І я думаю, якой упартасцю, якой сілай волі павінен валодаць гэты чалавек, што ўжо трэці раз трапляе на гады за краты, каб і далей не здавацца абставінам — і не толькі палітычным, але і чыста біялагічным. Узрост? Няма ўзросту. Ёсць сіла волі, сіла духу сапраўднага мужчыны, які не здаецца, трымае ўдар.
Фядута: «Ёсць сіла волі, сіла духу сапраўднага мужчыны, які не здаецца, трымае ўдар»
У аўтарскай калонцы на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра былы палітвязень Аляксандр Фядута разважае пра палітычную астраномію.
Астраномію мне ў школе выкладаў Марк Сямёнавіч Гуткін. Дзякуй Богу, ён тады быў зусім яшчэ малады, таму сёння мы з ім можам размаўляць у інтэрнэце і час ад часу абмяркоўваць рух калі не нябесных, дык, прынамсі, палітычных і культурных свяцілаў.
А тады ад яго я ўпершыню даведаўся, чым зоркі адрозніваюцца ад планет, што такое туманнасці, якія існуюць сузор’і — ну і гэтак далей.
Я дагэтуль шкадую, што не ён выкладаў мне фізіку: магчыма, я хоць трохі разбіраўся б і ў гэтай навуцы, якая здолела прымусіць служыць сабе царыцу ўсіх навук — матэматыку.
А так — астраномія. Але я і дагэтуль часам углядаюся ў зорнае неба над галавой і, учытваючыся ў вобразы сусветных класікаў, звязаныя з нябеснымі целамі, думаю, наколькі дакладнымі — ці, наадварот, недакладнымі — бываюць праведзеныя імі паралелі.
І цяпер я ўзгадваю адзін з самых яскравых вобразаў, вычытаны калісьці даўно ў не надта моднага сёння палітычнага эмігранта Аляксандра Герцэна.
Гэты «добры рускі» напісаў неяк пра іншага рускага палітычнага эмігранта, Міхаіла Бакуніна: кожны з нас народжаны пад зоркай, а ён нарадзіўся пад каметай.
Гэта вельмі трапная характарыстыка, якая апісвае траекторыю руху палітычнай асобы, менаванай Бакуніным. Зоркі — гэта тое, чыё святло мы бачым, але не ведаем, наколькі само цела яшчэ жывое. Святло далёкай зоркі можа даходзіць да нас стагоддзямі, можа — тысячагоддзямі. Зоркі ўжо няма, а святло ідзе.
Камета рухаецца ў нас на вачах. Яна можа быць нябеснай доўгажыхаркай, можа з’яўляцца раз, скажам, на стагоддзе, потым знікаць, і толькі астраном будзе здольны вылічыць, існуе яна яшчэ або не, і калі — так, існуе, то калі зноў з’явіцца на нашым небасхіле.
Каметы, як правіла, асацыююцца ў чалавецтва з прадвесцем катастроф. Скажам, у Расіі камету 1812 года менавіта так і ўспрымалі. І нашэсце Напалеона на Расію нібыта менавіта з гэтай каметай і звязвалася.
Я не ведаю, ці была якая-небудзь камета над Кіевам у 2014 ці ў 2022 годзе, але ў дадзеным выпадку яна проста мусіла з’явіцца — хаця б у напаўзапалёнай свядомасці астраномаў.
З’явіцца — а потым перамясціцца куды-небудзь у прастору без подыху і без душы над Масквой і ўжо там прадвяшчаць, кажучы словамі Віктара Шэндэровіча, што вёску Гадзюкіна змые.
Але людзі, народжаныя пад каметай, ад гэтага менш яркімі і трагічнымі не робяцца. Я не ведаю, пад якой зоркай мог нарадзіцца Мікалай Статкевіч, але яўна без каметы не абышлося. Або Ігар Аліневіч.
Іхная зорка ніяк не можа стаяць спакойна на тым месцы, якое адвёў ёй усеваладар і творца Сусвету. Яна мусіць перамяшчацца. Яна мусіць падштурхнуць народжанага пад ёй палітыка да самаахвярнасці ў імя высокай, светлай — і часам заведама недасяжнай ідэі.
Леў Гумілёў называў такіх людзей пасіянарыямі. Томас Карлайл — героямі. Нехта яшчэ з вялікіх (я памятаю гэтыя словы з цытаты, прыведзенай Святланай Алексіевіч, хоць і раней іх чуў) сказаў: «Гора народу, які мае патрэбу ў героях».
Дадам: і яшчэ большае гора народу, які забівае тых, хто мог бы стаць яго героямі.
Я гляджу на цяжкое шэрае неба за акном. Толькі што скончыўся дождж, і свежасць яшчэ не паспела растаць. Я ўспамінаю, як разам з Мікалаем Аўтуховічам мы гулялі ў бетонным дворыку мінскай Амерыканкі. Як Аўтуховіч упарта рабіў практыкаванні, імкнучыся падтрымліваць сябе ў форме, — а яму ўжо было крыху за шэсцьдзесят гадоў.
Калі-небудзь ягоная камета спыніцца, астыне, ператворыцца ў планету, на якой з’явіцца паветра. На ёй можна будзе жыць. Мне хочацца ў гэта верыць. Як можна будзе жыць на прыціхлых у сваім бегу каметах, пад якімі нарадзіліся Статкевіч і Аліневіч.
Ім не далі стаць стваральнікамі — але яны не сталі і разбуральнікамі. Не сталі разбуральнікамі нават уласных жыццяў і ўласных лёсаў.
Яны працягваюць выклікаць захапленне — той сілай, што праносіцца над нашай планетай раз на сто, а можа, і на тысячу гадоў, і аддае часцінку сябе гэтым дзівосным людзям.
Дай Божа, каб яны не астывалі. Тады, магчыма, у нас, хто не надта варты іхнай сілы і душэўнай самаахвярнасці, з’явіцца шанец.
Читайте еще
Избранное