Скандалы

Асабістая лекарка Лукашэнкі стала ўладальніцай сеткі аптэк

Бюро – пра тое, што Алена Казак валодае аптэкамі «Лігматон» са жніўня 2024 года.

Алена Казак (крайняя злева) на вечарынцы Antiage Clinic. Крыніца: Інстаграм

Як даведалася «Бюро», у жніўні 2024 года кампанія «Лігматон», якой раней валодалі Георгій Тапузідзіс і ягоная маці Галіна Пятровіч, была перааформленая на Алену Казак. Дзякуючы «Кіберпартызанам» журрналісты змаглі высветліць, што асабістая лекарка Лукашэнкі працаўладкаваная ў кампаніі з ліпеня 2024 года.

Георгій Тапузідзіс – сын буйнога беларускага бізнэсоўца і «кашалька» Лукашэнкі Паўла Тапузідзіса.

Павел Тапузідзіс разам са сваім бізнэс-партнёрам Віктарам Пятровічам кантралюе «Тытунь-Інвест», развівае сетку гандлёвых цэнтраў і гіпермаркетаў «Карона», а таксама звязаны з тытунёвай вытворчасцю і іншымі буйнымі бізнэс-актывамі ў Беларусі.

Першапачаткова новая ўладальніца была пазначаная ў дадзеных кампаніі як Алена Уладзіміраўна Казак. «Бюро» не ведае, ці было гэта зроблена наўмысна або памылкова, аднак пазней імя па бацьку памянялі.

Недзе ў перыяд паміж лютым 2025 года і жніўнем 2026 года Алена Казак ператварылася з Уладзіміраўны ў Георгіеўну. Пры гэтым запіс пра структурныя змены кампаніі не ўносіўся, а мяркуючы па актуальнай выпісцы, менавіта асабістая лекарка Лукашэнкі валодае аптэкамі «Лігматон» са жніўня 2024 года. Дырэктаркай фірмы, як і раней, засталася Галіна Пятровіч, маці Георгія Тапузідзіса.

Кампанія «Лігматон» валодае сеткай аптэк ва ўсёй Беларусі, а таксама ўдзельнічае ў дзяржаўных тэндарах на пастаўку разнастайных медыкаментаў. Выручка кампаніі ў 2025 годзе склала 83,6 мільёна рублёў, а чысты прыбытак 2,79 мільёна.

Раней «Бюро» здолела даведацца, што яшчэ адна фаварытка Аляксандра Лукашэнкі звязаная з кампаніяй «Лігматон». З ліпеня 2024 года Марыя Васілевіч, былая дэпутатка, лічыцца там вядучай спецыялісткай па камерцыйнай дзейнасці.