Беларусь – не Россия

Андрэй Кныш

Чаму адэпты «русского мира» баяцца і ненавідзяць беларускую лацінку

«Салідарнасць» працягвае расказваць пра тое, што нас адрознівае ад расейцаў.

Беларуская мова мае тры алфавіты: кірылічны, лацінскі і арабскі. Такому багаццю графічнай сістэмы мы абавязаныя нашаму мінуламу часоў ВКЛ. Гэта адно з найважнейшых  адрозненняў Беларусі ад Расіі, дзе існуе адзін кірылічны алфавіт.

І гэты неаспрэчны факт выклікае шал у адэптаў «русского мира». Часцей за ўсё яны націскаюць на тое, што беларуская лацінка нібыта нікому не патрэбная і занадта складаная, але сапраўдная прычына іх страхаў і нянавісці ў іншым.

Былы віцебскі чыноўнік Андрэй Герашчанка, які ніколі не хаваў сваіх прарасійскіх поглядаў і грэблівага стаўлення да беларускай мовы, колькі год таму абураўся тым, што «странная, неудобная и неизвестная «белорусская латинка» пачала выцясняць з гарадскіх шыльдаў «русские названия».

Прапагандыст з Мінска Мікалай Валовіч называе лацінку сімвалам «польского угнетения», яе літары — «нетрадиционными кракозябрами», а нават абмежаванае яе вяртанне ва ўжытак расцэньвае не іначай, як «шаг в направлении дальнейшего размежевания и раскола русского мира».

У красавіку 2023-га Дзяржкамітэт па маёмасці сваёй пастановай адмяніў патрабаванне транслітараваць геаграфічныя назвы ў Беларусі толькі з беларускай мовы і выкарыстоўваючы традыцыйную беларускую лацінку. Гэтае патрабаванне дзейнічала больш за два дзясяткі гадоў.

Няпростыя адносіны Расіі з лацінскім алфавітам

У Расіі ва ўсе часы пытанне існавання лацінкі было палітычным. Супраць яе змагаліся царскія ўлады, матывуючы гэта барацьбой з польскімі ўплывамі. Пасля задушэння паўстання 1830-1831 гадоў нават была зробленая спроба стварыць кірыліцу для польскай мовы.

Лацінку забаранялі на тэрыторыях колішняга ВКЛ. Сітуацыю ратавалі кніганошы, якія кантрабандай дастаўлялі выданні, надрукаваныя лацінскім алфавітам у Еўропе.

На пачатку ХХ стагоддзя забарона была знятая. Пачалі выдавацца кнігі і газеты. Лацінкай нейкі час друкавалася  «Наша Ніва». Адроджанае на пачатку 1990-х выданне сёння мае лацінскую версію сайта — даніна павагі той традыцыі.

Бальшавікі ў пачатку 1920-х узялі лацінку на ўзбраенне. Пачалася маштабная праца па пераводзе нацыянальных моваў маладой савецкай імперыі на лацінскі алфавіт. Але Сталін згарнуў працэс, калі надзея на сусветную рэвалюцыю пачала згасаць.

У постсавецкай Расіі пераход яе былых калоній на лацінку расцэньваецца, як спроба дэманстратыўна парваць з супольным мінулым. Адсюль і спецыфічнае стаўленне да яе, якое пераймаюць карысныя памочнікі Крамля ў Беларусі.

Калі ў 1999-м Татарстан зрабіў спробу перайсці на лацінскую графіку, у Маскве канчаткова закруцілі алфавітныя гайкі.

У 2002-м Дзярждума прыняла адмысловую папраўку да закона «Аб мовах народаў РФ», якая патрабуе, каб дзяржаўная мова рэспублікі ў складзе РФ абавязкова выкарыстоўвала алфавіт на аснове кірыліцы.

Тое рашэнне выклікала захапленне ў Расіі далёка не ва ўсіх. Напрыканцы працытуем артыкул расійскай «Независимой газеты», апублікаваны ў 2004-м. Ён і дагэтуль гучыць актуальна і павучальна для ўсіх ідэйных барацьбітоў з лацінкай:

Подобные попытки борьбы с «неприятными» тенденциями кажутся не просто нелепыми, но и опасными. Таким образом воссоздается ситуация второй половины XIX века, когда правительство Российской империи вело «алфавитные войны» со своими польскими, украинскими, литовскими, белорусскими подданными. Им запрещали преподавать и вообще писать на родном языке.

Такие войны оборачивались не «наличием единого алфавитного пространства», которое якобы «является существенным показателем целостности нашего государства», а ростом сепаратистских настроений. Чем это закончилось в 1991 году, мы уже знаем.

***

Карысны рэсурс: Латынкатар — анлайн-перакладчык з кірыліцы на лацінку.