Што тычыцца іншых наступстваў, то такая дэманстрацыя непрызнання Лукашэнкі і намёк на прызнанне Ціханоўскай — гэта спосаб ціску на афіцыйны Мінск. Ціханоўскую ў Кіеве не называлі прэзідэнткай, але прымалі на самым вышэйшым узроўні паводле пратаколу.
Дракахруст: «Прыём Ціханоўскай у Кіеве выглядае як пэўны дэмарш адносна Вашынгтона»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину — пра вынікі візіта лідаркі беларускіх дэмсілаў ва Украіну.
Нядаўна Святлана Ціханоўская наведала Кіеў з працоўным візітам. Якія яго асноўныя вынікі і ці паўплываў ён на статус беларускіх дэмакратычных сіл? «Филин» спыталаў пра гэта палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста.
— Гэты візіт — велізарны поспех Святланы Ціханоўскай, АПК і Паўла Латушкі. Ён падвышае статус дэмакратычных сіл і ва Украіне, і ў Еўропе. Акрамя таго, я б чакаў паляпшэння стаўлення да беларусаў ва Украіне ў розных сферах, — кажа Дракахруст.
— Да 2022 года стаўленне ўкраінцаў да беларусаў было вельмі добрым, пасля — абвал. Па свежых дадзеных сітуацыя фактычна такая ж, як у 2022 годзе: калі казаць пра народ, які выклікае адмоўнае стаўленне, то на першым месцы для ўкраінцаў — расейцы, на другім — беларусы. Але прыём Ціханоўскай, думаю, крышачку палепшыць сітуацыю. Таму што гэта сустрэча з іншай Беларуссю. А паводле заяваў ўкраінскага боку — хіба нават з першай.
Таму што, калі Лукашэнка сказаў, што быў бы не супраць сустрэцца з Зяленскім, міністр замежных справаў Украіны сказаў, што ім ёсць з кім паразмаўляць пра Беларусь. Падчас візіту Ціханоўскай Уладзімір Зяленскі ў акуратнай і іранічнай форме сказаў тое самае.
Такая сустрэча ўпісана ў шэраг заяваў і дзеянняў ўкраінскага боку. Іх сэнс у тым, што рэзка вырасла ваенная пагроза з боку Беларусі, што лукашэнкаўская Беларусь гатова напасці на Украіну. У адказ Украіна ўводзіць санкцыі, у тым ліку персанальныя, з боку Зяленскага — намёк, што ўкраінскія спецслужбы могуць выканаць нейкія функцыі адносна кіраўніцтва Беларусі, а кіраўнік дронавых сіл заявіў, што ў іх ёсць 500 цэляў у Беларусі на алоўку. У гэтым сэнсе візіт Ціханоўскай упісаны ў гэту лінію. Іншая справа, куды гэта лінія вядзе.
Палітычны аглядальнік разважае: калі ўявіць, што ўкраінцы дакладна ведаюць, што з тэрыторыі Беларусі будзе напад, тады гэта стратэгія не пазбаўленая рацыі.
— У гэтым сэнсе яна нагадвае паводзіны ЗША перад 24 лютым 2022 года, калі Вашынгтон ўпэўнена казаў, што рускія абавязкова нападуць. І тады гэтая рыторыка і прыём Ціханоўскай маюць сэнс. Калі штосьці адбудзецца, ўкраінскі бок зможа сказаць, што папярэджваў.
Калі гэта не так і дакладных ведаў няма, то цяжка ацаніць эфектыўнасць гэтай стратэгіі. Бо, па ідэі, тут мэта — уздзейнічаць на Лукашэнку, каб ён на гэта не пайшоў. Але, ізноў жа, з Кіева гучаць словы кшталту: Лукашэнка — ніхто, ён нічым не кіруе, усім кіруе Пуцін. Калі гэта так, то які сэнс яго палохаць? Палоханне Лукашэнкі не палохае Пуціна.
Але, магчыма, ёсць нейкія разлікі. Часам мы, аналітыкі, робім нейкія высновы, але ў нас няма сваёй разведкі. Але ва Украіне і іншых заходніх краінах яны ёсць. Таму мы можам толькі гадаць, а яны — ведаць.
Пры гэтым усе вайсковыя эксперты і ўкраінскія памежнікі кажуць, што не бачаць прыкметаў падрыхтоўкі нападу. Тым больш, што іх не схаваеш. Але разведкі могуць ведаць рознае. І калі казаць пра двухбаковыя адносіны, пра ваенную сітуацыю, то новая лінія Украіны — прадухіліць напад. Напэўна, ва Украіны ёсць такія ацэнкі.
Апроч таго, адзначае Юры Дракахруст, новая палітыка Украіны адносна Беларусі — пэўны сігнал у адрас Еўропы і ЗША.
— Падчас уручэння прэміі Карла Вялікага некалькі год таму еўрапейская дыпламатыя, наколькі я ведаю, працавала над тым, каб Зяленскі і Ціханоўская сустрэліся хаця б на некалькі секунд і паціснулі адзін аднаму руку. А цяпер прамое запрашэнне. Так што, у які бок Еўропа падштурхоўвала Кіеў, у такі ён і пайшоў.
Зразумела, што не толькі пад ціскам Еўропы, але і паводле сваіх меркаванняў і ацэнак.
Таксама прыём Ціханоўскай у Кіеве выглядае як пэўны дэмарш адносна Вашынгтона. Мы бачым, якую палітыку вядуць ЗША ў дачыненні да Беларусі: працэс вызвалення палітвязняў, зняццё санкцый, ціск на Літву, Польшчу і Украіну, каб далі калідор на беларускія калійныя ўгнаенні. А нядаўна Трамп нават публічна падзякаваў Лукашэнку за вызваленне палітвязняў.
Прыём Ціханоўскай у Кіеве — частка дэманстрацыі таго, што Кіеў не хоча легітымізацыі Лукашэнкі, нармалізацыі адносінаў з ім, і каб ён быў выведзены ад адказнасці за вайну. Яны паказваюць Трампу, што калі для ЗША ён «высокапаважаны прэзідэнт», то для іх — ніхто.
Читайте еще
Избранное