«Пуцін спрабуе скарыстаць Беларусь як козыр у апошняй частцы гэтай вайны»

Ва Украіне абмеркавалі, як не дапусціць адкрыцця новага фронту расійскай агрэсіі.

23 чэрвеня ва Украіне адбыўся міжнародны круглы стол, на якім палітыкі, эксперты і грамадскія дзеячы з Украіны, Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі абмеркавалі «беларускі фактар у сістэме ўкраінскай бяспекі» і небяспеку пашырэння расійскай агрэсіі праз уцягванне Беларусі наўпрост у поўнамаштабную вайну.

На думку пасла МЗС Украіны па асаблівых даручэннях па пытаннях дэмакратычных трансфармацый, узаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін Яраслава Чарнагора, датычна Беларусі «ўсё рухаецца такім чынам, як і павінна было быць»:

— Я бачу пэўную логіку развіцця падзей. Калі пасля 2022 года ў інтарэсах Украіны было не абвастраць пытанне Беларусі, то цяпер мы не можам не заўважаць таго, што адбываецца — бо гэты час быў выкарыстаны рэжымам Лукашэнкі для таго, каб падрыхтавацца, назапасіць сілы і скіраваць іх на падтрымку расійскай арміі. І сёння Украіна не можа ігнараваць размяшчэнне тых жа рэтранслятараў на беларускай тэрыторыі.

Афіцыйны Мінск, мабыць, у сілу сваёй залежнасці ад Крамля, не зразумеў папярэдніх ціхіх намаганняў Украіны, таму цяпер гэта ўжо выйшла на больш публічны ўзровень і дайшло да заяў з вуснаў прэзідэнта Украіны.

Кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне Святлана Шаціліна звярнула ўвагу ўкраінскіх і еўрапейскіх палітыкаў і медыя на тое, што рэжым Лукашэнкі — не роўна Беларусь і беларусы, але ж шмат год несвабоды аказалі негатыўны ўплыў на грамадства:

Лукашэнка 30 год імкнецца прадаць наратыў: маўляў, хай я дыктатар і ў краіне няма дэмакратыі, але ў нас няма вайны. Таму беларускае грамадства ўнутры краіны сёння знаходзіцца ў сітуацыі неразумення таго, што адбываецца.

І трэба мець на ўвазе гэты аспект, каб мы насамрэч змаглі дастукацца да людзей, якія, на жаль, працуюць на прадпрыемствах, што вырабляюць снарады для расійскай арміі, якія лякуюць салдат, якія шыюць адзенне для расійскага войска.

Медыяамбудсмен Літвы Дайнюс Радзявічус зазначыў, што РФ зацягнутая ў вайну па макаўку, а рэжым Лукашэнкі — прыкладна па шыю:

— Другой памылкі, саўдзелу ў новай агрэсіі ён дапусціць не можа. Уцягванне свайго народу, сваёй краіны ў вайну было б трагедыяй і для яго персанальна, і для ягонага рэжыму і, канешне, для людзей. Тактычна на сёння, Літва гэта адчувае, з Беларусі мы бачым і дэзынфармацыйныя атакі, і атакі балонаў, якія перашкаджаюць нам. Аднак разам з тым мы бачым і палітычныя размовы з амерыканцамі, і іншыя сігналы, якія сведчаць аб тым, што рэжым Лукашэнкі не хоча быць уцягнутым у вайну з краінамі НАТА і нават з Украінай.

Мы мусім даць зразумець, што ў руках беларусаў, у тым ліку сілавікоў і іншых паслугачоў рэжыму, не зрабіць так, каб у параўнанні з Крымам і з Масквой Беларусь перажыла штосьці, што ёсць сапраўднай вайной. То бок, трэба казаць не толькі пра пагрозы для нас, але і даць зразумець гаспадару «беларускага балкону», якія пагрозы ёсць для яго.

— Беларусь не можа лічыцца асобнай пагрозай, —перакананы аглядальнік «Латвійскага радыё» Эдуардас Лініньш, —яна ёсць толькі дадаткам расійскай агрэсіі. І я мяркую, усе разумеюць: у выкарыстанні беларускіх вайскоўцаў для Расіі больш рызыкаў, чым магчымасцяў. Хоць увесь характар расійскай агрэсіі замяшаны на авантурызме, і зусім выключаць такі сцэнар нельга.

Пры тым Беларусь з’яўляецца вялікай пагрозай для суседніх краін, прынамсі Латвіі, з гледзішча гібрыдных формаў агрэсіі, несяброўскіх дзеянняў, таго, што мы называем «шэрай зонай». У тым ліку выкарыстанне несістэмных мігрантаў як формы ціску (пік яго быў у 2023 годзе, аднак летась лічбы зноў выраслі, а сёлета зафіксавана ўжо каля 5,5 тысячы выпадкаў).

Таксама факт, што Беларусь дагэтуль наведваюць штогод у якасці турыстаў некалькі дзясяткаў тысяч грамадзян і жыхароў Латвіі — гэта дае вялікае поле для дзейнасці вярбоўшчыкаў і дадатковую працу нашай службе дзяржбяспекі. Бо спробы стварыць агентуру, шпіянаж, патэнцыйныя дыверсіі — усе гэтыя рызыкі мы ўсведамляем.

Аднак, падкрэсліў прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук, адкрыццё новага фронту з беларускай тэрыторыі не ёсць немінучым.

— Перадусім, гаворка пра страх самога Лукашэнкі за ўласнае жыццё, —мяркуе Кабанчук. — Да таго ж у значнай часткі беларускага грамадства вельмі нізкая матывацыя ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Дадамо досыць абмежаваныя магчымасці беларускай арміі для правядзення наступальнай аперацыі. Плюс вялікія рызыкі дэстабілізацыі існага рэжыму ў выпадку ўцягнення Беларусі ў вайну і, безумоўна, высокая магчымасць жорсткіх міжнародных наступстваў для Мінска.

Што ў такой сітуацыі можа рабіць Украіна, ЕС, НАТА? Мы бачым, што Украіна заняла актыўную пазіцыю стрымлівання рэжыму Лукашэнкі ад удзелу ў вайне. Апроч таго, вельмі важна падзяляць рэжым і грамадства, што Украіна таксама робіць.

Важна падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, беларускіх добраахвотнікаў — яны паказваюць існаванне праеўрапейскай Беларусі, якая імкнецца да бяспекі.

Стратэгічнай жа мэтай для Еўропы наогул, я мяркую, ёсць не толькі недапушчэнне новага наступу з тэрыторыі Беларусі, але захаванне перспектывы суверэннай і незалежнай Беларусі, па-за расійскім палітычным і вайсковым кантролем.

— Вольная Беларусь, мірная Беларусь — гэта нацыянальны інтарэс Украіны, —пагадзіўся з гэтай думкай палітолаг, кіраўнік украінскага Цэнтру аналізу і стратэгій Ігар Чаленка. — Натуральна, вельмі хацелася б, каб нават пры рэжыме Лукашэнкі не адбылося непапраўнага. Аднак, калі прааналізаваць змены, якія адбываліся з 2020 года, што да заканадаўства, адмовы ад нейтралітэту, без’яздзернага статусу — прыгадваецца формула «калі нешта выглядае, як качка, плавае, як качка і кракае, як качка —  гэта качка».

Для мяне цалкам відавочна, што Пуцін спрабуе скарыстаць Беларусь як козыр у апошняй частцы гэтай вайны. Бо ён бачыць, што ніяк не здольны змяніць ход гульні і пераламіць цяперашнюю сітуацыю. Нават сёння, калі пачынаўся наш круглы стол, у Маскве абвясцілі ракетную небяспеку. Таму — Пуцін можа выкарыстаць Беларусь як ціск на ўкраінскую сталіцу (прыгадаем заявы Лукашэнкі пра «адну вялікую цэль»), пагражаць украінскім АЭС, ужыць іншыя сцэнары з рэальнай, не гіпатэтычнай пагрозай.

А патрабаванне пра рэтранслятары — гэта сігнал Кіева да рэжыму ў Беларусі: захавайце статус-кво, не ўцягвайцеся ў вайну. Лукашэнка вагаецца. І трэба павялічваць гэты ціск на яго.