давалі нешта ўзяць. Бо тады, а гэта мо год 2021 прыкладна, яны баяліся, каб ён сябе не забіў, але на «Валадарцы» самы мяккі рэжым быў з усіх СІЗА і шмат хто з аховы спачуваў палітычным.
Кабанаў: Трэба ратаваць Латыпава
«Латыпава, і, вядома, ня толькі яго, трэба ратаваць», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку былы палітвязень Аляксандар Кабанаў, які адседзеў 2,5 году і рэзаў сабе вены ў зьняволеньні. Паводле яго, гэта не было ні суіцыдам, ні спробай суіцыду, а абаронай сваіх правоў у сытуацыі, калі яму стварылі кепскія ўмовы для жыцьця.
Аляксандар ня ведае, што магло прывесьці Сьцяпана Латыпава да адчайнага кроку.
— Насамрэч у беларускіх калёніях гэта звычайная рэч. Я шмат такіх людзей бачыў. Я ня ведаю абставінаў, з чым гэта зьвязана — зь яго дрэнным псыхалягічным станам, ці ён насамрэч хоча скончыць жыцьцё самагубствам, ці ён такім чынам адстойвае свае правы, як гэта было ў мяне, напрыклад.
Паводле Кабанава, пра гэтую гісторыю павінны даведацца як мага больш людзей, і асабліва прадстаўнікі ЗША, якія вядуць перамовы з Лукашэнкам.
— Трэба, каб пра гэта гаварылі. І гаварылі ня толькі пра Сьцяпана Латыпава, бо шмат хто ў падобных абставінах, але мы пра гэта ня ведаем. Трэба гэтае пытаньне задаваць непасрэдна тым, хто ўдзельнічае ў перамовах з Лукашэнкам: колькі такіх выпадкаў і дакуль гэта будзе.
Я пачытаў інтэрвію Коўла: ён прапануе літоўскім уладам пачынаць размову з Лукашэнкам. Але там няма пра што размаўляць, калі людзей забіваюць у калёніях, калі ў людзей забіраюць розум. Можа, трэба спачатку не пра калій ці банкі гаварыць, а пра тое, што адбываецца зь людзьмі ў турмах. Я ня ведаю, ці даносяць да яго гэтую інфармацыю, гэтую аналітыку. Можа, ён ведае, але я ня ведаю, як ідуць гэтыя перамовы.
Паводле Кабанава, калі вызваляюць людзей, у першую чаргу трэба ставіць пытаньне пра тых, хто на мяжы: у каго вельмі дрэнны псыхалягічны стан, хто ўжо спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, каб яны былі ўключаныя ў сьпісы.
— У мяне такое адчуваньне, што амэрыканцы могуць гэта зрабіць. І Лукашэнка ім не адмовіць.
Пытаемся ў былога палітвязьня, ці мог гэты адчайны крок быць выкліканы тым, што Сьцяпан чакаў уключэньня ў сьпісы на вызваленьне, але гэтага не адбылося. Аляксандар Кабанаў кажа, што такое можа быць, але неабавязкова.
— Калі чалавек вельмі доўгі час знаходзіцца ў «адзіночцы» і на яго ідзе моцны псыхалягічны ціск – ён проста ўжо не ў сабе. Я гэта ведаю па сабе і па іншых людзях. Я бачыў чалавека, які 20 гадоў правёў у «адзіночцы». Там ад чалавека амаль нічога не засталося. І тое, што Латыпава пастаянна трымаюць у ПКТ, у ШЫЗА – гэта ўсё ўплывае.
Таму тут больш псыхалягічны стан. Я ўпэўнены: калі б у яго былі ўмовы, як у іншых – атрад, кантакты з роднымі, адвакат, ліставаньне, магчымасьць атрымаць перадачы – гэтага б ня здарылася. І невядома, ці ён увогуле ведае пра гэтыя вызваленьні. Бо ёсьць рэжым, калі людзі нават ня ведаюць, што адбываецца звонку. Таму складана сказаць.
«Воўчыя норы», дзе трымаюць Латыпава, — адна з самых жорсткіх калёніяў Беларусі
Папраўчая калёнія № 22 каля Івацэвічаў для асуджаных на калёнію ўзмоцненага рэжыму — адна з найбольш жорсткіх і закрытых пэнітэнцыярных установаў Беларусі. Яе неафіцыйная назва «Воўчыя норы» стала сымбалем строгіх умоваў утрыманьня, ізаляцыі і псыхалягічнага ціску, пра якія рэгулярна паведамляюць былыя палітвязьні, былыя зьняволеныя і праваабаронцы. Начальнік калёніі — Віктар Сьвірыд.
Паводле сьведчаньняў былых вязьняў, у «Воўчых норах» шырока выкарыстоўваюць ШЫЗА і памяшканьні камэрнага тыпу. Асобнай праблемай называюць псыхалягічнае ўзьдзеяньне. «Воўчыя норы» рэгулярна згадваюць у справаздачах праваабаронцы і ў сьведчаньнях былыя вязьні як месца, дзе жорсткі рэжым і ізаляцыя становяцца галоўнымі інструмэнтамі ціску.
У розныя гады праз івацэвіцкую папраўчую калёнію № 22 прайшлі шэраг палітычных зьняволеных: Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Алесь Пушкін, Рыгор Кастусёў, Дзьмітры Семчанка ды іншыя.
Сьмерці за кратамі ў выніку самагубства
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 27 сакавіка 2026 году ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 908 чалавек, паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby — 946 чалавек. У рэальнасьці такіх людзей можа быць значна больш. Пасьля вызваленьня некаторыя былыя вязьні прызнаюцца, што ў зьняволеньні спрабавалі забіць сябе, бо ня верылі больш, што пабачаць сваіх блізкіх і родных.
На гэты момант вядома прынамсі пра двух асуджаных паводле палітычных падставаў беларусах, якія маглі загінуць у зьняволеньні праз самагубства.
Трэцяга верасьня 2025 году ў магілёўскай калёніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расеі Андрэй Паднябенны. Палітвязьня двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і восем месяцаў зьняволеньня. За кратамі ён правёў амаль чатыры гады. Прычынай сьмерці Андрэя Паднябеннага, паводле дакумэнтаў, стала ўдушша. Іншыя абставіны сьмерці палітвязьня пакуль невядомыя. Афіцыйныя крыніцы ў сілавых структурах ніяк не камэнтавалі гібель Андрэя. У яго засталіся трое дзяцей.
Яшчэ адзін палітвязень скончыў жыцьцё за кратамі ў 2022 годзе. Будаўніку Дзьмітрыю Дудойцю з Смаргоняў было 43 гады. Яго асудзілі на два гады «хіміі» за «абразу міліцыянта» у сеціве. Адбываць пакараньне Дзьмітрыя накіравалі ў Магілёў 29 сьнежня 2021 году. На «хіміі» ён правёў усяго тыдзень. У пачатку студзеня 2021 году Дудойця адправілі з «хіміі» у паліклініку на камісію. Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, назад ён вяртаўся без суправаджэньня. Тады і скочыў з мосту ўніз на праезную частку і разьбіўся насьмерць. У яго на волі засталіся партнэрка і сын-студэнт.
Гісторыя палітычнага перасьледу Сьцяпана Латыпава
Сьцяпана Латыпава затрымалі ў верасьні 2020 году ў двары «Плошчы Перамен» у Менску, у ягоным мікрараёне, вядомым сваімі пратэставымі настроямі. Сьцяпан выйшаў у двор абараніць мурал пратэсту, які жыхары дому аднавілі пасьля зьнішчэньня камунальнікамі, і неўзабаве яго затрымалі амапаўцы.
У 2021 годзе Сьцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў (8700 рублёў). Латыпава прызналі вінаватым паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), артыкулу 363 («супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак») і часткі 4 артыкулу 209 («махлярства ў асабліва буйным памеры»).
Як дырэктара кампаніі «Беларба» яму інкрымінавалі тое, што ён нібыта ўводзіў у зман кліентаў пры аказаньні паслугаў хімічнай абароны расьлін. Ні ў водным з пунктаў абвінавачаньня Латыпаў віны не прызнаў. На судзе ён расказаў, як зь ім абыходзіліся пасьля затрыманьня.
«Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся», — сказаў Сьцяпан Латыпаў пра катаваньні пасьля затрыманьня.
На знак пратэсту супраць пастаяннага ціску адміністрацыі проста на судовым паседжаньні Сьцяпан уваткнуў сабе ў горла асадку. Праз гэты ўчынак Латыпава паставілі на асаблівы ўлік як «схільнага да самагубства», для яго ўмовы зьняволеньня ўскладніліся. Гэта была першая ягоная спроба самагубства.
На знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі Сьцяпан глытаў лязо і рэзаў сабе вены. Гэта была другая спроба самагубства. Пасьля гэтага, восеньню 2022 году Сьцяпану зьмянілі рэжым утрыманьня і перавялі на два гады ў магілёўскую турму № 4. У ліпені 2025 году палітзьняволенага жыхара менскай «Плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава перавялі з магілёўскай турмы № 4 ў ПК № 22 «Воўчыя норы», дзе адразу зьмясьцілі ў ШЫЗА, а затым у ПКТ.
Читайте еще
Избранное