Рыжычэнка: «На рынку настолькі не хапае працоўных рук, што неабходна выводзіць на працу пенсіянераў»

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па пытаннях эканомікі — пра вымушаных працаваць пенсіянераў і тое, як гэта адбіваецца на эканамічным стане.

Аліса Рыжычэнка выказалася наконт працы пенсіянераў, якія па словах чыноўнікаў, зараз таксама забяспечваюць прырост працоўных рэсурсаў.

— Тое, што зараз пенсіянеры вяртаюцца на рынак працы, сведчыць аб двух фактарах, — адзначае экспертка на Еўрарадыё. — Першы — гэта тое, што на рынку настолькі не хапае працоўных рук, такі дэфіцыт кадраў, што неабходна выводзіць на працу пенсіянераў.

Аліса Рыжычэнка

І другое: калі, напрыклад, нейкі бухгалтар у 70 год выходзіць на працу — гэта кажа не пра тое, што ён адчувае сябе так добра, што згодны працаваць, а пра тое, што яму не хапае яго пенсіі, каб пражыць.

Умоўна, мець магчымасць пакупаць нармальную ежу, наўпрост добра харчавацца, дапамагаць сваім дзецям, пакупаць адзенне, лекі — пра гэта гаворка.

Бо з афіцыйнай статыстыкі вядома, што Беларусь перайшла тую мяжу, калі кожны чацвёрты чалавек у краіне — гэта пенсіянер. І гэта праблема: працоўных становіцца менш, пенсіянераў больш, пры гэтым эканоміка скарачаецца.

Рыжычэнка падкрэслівае, што ў такіх умовах і нізкі паказчык беспрацоўя таксама з’яўляецца дрэнным сімптомам.

— Калі б у нас беспрацоўе скарачалася за кошт таго, што развіваецца эканоміка і ствараюцца новыя працоўныя месцы, было б добра.

Але ўзровень беспрацоўя менш за 2,5% сведчыць аб праблемах, пра якія неаднойчы казала. Той жа бізнес вымушаны браць на працу часта няякасных, некваліфікаваных спецыялістаў і плаціць ім павялічаныя заробкі, таму што больш няма каму працаваць.

І ад гэтага перш за ўсё пагаршаецца якасць таго, што вырабляецца, і тых паслуг, якія аказваюцца. Гэта праблема ўсёй эканомікі.

Насамрэч вельмі шкада, што пенсіянеры вымушаны ісці на працу, шкада, што так адбываецца, бо яны працавалі ўсё сваё жыццё для таго, каб выйсці на пенсію і жыць, напрыклад, як у краінах Еўразвязу, дзе такія людзі жывуць на сваё задавальненне.

То бок яны дзеля гэтага і працавалі, каб нарэшце натхняцца, займацца сваімі справамі, мець магчымасць нейкіх адпачынкаў, вандровак і гэтак далей.

Але для беларускіх пенсіянераў гэта ўсё мара, якая не можа стаць рэальнасцю, таму што сапраўдны адпачынак немагчымы з тым узроўнем пенсіі, якая сёння ёсць.

Зараз памер пенсіі ў Беларусі складае каля 36% ад сярэдняга заробку. Гэтых грошай наўрад ці хопіць, каб нармальна жыць. Таму пенсіянеры і ідуць працаваць.

А прадпрыемствы, дзе ёсць вакансіі, вымушаны браць іх на працу, бо больш няма каму працаваць. Яны таксама бяруць і студэнтаў, якія яшчэ не скончылі навучанне.

З аднаго боку, добра, што тыя маюць магчымасць атрымліваць практычны вопыт. Але, з іншага, калі студэнты таксама вымушаны працаваць, каб дапамагаць сабе жыць, у накірунках, якія не датычацца іх кваліфікацыі, гэта перашкаджае ім атрымліваць добрую адукацыю і сканцэнтравацца на навучанні.

На жаль, у гэтым шмат негатыўных наступстваў для беларускай эканомікі. Пытанне выплаты пенсій ужо зараз з’яўляецца праблемай. Напэўна праз тры-чатыры гады будзе яшчэ больш складана яго вырашаць.