Статкевіч: «Мёртвыя не вінаватыя, калі іх скарыстоўваць у палітычных гульнях ды інфармацыйных войнах»

Палітык усклаў кветкі да магілы лётчыка Барыса Акрэсціна.

Фота: тэлеграм-канал Міколы Статкевіча

— Мёртвыя не вінаватыя, — піша Мікола Статкевіч. —Напрыканцы чэрвеня 2020 года, падчас адбывання арышту ў ізалятары на вуліцы імя Акрэсьціна мне завочна дадалі яшчэ 15 сутак арышту.

За «правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» — ускладання 8 мая таго ж года на Вайсковых могілках Мінска кветак да магіл загінуўшых салдат.

Я думаю, што цяжка знайсці больш красамоўнае сведчанне сапраўднага стаўлення ўлад да памяці шматмільённых ахвяр той, развязанай таталітарнымі рэжымамі вайны.

Сама традыцыя ўскладваць кветкі на салдацкія магілы 8 мая — у дзень, калі насамрэч у Еўропе завяршылася крывавая бойня, была распачатая аж у 1992 годзе дэлегатамі 1-га з’езду «Беларускага згуртавання вайскоўцаў».

Дэлегаты — афіцэры-беларусы, якія служылі ў розных кутках СССР, прыехалі ў Мінск, каб дамагчыся права служыць у Беларусі і Беларусі.

Яны ведалі, якія масавыя страты неслі савецкія войскі падчас лабавых атак, у многіх загінулі родныя, некаторыя самі удзельнічалі ў афганскай вайне. Яны разумелі, што афіцыйныя мерапрыемствы каля велізарных манументаў, парады, салюты, ўрачыстыя сходы і сапраўдны смутак па загінулым — розныя рэчы.

Таму прапанавалі, згодна з традыцыямі нашага народа, прыйсці ў гэты дзень да магілаў палеглых. Далей гэтую традыцыю падтрымлівалі актывісты БЗВ, потым — Народнай Грамады.

У другой палове 90-х традыцыя была дапоўненая. Тады людзі актыўна пратэставалі супраць спроб «на каленях паўзці» ў Расію і цягнуць туды Беларусь. Многім прыйшлося пазнаёміцца з ўмовамі «ізалятара для правапарушальнікаў» на вуліцы імя лётчыка Акрэсціна, загінуўшага ў 1944 ва ўзросце 21 год. Я там агулам правёў каля года.

Каб абараніць гонар маладога героя, які не можа мець нічога агульнага з пэнітэнцыярнай ўстановай на вуліцы яго імя, мы пачалі ўскладаць кветкі і да яго магілы.

Наша традыцыя захоўвалася дзесяцігоддзямі. У тым ліку і тады, калі кіраўніцтва Народнай Грамады было ў зняволенні. Захоўвалася яна і апошнія 6 гадоў. Сёння яна была зноў працягнутая.

Зараз гісторыя паўтараецца. Зноў распачатая вайна з мэтай ўзяць рэванш за прайграную, толькі ўжо не першую сусветную, а трэцюю сусветную «халодную» вайну, зноў спрабуюць вярнуць страчаныя тэрыторыі, толькі не Данцыг і Эльзас, а Крым і ўсю Украіну, зноў «бароняць правы суайчыннікаў», толькі не ў Судэтах, а на Данбасе, зноў хочуць збудаваць свой мир, толькі не «арыйскі», а «русский».

І спрабуюць скарыстаць у сваёй вайне тых, хто змагаўся і загінуў спрабуючы спыніць ўсё пералічанае. Мёртвыя не вінаватыя, калі іх скарыстоўваць у палітычных гульнях ды інфармацыйных войнах.

Яны не могуць ўстаць з магіл, каб абараніць сябе. Як не можа ўстаць з магілы на Вайсковых могілках лётчык Акрэсцін, каб запярэчыць таму, што яго імя ў вачах усёй планеты звязалі з месцам, дзе людзей катавалі за іх перакананні.