Беларускамоўнаму хлопцу з ДЦП падораць «Каласы пад сярпом тваім»

Пасля віруснага відэа, у якім Павел распавёў пра сваю мару.

Павел. Скрыншот з відэа @belrels 

Павел стаў героем роліка мінскага блогера Дзмітрыя Жыха (Belrels). Шмат каго гэтае інтэрв’ю кранула да слёз. Шчыры хлопец з інваліднасцю выпраменьвае дабрыню і аптымізм.

Павел распавёў, што даўно марыць набыць раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Але кніга каштуе дорага.

У каментарах у Трэдсе людзі заклікалі Oz.by падараваць кнігу хлопцу, некаторыя былі гатовыя здзейсніць і іншыя ягоныя мары і паўдзельнічаць фінансава. Кнігарня, дарэчы, адгукнулася і напісала, што з задавальненнем падаруе раман, пра які марыць Павел.

Кнігарня MARKS пакінула для Паўла сертыфікат у краму наміналам 500 рублёў: «Няхай людзі і кнігі працягваюць дарыць вам святло!»